Воскресенье, 26 сентября 2021

«Навошта чакаць, пакуль нехта зробіць, гэта ж наш дом». Жыхар вуліцы Шырмы Віктар Алікевіч прывёў у парадак тэрыторыю вакол уласнай шматпавярхоўкі

613

Дому №13 па вул.Рыгора Шырмы ў свой час пашанцавала: у сувязі з “Дажынкамі-2003”, ён, як і шэраг іншых дамоў у гэтай частцы горада, зведаў сур’ёзную рэканструкцыю. Тут зрабілі новы дах, абліцоўку фасада. Праўда, унутраны дворык застаўся практычна некранутым. Таму жыхары, перафразуючы вядомы выраз, час ад часу жартуюць: “З фасада — піянер, з двара – пенсіянер”.

Хтосьці ўжо змірыўся і не спадзяецца, што на добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі калі-небудзь выдзеляць неабходныя сродкі. А вось Віктар Аляксандравіч Алікевіч, набраўшыся сіл пасля цяжкай хваробы, узяў сякеру, пілу, рыдлёўку і выйшаў на двор…

Не, сёння вы яшчэ не ўбачыце ў двары асабліва прыгожай карцінкі: для гэтага трэба ўкласці шмат сродкаў, якіх у пенсіянера проста няма. Але фронт працы гэтым чалавекам зроблены вялікі. Таму ў рэдакцыю і патэлефанавалі ўдзячныя суседзі — з просьбай напісаць некалькі радкоў пра мужчыну.

— Віктар Аляксандравіч — сапраўды, наш дабрадзей. Нягледзячы на хворае сэрца, ён самастойна выкарчаваў старыя пні і высек хмызняк. Склаў галіны ўбаку, каб нікому не перашкаджалі. Камунальным службам застаецца толькі іх вывезці. Вось тут, пасярэдзіне двара, ляжала вялікая куча пяску, якая ўжо нават зарасла травой. Дык ён гэтым пяском засыпаў ямы ў двары і разраўняў тэрыторыю. Ён незаменны чалавек, робіць усё старанна, не звяртаючы ўвагі на стан здароя. Шкада, што дапамагчы Віктару Аляксандравічу асабліва няма каму: у доме жывуць практычна адны пенсіянеркі… Ён — наш герой! — кажа суседка па доме Марыя Рыгораўна Чарвяк.

Сам Віктар Аляксандравіч больш сціпла ставіцца да ўласных заслуг.

— Які ж я герой? Звычайны чалавек. Да таго ж, я працаваў не адзін. Вунь сусед, які не так даўно сюды пераехаў, паглядзеў на траву па пояс, узяў касу і навёў парадак. Сапраўды, не будуць жа жанчыны касіць! А ў «Камунальніка», ведаю, і без таго хапае працы. Навошта чакаць, пакуль нехта зробіць, гэта ж наш дом. Да таго ж, вокны гасцінічных нумароў якраз глядзяць на наш двор. Навошта трэба, каб госці горада пазіралі на беспарадак? — мяркуе Віктар Аляксандравіч.

Мужчына не толькі прывёў у парадак, наколькі гэта было магчыма пры адсутнасці рэсурсаў, тэрыторыю. Ён таксама адрамантаваў столікі і лаўкі, пафарбаваў стальніцы, перанёс у больш зручнае месца і ўмацаваў стары турнік, каб дзеці, якіх тут летам збіраецца нямала, маглі з карысцю бавіць час.

— Вядома, аднаго турніка ім мала. Ды і для падобных заняткаў спортам паблізу, за будынкам райвыканкама, ёсць варкаўтная пляцоўка, — разважае Віктар Аляксандравіч. — Мы, дзядулі і бабулі, марым, што калі-небудзь у нашым двары ўсталююць невялічкую дзіцячую пляцоўку. Таксама хацелася б, каб каля дома быў больш бяспечным дарожны рух. Паглядзіце, машына за машынай перад самымі пад’ездамі праязджае. Барані Божа, якое дзіця на дарогу выскачыць! Мне здаецца, варта было б на ўездзе з боку гімназіі альбо “зебру” намаляваць, альбо паставіць знак з абмежаваннем хуткасці. А ў ідэале наогул забараніць праезд у двор для асабістага транспарту. У мяне таксама ёсць свая машына, але лічу, што ўласны аўтамабіль можна ставіць на стаянцы за выканкамам, там месцаў хапае. Дзеля бяспекі дзяцей нескладана прайсці сто метраў… Якасць жыцця залежыць, у першую чаргу, ад нас саміх. Ці не так?

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.