Четверг, 28 марта 2024

Ці не забывае райспажыўтаварыства ў гонцы за прыбыткамі пра патрэбы людзей? Мабільная група райвыканкама правяла маніторынг

1 059

Гандлёвыя аб’екты Пружанскага райспажыўтаварыства, як самага буйнога рытэйлера раёна, дзейнічаюць практычна ва ўсіх буйных населеных пунктах. Апошнім часам многія з іх карэнным чынам змянілі аблічча, аснашчаны новым абсталяваннем, папоўнілі асартымент. Тым не менш, галоўнымі асобамі крам застаюцца іх работнікі. Ці не забывае кіраўніцтва спажывецкага таварыства ў гонцы за прыбыткамі думаць і пра патрэбы людзей?

Каб праверыць, якія праблемы могуць хавацца за прылаўкамі магазінаў згодна з планам правядзення мерапрыемстваў «Тыдзень нулявога траўматызму» мабільная група райвыканкама наведала шэраг гандлёвых аб’ектаў.

Як расказвае кіраўнік мабільнай групы, намеснік старшыні райвыканкама С.М.Ханавец, асноўная задача маніторынгу — кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства па ахове працы.

— У рамках акцыі праводзіцца анкетаванне па ўкараненні канцэпцыі «нулявога траўматызму», з кіраўнікамі арганізацый ладзяцца нарады,— тлумачыць Святлана Ханавец. — Таксама падчас візітаў звяртаем значную ўвагу на ўмовы працы на вытворчых, сацыяльных ці гандлёвых аб’ектах.

Трэба прызнаць, не ўсім убачаным члены групы засталіся задаволенымі. Але ёсць і прыемныя выключэнні. Напрыклад, магазін «Ома» ў плане бытавых і санітарных умоў, створаных для працуючага тут калектыву, можна палічыць узорным. Як і вясковы магазін у аграгарадку Лінова, што на вул.Піянерскай. У будынках прадумана не толькі афармленне гандлёвай залы або складскіх памяшканняў, але і арганізацыя «бытоўкі», дзе людзі могуць у законны перапынак паабедаць. Ёсць і санітарныя пакоі. А вось у новым «Мегаопце» па вул. Г.-Каляды ў кутку стаіць мікрахвалёвая печка, а піць гарбату даводзіцца літаральна «на нагах». На гэта асаблівую ўвагу намесніка старшыні РСТ Д.М.Гульковіча звярнула старшыня раённага аб’яднання федэрацыі прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук. Тым больш, што плошчы дапаможных памяшканняў дазваляюць абсталяваць куток для гэтых мэт. Са свайго боку адказны спецыяліст паабяцаў аператыўна вывучыць пытанне і арганізаваць «бытоўку».

Акрамя санітарна-бытавых умоў, сваю ўвагу члены мабільнай групы звярталі на вядзенне адпаведнай дакументацыі, якая нярэдка з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі пры ўзнікненні спрэчных сітуацый, захаванню патрабаванняў бяспекі на вытворчасці. У цэлым нараканняў на стан спраў у правяраючых не ўзнікла ні падчас наведвання рыбнага цэха камбіната кааператыўнай прамысловасці, ні тэрыторыі гарадскога рынку. Таксама было адзначана добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, члены групы параілі праводзіць ведамасны агляд-конкурс на лепшы кветнік.

Як зазначыла спецыяліст раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ж.М.Клімец, падобныя маніторынгавыя візіты закрануць усе арганізацыі раёна. Пры гэтым выяўленне недахопаў не будзе падставай для прыняцця мер, галоўнае — аказанне практычнай дапамогі ў карэкціроўцы Сістэм кіравання аховай працы з улікам Канцэпцыі Vizion Zero («Нулявы траўматызм») з мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара