Четверг, 20 сентября 2018

140 литров воды в сутки. Много или мало?

1 100

З першага кастрычніка мы вучымся быць больш эканомнымі ў быце: у Беларусі быў уведзены нарматыў спажывання вады. Аднак не ўсе яшчэ разабраліся з новаўвядзеннямі, з гэтай нагоды ў рэдакцыю звяртаюцца чытачы. Пракаментаваць хвалюючыя іх пытанні мы папрасілі начальніка абаненцкага аддзела КУВП «Камунальнік» Г.В.Гаўрылаву.

— Калі разабрацца, у новым механізме аплаты за ваду на самай справе няма нічога складанага, — гаворыць Галіна Восіпаўна. — Цяпер па сацыяльнай цане, менавіта так я б яе назвала, аплачваецца аб’ём вады ў межах 140 літраў на аднаго чалавека ў дзень. За месяц гэта складае прыкладна 4,2 кубаметра. За спажыванне той колькасці  вады, якая перавышае гэтую норму, давядзецца заплаціць па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю затрат.

— А ліміт разлічваецца ў адпаведнасці з колькасцю пражываючых?

— Не. Аплата разлічваецца не па фактычным пражыванні чалавека, а па месцы яго пастаяннай рэгістрацыі.

Аплата ў межах нормы на сённяшні дзень складае: за водазабеспячэнне — 585 рублёў за 1 кубаметр, каналізацыя — 305 рублёў за 1 кубаметр. У выпадку перавышэння ліміту — 1440,9 рубля і 1105 рублёў адпаведна, што прыкладна ўтрая больш. Зразумела, такі разлік робіцца для тых, у каго кватэра ці дом абсталяваны прыборамі індывідуальнага ўліку вады. Астатнім спажыўцам аплата за ваду выстаўляецца па тарыфах поўнай кампенсацыі — з разліку 280 літраў

у суткі на  чалавека.

Акрамя таго, хочацца адзначыць, што налічэнне платы за ваду для грамадзян, якія маюць права на льготу (у асноўным, гэта інваліды І і ІІ груп), застаецца без змяненняў. Кожны з іх па-ранейшаму мае 50%-ю скідку на аб’ём вады ад 35 да 230 літраў за суткі (у залежнасці ад добраўпарадкаванасці жылога памяшкання).

— Многіх кватэраздымшчыкаў сёння цікавіць, па якім тарыфе выстаўляецца аплата, калі ў жыллі ніхто не зарэгістраваны.

— Ніякіх ільгот у такіх выпадках не прадастаўляецца. У выпадку, калі ў жылым доме ці кватэры, абсталяванай прыборамі ўліку вады, ніхто не зарэгістраваны, жыльцам прыйдзецца па поўнай цане кампенсаваць камунальным службам затраты за выкарыстаную ваду.

— У сувязі з новай сістэмай аплаты за паслугі водазабеспячэння ёсць пытанні і ад жыхароў прыватнага сектару, якія трымаюць хатнюю жывёлу. Лю-дзей цікавіць, ці ёсць на яе якая-небудзь норма выдаткаў вады.

— Пытанне натуральнае, паколькі дагэтуль для спажыўцоў, якія жывуць у прыватным сектары, існавала норма для гаспадарчых патрэб, выпайкі жывёлы…  Для тых, хто не мае прыбораў уліку вады, усё застаецца па-ранейшаму. А  для тых, хто паставіў лічыльнікі, незалежна ад таго, на якія патрэбы будзе выкарыстоўвацца вада, аб’ём у 140 літраў па льготнай аплаце выдзяляецца толькі на зарэгістраванага жыльца. На паліў агарода, паенне кароў, догляд свіней і іншай жывёлы норма не распаўсюджваецца. Інакш кажучы, гэтае спажыванне вады ўваходзіць ва ўстаноўлены ліміт.

Нагадаю, што цяпер перадаваць паказанні вады ў абаненцкі аддзел камунальнай службы няма неабходнасці: іх можна называць адразу ў банкаўскім ці паштовым аддзяленні пры аплаце за паслугі. Выключэнне складаюць толькі тыя выпадкі, калі вы жывеце ў інтэрнаце блочнага тыпу, дзе маецца адзін лічыльнік вады на дзве кватэры.

Цікава, а колькі вады выцякала з нашых кранаў да таго, як былі прыняты гэтыя новаўвядзенні?

— Сярэдні паказчык расходу вады па Пружанскім раёне нязначна перавышаў устаноўленую норму: па халоднай вадзе ён складаў каля 70 літраў за суткі, па гарачай — 65-70.

Да слова, у еўрапейскіх краінах людзі даўно навучылі-ся эканоміць: там сярэднясутачны ліміт таксама складае 130-140 літраў на чалавека. І нам трэба зразумець, што гэтая норма была ўведзена з мэтай эканоміі, паколькі вада — рэсурс вычарпальны, таму яго трэба берагчы.

Гутарыла Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *