Четверг, 20 января 2022

Ярка і прыгожа адсвяткавалі «Дажынкі» ў ААТ «Мурава»

1 030

Самы жаданы і чаканы час для хлебаробаў – заканчэнне жніва. Менавіта дажынкі даюць невялікую перадышку, дазваляюць азірнуцца назад, парадавацца намалотам і, як без гэтага, спланаваць далейшыя работы ў полі. Вось і ў мінулую суботу залацісты сноп і духмяны каравай на ўрачыстасці ў ААТ «Мурава» сведчылі, што прыйшла пара аддзячыць хлебаробам за працу.

Колькі гадоў запар на фінішы жніва ў гаспадарцы праводзяцца дажынкі, сказаць не бяруцца нават яе старажылы. Ушаноўваць не толькі лепшых працаўнікоў уборачнай, а і ўвогуле ўсіх, хто аддаваў свае сілы на вырошчванні новага ўраджаю, сапраўды, цудоўная традыцыя. Месца святкавання таксама было праверанае часам – Мураўскі СДК, зала якога ледзь умясціла герояў урачыстасці, жыхароў і гасцей аграгарадка. Так, свята хлебаробаў – свята ўсіх без выключэння, таму што працавалі аграрыі, у першую чаргу, для нашай харчовай бяспекі.

Галоўны аграном ААТ «Мурава» Сяргей Сяргеевіч Сцяпанаў.

І спрацавалі няблага. Галоўны аграном ААТ «Мурава» Сяргей Сцяпанаў расказаў, што збожжавымі і зернебабовымі культурамі ў гэтым сезоне было занята 1282 гектары – на 50 менш, чым летась. Справа ў тым, што падчас мінулай пасяўной вырашылі скараціць плошчы азімых культур. Затое кукурузы пасеялі больш. Яе ўборка яшчэ наперадзе.

Са збожжавымі справіліся за 17 дзён, хаця не абышлося без сюрпрызаў ад надвор’я. На палях гаспадаркі падчас уборачнай шчыравала сем камбайнаў. Два іх – «Ліда 1300» і «КЗС-10» – з вялікім стажам. Удзельнічалі ў жніве таксама камбайны «КЗС-1218» і адзін «Джон Дзір».

Каб ураджай быў якасна дапрацаваны, у гаспадарцы ёсць тры КЗС. Два з іх знаходзіцца ў Мураве, яшчэ адзін у Навасёлках. Асаблівасць таварыства ў тым, што яно вырошчвае элітнае насенне для сябе і на продаж. Пры кожным зернетоку ёсць асобная лінія па дапрацоўцы насення, а яго нарыхтавалі дастаткова. Калі ж казаць пра ўраджайнасць, то, вядома, разлічвалі на большую. Летась сабралі з гектара 53,7 цэнтнераў, у гэтым сезоне – 50,1. Тым не менш, на дадзены момант гэта самая высокая ўраджайнасць сярод гаспадарак раёна.

Дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Мікалаевіч Білецкі, начальнік мехатрада Уладзімір Уладзіміравіч Карунас і камбайнер Станіслаў Станіслававіч Таразевіч.

За паказчыкамі заўсёды стаяць людзі. У ААТ «Мурава» гэта выдатна разумеюць. Таму і галоўны аграном С.С.Сцяпанаў, і дырэктар таварыства П.М.Білецкі са сцэны дзякавалі ўсім работнікам гаспадаркі. «Кожнае зярнятка – вынік нашай агульнай работы, — сказаў Сяргей Сяргеевіч. – Усе мы працавалі на ўраджай. Хочацца верыць, што ў наступным годзе ён будзе яшчэ лепшым».

Пётр Мікалаевіч, звяртаючыся да работнікаў, падкрэсліў:
– З гонарам кажу, што са жнівом мы справіліся. Паклалі ў засекі больш за 6400 тон збожжа. Сёлетні дзяржзаказ – 800 т – мы выканалі за адзін дзень! Гэта быў своеасаблівы рэкорд! У цэлым жніво прайшло без збояў і надзвычайных сітуацый. За ўсім гэтым – ваша праца, адказнасць, узаемаразуменне. Нізкі паклон усім, сямейнага шчасця і дабрабыту!

Выдатны настрой гледачоў падтрымлівалі салісты Мураўскага і Навазасімавіцкага СДК. Свае выступленні яны дарылі героям жніва, якія падымаліся на сцэну.

Камбайнер Вадзім Анатольевіч Рудчык.

Першымі, як і належыць, ушаноўвалі камбайнераў. Імі гаспадарка ганарыцца асабліва: сёлета на жніве былі два экіпажы-тысячнікі. Але ж лепш за ўсіх спрацавалі Вадзім Рудчык і Іван Улезла. На камбайне «КЗС-1218» яны намалацілі 1203 тоны збожжа.

Працоўны шлях Вадзіма Анатольевіча ў «Мураве» пачаўся амаль 15 гадоў таму. Прыйшоў сюды адразу пасля заканчэння школы. Паспеў папрацаваць слесарам і трактарыстам. Апошнія пяць гадоў шчыруе на камбайне. Гэтае жніво для Вадзіма Анатольевіча яшчэ не завершана. Ён разам з некаторымі іншымі камбайнерамі цяпер працуе на палях «Пружанскага райаграсэрвісу», дапамагае закончыць уборку збожжавых. Адразу пасля перасядзе на самаходны апырсквальнік Berthoud Boxer, і толькі потым плануе пайсці ў адпачынак. І правядзе яго, хутчэй за ўсё, дома. Дарэчы, гаспадарка дапамагла з жыллём, і сёння Вадзім, як і многія іншыя работнікі, жыве ва ўласным доме ў в.Навасёлкі.

Вольга Мікалаеўна і Аляксандр Георгіевіч Цабрукі.

Уборку зерня проста немагчыма ўявіць без працы вадзіцеляў. У «бітве за хлеб» на жніве-2021 іх было 12. Добрых вынікаў удалося дасягнуць Аляксандру Георгіевічу Цабруку – вадзіцелю з амаль трыццацігадовым стажам. На сваім «МАЗе» мужчына перавёз 1300 тон збожжа. Але сёлета не ўдалося дасягнуць асабістага рэкорду. Нягледзячы на тое, што ААТ «Мурава» – гаспадарка невялікая, у адзін з сезонаў Аляксандр Георгіевіч здзівіў усіх – перавёз ажно 1800 тон.
Мужчына прызнаецца, што свята дажынак вельмі любіць. Кажа, што гэта магчымасць сабрацца, адпачыць, пагутарыць, ну і, канечне, пачуць імёны лепшых. А яшчэ… нарэшце пабыць з сям’ёй! Разам з бацькам у гэты дзень на сцэну падняўся сын. Андрэй Цабрук таксама з’яўляецца вадзіцелем гаспадаркі. Але і гэта не ўсё! Вольга Мікалаеўна – жонка Аляксандра Георгіевіча і мама Андрэя, ужо дваццатае жніво працуе кладаўшчыком у Навасёлках. На яе плечы таксама кладзецца вялікая адказнасць. «Мы – людзі вясковыя, ведаем цану хлеба. І, хоць уборачная – даволі цяжкі перыяд, але яе любім», — прызналіся Цабрукі.

Працоўную вахту кругласутачна на сваіх участках неслі работнікі КЗС. Іх таксама знайшлі віншаванні і прэміі. Інжынер па працаёмкіх працэсах Мікалай Васільевіч Казлоўскі калісьці будаваў зернятокі, а зараз іх узначальвае. «Нашыя КЗС, хоць і не новыя, але дзякуючы намаганням людзей, працуюць выдатна. Напрыклад, КЗС-30 дазваляе перапрацаваць 30 тон збожжа ў гадзіну. Але, канечне, усё залежыць ад вільготнасці зерня. Усяго падчас уборачнай на кожным зернятоку шчыравалі два работнікі. Нельга забыць і тых, хто абслугоўваў насенняводчую лінію. Адпачынак? Пра яго гаварыць пакуль вельмі рана. Трэба ж яшчэ кукурузу ўбраць! А гэтая работа куды больш складаная», — кажа Мікалай Васільевіч.

«Хто добра працуе – таму смачны абед». Такім дэвізам кіруюцца работнікі пункта прыгатавання ежы ААТ «Мурава», які знаходзіцца непадалёк ад канторы гаспадаркі. У штаце пункта – повар, дзве кухонныя работніцы, яны ж раздатчыцы, і тры вадзіцелі. Трыццаць з трыццаці чатырох гадоў, аддадзеных гаспадарцы, адказвае за якасць гарачага харчавання Антаніна Антонаўна Таразевіч. Сваім хлопцам і дзяўчатам, байцам нябачнага, але такога патрэбнага фронту, як называе работнікаў галоўны бухгалтар, яна пажадала любові і разумення ў сем’ях, поспеху і дабрабыту ў дамах, смачнага караваю на стале і толькі шчасця ў жыцці. А, каб яно было салодкім, Антаніна Антонаўна ўручыла ўсім ім кошык з салодкасцямі.

Повар Таццяна Міхайлаўна Пацапня расказала журналістам, што падчас уборачнай штодзень гатавалі па 70-80 абедаў і вячэр. Работнікаў поля кармілі супам, свежымі салатамі, мяснымі стравамі, частавалі выпечкай. Найбольшай папулярнасцю, дарэчы, карысталася піца, стравы з курыцы і сялянская каўбаса, якую гатавалі самі.

Духмяны каравай ад работнікаў пункта прыгатавання ежы ААТ «Мурава».

Сваё майстэрства работнікі пункта прыгатавання ежы прадэманстравалі напярэдадні свята. Яны выканалі адказную і ў той жа час вельмі прыемную задачу. Духмяныя караваі, якія ўручаліся хлебаробам, выпечаны з мукі новага ўраджаю. Важнейшыя інгрэдыенты, якія дадалі ў шыкоўную выпечку, – любоў і клопат. Магчыма, таму, хлебны водар напоўніў усю залу, а госці свята, якіх частавалі смачнымі булачкамі, выказвалі шчырую падзяку поварам, камбайнерам і ўсім работнікам. Дзякавалі за працу, вытрымку, нястомнасць, добры ўраджай, і жадалі сіл для новых, не менш адказных, работ.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.

Яшчэ больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_280524387