Воскресенье, 26 сентября 2021

Замежныя грамадзяне могуць прышчапіцца ад каранавіруснай інфекцыі ў Пружанскай ЦРБ

1 040

Грамадзяне 73-х дзяржаў маюць магчымасць з 15 ліпеня зрабіць прышчэпку ад COVID-19. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №251 ад 1 ліпеня бягучага года, для гэтага ім даецца магчымасць прыехаць у Беларусь без візы на тэрмін да пяці сутак. Для гэтага дастаткова пакінуць адпаведную заяўку на партале vaccination.by і дачакацца пацвярджэння. Вакцынацыя праводзіцца ў два этапы з інтэрвалам не менш як 21 дзень і не больш за 90 дзён.

— Нягледзячы на тое, што ў заканадаўстве ўсё прапісана, ад іншаземцаў усё роўна паступае нямала пытанняў на гэты конт, — гаворыць загадчыца Пружанскай паліклінікі Вольга Барысюк. — Для грамадзян іншых краін, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, алгарытм увогуле просты. Дастаткова звярнуцца ў рэгістратуру, дзе вам падкажуць, як трапіць да тэрапеўта. Пасля агляду ўрача выдаецца накіраванне на прышчэпку. Зрабіць яе можна пасля аплаты. Прычым звяртацца неабавязкова ў Пружанскую медустанову: вакцына даступна ў Ружанскай і Шарашоўскай паліклініках, а таксама ў амбулаторыях раёна.

Да ведама, у Пружанскай ЦРБ іншаземцам прапануецца прышчапіцца толькі адной вакцынай — «Спадарожнік V». Увядзенне двух кампанентаў расійскай вакцыны абыдзецца ім у 140 рублёў. На бясплатную прышчэпку, згодна з дзеючымі нарматыўнымі актамі, могуць разлічваць толькі грамадзяне Грузіі і Азербайджана, а расіяне — толькі тыя, у каго ёсць пасведчанне на жыхарства ці афіцыйнае працаўладкаванне. Пасля атрымання другой ін’екцыі выдаецца сертыфікат аб вакцынацыі.


Тым часам, у Пружанскім РЦГіЭ нагадваюць: так, вакцынацыя — гэта права кожнага чалавека, рабіць яе прапануюць, але не прымушаюць. У той жа час, варта ўсведамляць: толькі калі колькасць вакцынаваных людзей перавышае 60%, можна гаварыць пра «калектыўны імунітэт», што дазваляе знізіць інтэнсіўнасць распаўсюджання інфекцыі. Гэта абарона і тых, хто прышчапіўся, і тых, хто па розных прычынах не можа яе зрабіць.

Падрыхтавала Марына Вакульская.