Воскресенье, 5 декабря 2021

З Першым Спасам! Наш «салодкі» рэпартаж з пчальніка ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»

1 067

Традыцыйна сёння, 14 жніўня (1 жніўня па старым календары), адзначаецца першы, Мядовы Спас. Нашы продкі прызначылі гэту дату нездарма. Як расказвае дырэктар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» А.А.Шлёмін, кіраўнік адзінай у раёне арганізацыі, у структурным падраздзяленні якой дзейнічае свой пчальнік, некалі мёд з вулляў збіраўся толькі адзін раз на год, якраз у той перыяд, калі пчолы перастаюць апыляць расліны. І адбывалася гэта тады, калі лета паварочвала на восень. Сёння на палях хапае меданосаў, збор мёду робіцца не адзін раз на сезон. Але Мядовы Спас застаўся адным з самых прыгожых святаў. І райаграсэрвіс падрыхтаваўся да яго належным чынам.

Пчаліная гаспадарка дасталася прадпрыемству, можна сказаць, у спадчыну. Да 80-х гадоў мінулага стагоддзя амаль кожная гаспадарка раёна мела ўласны пчальнік, які патрэбны быў менавіта ў гаспадарчых мэтах: апыляць сады і пасевы.

Потым было вырашана адмовіцца ад няпрофільных актываў, з нагоды чаго на Пружаншчыне было створана адпаведнае аб’яднанне, якое і займалася доглядам пчоласем’яў і аказвала неабходныя паслугі сельгасарганізацыям. Менавіта сюды і атрымаў размеркаванне малады спецыяліст В.С.Хеншаль.

Цяпер Валерый Станіслававіч Хеншаль — сапраўдны карыфей пчалярскай справы, ды яшчэ і з прафесійнай падрыхтоўкай. Так-так, некалі існавалі навучальныя ўстановы, дзе рыхтаваліся пчаляры. Адну з такіх у Брэсце ў свой час ён і скончыў. Напачатку 1980-х В.С.Хеншаль пачаў збіраць пчоласем’і па калгасах, ствараючы вытворчую базу новай арганізацыі. Але ж праіснавала яна нядоўга.

— Справа ў тым, што прыбытак з пчальніка сезонны, а ўкладваць грошы ў яго ўтрыманне трэба круглы год,— тлумачыць пчаляр.— Дзікая інфляцыя 90-х гадоў хутка абясцэньвала грошы, што ў выніку абанкруціла аб’яднанне.

На непрацяглы час спецыялісту давялося мяняць спецыялізацыю, але ж пчальнік усё-такі яго «не адпусціў». Пчаліная гаспадарка некалькі разоў мяняла свой статус у залежнасці ад арганізацыі, у якую перадавалася. У выніку праз некалькі год пчальнік уключылі ў структуру райаграсэрвісу, дзе і працаваў В.С.Хеншаль: тагачаснае кіраўніцтва, калі даведалася аб прафесійнай падрыхтоўцы Валерыя Станіслававіча, то адразу даручыла займацца гэтай справай. Давялося літаральна аднаўляць усю гаспадарку. У тыя гады калгасы для эканоміі грошай набывалі самыя танныя гербіцыды, з-за якіх практычна па ўсёй Беларусі загінула да 80% пчоласем’яў.

Паступова справа выправілася, і сёння на пчальніку акцыянернага таварыства даглядаецца 70 сем’яў. З аднаго боку, гэта можна лічыць вялікай гаспадаркай, але прафесійны пчаляр ведае, што некалі на Пружаншчыне было восем пчальнікоў, на якіх «працавала» больш за тысячу пчоласем’яў. Зараз такую колькасць даглядаць на нашых землях немагчыма: мала садоў, у горадзе і вёсках менш папулярнымі сталі ліпы, з-за змены клімату паменшала ў лесе ягаднікаў. Увогуле пра пчол Валерый Станіслававіч можа расказваць гадзінамі, яго веды можна назваць сапраўднай каштоўнасцю, якую нялішнім было б перадаць наступнаму пакаленню. Паціху гэту высакародную справу пчаляр робіць самастойна, калі расказвае ўсё, што ведае, школьнікам, якія часта бываюць у яго гаспадарцы з экскурсіямі.

— Даглядаць пчол вельмі складана, яны хоць і дробныя насякомыя, але патрабуюць увагі больш, напрыклад, чым буйныя жывёлы — каровы ці свінні. Гэтыя істоты вельмі капрызныя да надвор’я, да тэмпературы, нават месца для размяшчэння вулляў трэба выбіраць так, каб на іх трапляла менш сонца, ды яшчэ і ў паўднёва-ўсходнім накірунку выстаўляць, каб промні не перашкаджалі пчолам знаходзіць свой дом.

А яшчэ ёсць хітрасці ў вырабе вулляў, форма якіх напрамую ўплывае не толькі на аб’ёмы атрымліваемага мёду, але і на якасць. У дадатак варта фарбаваць домікі ў розныя колеры, каб насельнікі змаглі адрозніваць свой ад чужога. Нават форма і габарыты пчалінага дома аблягчаюць арыентацыю пчолам. Словам, гэта цэлая навука, у якой практычна няма дробязей, кожная акалічнасць мае свой сэнс, пачынаючы ад падрыхтоўкі дымара і заканчваючы амуніцыяй пчаляра.

Тым не менш, мёд — адзіны прадукт, які не ўтрымлівае «хіміі». Так, ёсць розныя замяняльнікі, але ў сапраўдным мёдзе хіміі ўвогуле не можа быць, аніякай. Бо вырабляльнікі гэтага прадукту ўвогуле не пераносяць што-небудзь ненатуральнае, нават чалавека не падпусцяць, калі ад яго будзе пахнуць хімічнымі рэчывамі. Таму і не атрымаецца рознымі дабаўкамі або прыкормкамі інтэнсіфіцыраваць аддачу пчальніка, толькі праз павелічэнне колькасці вулляў. Але апошняе рэалізаваць зараз вельмі цяжка, бо ў сезоне В.С.Хеншалю і з тымі вуллямі, што зараз ёсць на прадпрыемстве, у пошуках меданосных палеткаў даводзіцца праехаць нямала кіламетраў па раёне.

Як зазначае прафесіянал, спрагназаваць атрыманыя аб’ёмы прадукцыі таксама немагчыма, бо клімат уносіць істотныя карэктывы. Сёлетняя позняя вясна, напрыклад, сур’ёзна скараціла колькасць «узятак», толькі з цвіценнем рапсу пачаўся назапашвацца мёд.

— У адзін год было так, што і пяць разоў збіралі прадукцыю, атрымлівалася больш за 50 кілаграмаў з аднаго вулля,— успамінае пчаляр. — А здаралася, і па два кілаграмы ледзь змаглі ўзяць.

У бягучым годзе, як расказвае дырэктар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» А.А.Шлёмін, да Мядовага Спасу за некалькі падыходаў з пчальніка сабрана больш за 800 кілаграмаў. Уся прадукцыя рэалізуецца ў двух гандлёвых кропках, часта палатку таварыства з салодкім таварам можна ўбачыць на кірмашах і гарадскіх святах. Попыт на пружанскі мёд стабільны, з-за чаго на паліцах знайсці сабранае, напрыклад, пазалетась немагчыма. Ды і леташніх запасаў амаль што не засталося.

Справа ў тым, што мёд — вельмі карысны прадукт. Прадукцыю пчалярства прымяняюць не толькі ў прыгатаванні страў, але і ў касметалогіі і фармакалогіі. Таму для многіх спажыўцоў мёд застаецца каштоўным далікатэсам, які мае высокую цану.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік