Воскресенье, 1 ноября 2020

Стало известно ещё об одном пружанце погибшем в Афганистане

1 290

Афіцыйная статыстыка сцвярджае, што падчас выканання інтэрнацыянальнага абвязку ў Афганістане загінулі 12 ураджэнцаў раёна. Аднак з цягам часу становяцца вядомыя новыя факты пра нашых землякоў, якія аддалі свае жыцці ў тыя гады. Таму працягваецца работа па пошуку звестак пра ўсіх пружанцаў, загінуўшых у Афганістане. Нядаўна стала вядома пра яшчэ аднаго нашага земляка. Вячаслаў Кузьміч Панамарэнка нарадзіўся ў 1946 годзе на Пружаншчыне ў сям’і ваеннаслужачага і доўгі час жыў у нашым раёне. Тут жа Слава хадзіў у школу, магчыма, яшчэ жывыя яго настаўнікі, сябры, людзі, хто памятае юнака.

Пасля таго, як яго бацька закончыў службу, яны пераехалі ў г.Балаклея Харкаўскай вобласці, і з гэтага горада пачалася вайсковая кар’ера Вячаслава. Адразу паступіў у Славянскае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі. У 1968 годзе В.К.Панамарэнка напісаў рапарт на службу ў армейскай авіяцыі і атрымаў накіраванне ў Херсонскі авіяатрад у званні лейтэнанта.

Давялося служыць Вячаславу Кузьмічу ў Адэскай і Забайкальскай ваенных акругах, лятаў у небе над Чэхаславакіяй.

У жніўні 1985 года капітан Панамарэнка атрымаў новае назначэнне — у Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан, горад Газні. За месяц службы Вячаслаў Кузьміч у якасці старшага тэхніка верталета МІ-6 выканаў больш за 40 баявых вылетаў.

Экіпажы яго эскадрыллі атрымалі 17 верасня 1985 года загад на дастаўку грузаў на месца правядзення баявой аперацыі. Падчас перавозкі ГЗМ у паветры спрацавала выбуховае ўстройства, закладзенае дыверсантамі ў бочку з гаручым. У выніку на борце ўзнік пажар, верталёт пачаў падаць і пры сутыкненні з зямлёй узарваўся. Капітан Панамарэнка загінуў разам з экіпажам…

Вячаслаў Кузьміч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна. Пахаваны наш зямляк у г.Балаклея, яго прозвішча ўвекавечана на помніку загінуўшым у Афганістане жыхарам гэтага горада. Сёння ў Херсоне яшчэ жыве маці героя. Таксама, як паведамляе Балаклейскі савет ветэранаў Афганістана, рыхтуецца да выдання кніга «Доблесць, гонар і адвага Афганістана» пра загінуўшых і жывых удзельнікаў вайны ў ДРА, сярод якіх будзе і наш зямляк Вячаслаў Кузьміч Панамарэнка.
Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *