Воскресенье, 26 сентября 2021

За два крокі да стагоддзя! Марыя Аляксандраўна Бабрук з в. Шубічы адзначыла 98-ы дзень нараджэння

387

Пра тое, што павага да людзей старэйшага ўзросту – галоўная прыкмета цывілізаванага грамадства, добра ведаюць і ў Шаняўскім сельсавеце. Распаўсюджаная традыцыя ўрачыста віншаваць з днём нараджэння людзей сталага ўзросту тут з кожным годам толькі ўмацоўваецца.

Марыя Аляксандраўна Бабрук з Ганнай Васільеўнай Хатэнка і Сяргеем Іванавічам Лапукам.

Так 5 жніўня кветкі і падарункі ў сувязі з 98-годдзем прымала жыхарка вёскі Шубічы Марыя Аляксандраўна Бабрук. З цёплымі пажаданнямі да яе звярнуліся старшыня Шаняўскога сельвыканкама Сяргей Іванавіч Лапука, старшыня мясцовага савета ветэранаў Ганна Васільеўна Хатэнка, а таксама загадчыца Шаняўскога СДК Таццяна Фёдараўна Кабрынец.

Як зазначыла апошняя, віноўніца ўрачыстасці ўразіла іх сваёй зайздроснай бадзёрасцю і аптымізмам:

— Марыя Аляксандраўна нават не прысела, калі мы яе віншавалі. Дзіўна, яна прайшла праз вайну, голад, цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, заплаціла за сённяшні дабрабыт сваімі сіламі і здароўем. І пры гэтым не страціла аптымізму. Моладзь у яе можа павучыцца таму, як глядзець у будучыню з упэўненасцю… Прыемна і тое, што мы прыехалі віншаваць яе — і самі пачулі ў адказ шчырае пажаданне міру, дабрабыту і здароўя. Мы ёй вельмі ўдзячны! Наогул мы ў неаплатным даўгу перад людзьмі старэйшага пакалення і проста абавязаны зрабіць іх жыццё лепшым. Нельга пакідаць старых сам-насам са сваімі клопатамі і праблемамі, трэба аказваць ім рэальную дапамогу, падтрымліваць добрым словам. Гэта ў нашых сілах. Яны заслужылі агульнай любові і павагі. Яны – наш гонар!

Алеся Смайлік