Воскресенье, 26 сентября 2021

Косаўскі расстрэл

113

Уздымаючы тэму аб‘яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, хочацца нагадаць і гэты гістарычны факт. Ён яскрава раскрывае сутнасць палітыкі польскіх уладаў, якія гаспадарылі на заходніх землях у 30-я гады мінулага стагоддзя, і вылучаліся сваёй жорсткасцю і зверствам у дачыненні да нашых продкаў. Здавалася б, што падзеі, якія адбываліся ў Косаве, ніякім чынам тэрытарыяльна з нашым раёнам не могуць быць звязаны. Гэта не зусім так: у міжваенны перыяд Косава было павятовым цэнтрам, у які ўваходзіла і Ружанская гміна. А гэта — значная частка цяперашняй Пружаншчыны.

У маі 1926 года быў здзейснены дзяржаўны пераварот у Польскай Рэспубліцы. Галоўная дзеючая асоба ў гэтым перавароце – Юзэф Пілсудскі. Ён адразу ж заявіў пра ўсталяванне санацыйнага рэжыму. Для беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі санацыйны рэжым азначаў толькі значнае пагаршэнне становішча. Суб’екты палітычных працэсаў былі пастаўлены ў такія ўмовы, што даводзілася літаральна хадзіць па лязу. Улады лічылі нармальнай з’явай пастаянныя арышты палітычных дзеячаў. Былі кінуты за краты многія актывісты Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Напачатку 1927 года справа дайшла да забароны дзейнасці гэтай арганізацыі. Імкліва павялічвалася колькасць закрытых беларускіх школ.

Факт разгрому БСРГ, арышту кіраўнікоў і актывістаў дадзенай арганізацыі быў з вялікім абурэннем сустрэты левымі сіламі. 3 лютага 1927 г. Косаўскі райкам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) арганізаваў у горадзе Косава, які тады быў цэнтрам аднайменнага павета, масавую дэманстрацыю сялян у знак пратэсту. Галоўным арганізатарам дэманстрацыі выступіў сакратар райкама, паэт, пісьменнік Піліп Пястрак.

У якасці дэманстрантаў выступіла без малога 1600 чалавек. Вось лозунгі, пад якімі праводзілася дэманстрацыя: “Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!”, “Няхай жыве Савецкая Беларусь!”. Жыхары г. Косава праз шмат гадоў успаміналі, што ўдзельнікі дэманстрацыі ўпэўнена ішлі з чырвонымі сцягамі, натхнёна спявалі “Інтэрнацыянал”. Месцам мітынгу стала рынкавая плошча. Тут камуністычныя дзеячы выступілі з яскравымі прамовамі. Улады накіравалі ўзброеную групу паліцэйскіх. Паліцэйскія пайшлі на ўчыненне самага сапраўднага злачынства. Менавіта так трэба расцэньваць прымяненне агнестрэльнай зброі. І як вынік: шэсць дэманстрантаў былі пазбаўлены жыцця, яшчэ 35 атрымалі раненні з той ці іншай ступенню цяжкасці. Можна адназначна сцвярджаць, што распараджэнне польскай паліцыі адкрыць агонь па дэманстрантам зыходзіла ад кіраўніка горада Косава Уладзіслава Станішэўскага. Паліцыя таксама арыштавала 10 удзельнікаў дэманстрацыі.

Пахаванне забітых дэманстрантаў датуецца 4 лютага. Чакаемым было тое, што развітанне з ахвярамі злачынства пілсудчыкаў вылілася ў маніфестацыю пратэсту. Вельмі аператыўна з’явіўся зварот Цэнтральнага камітэта КПЗБ да ўсіх рабочых, сялян і салдатаў. Ён заклікаў да бесперапыннага змагання з санацыйным рэжымам. Улічваючы падобныя настроі, польскі ўрад адправіў Станішэўскага ў адстаўку. (Невядомы дакладна яго далейшы лёс, але яго сваякі лічаць, што ён быў расстраляны ў Катынскім лесе).

Менавіта косаўскі расстрэл з’явіўся пускавым механізмам гісторыі тэрору польскіх уладаў на акупаваных імі землях Заходняй Беларусі. Гэты тэрор не спыняўся ажно да пераломнай восені 1939 года, калі Заходняя Беларусь была ўключана ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

55 гадоў таму ў горадзе Косава з’явіўся абеліск, усталяваны ў памяць аб згаданай дэманстрацыі (на здымку).

Міхаіл Стралец, гісторык, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта