Воскресенье, 26 сентября 2021

Сезон кавуноў адкрыты! Расказваем пра карысць самай вялікай ягады ў свеце

221

Якая самая вялікая ягада ў свеце? Правільна, кавун!

Сезон кавуноў сёлета пачаўся раней за звычайны, і да жніўня многія паспелі ўжо ўдосталь паласавацца прывазнымі зялёнымі прыгажунамі. А на чарзе яшчэ мясцовыя: дзякуючы кліматычным змяненням, кавуны пачынаюць вырошчваць на сваіх участках і пружанскія аматары-агароднікі.

Адным з пакупнікоў кавуноў у Пружанах аказаўся жыхар Кобрына Уладзімір Андрэевіч Вяткін. На лета ён з жонкай пераязджае ў бацькоўскую хату ў вёсцы Чапялі. І абавязкова на дачны сезон пенсіянеры выпісваюць пружанскую «раёнку», каб сачыць за мясцовымі навінамі.

Дзякуючы такім важным мікраэлементам, як жалеза, магній, калій, кальцый, фосфар, натрый, а таксама спалучэнню глюкозы, цукрозы і фруктозы, бялкоў, клятчаткі, вітамінаў А, групы В, С, Е, фоліевай кіслаты, гэтая сакавітая ягада цудадзейна ўздзейнічае на арганізм, шырока прымяняецца ў народнай медыцыне. Яна з‘яўляецца добрым антыаксідантам, чысціць печань і ныркі ад таксінаў, соляў і шлакаў, садзейнічае страваванню, умацоўвае імунітэт, мае антыстрэсавыя ўласцівасці і падштурхоўвае арганізм да выпрацоўкі «гармону радасці».

Мякаць кавуна карысная пры лячэнні ацёкаў, гепатыту, нефрыту, падагры, ішамічнай хваробы, артрыту. Каштоўны і сок: ім можна паласкаць хворае горла пры ангіне (1/4 шклянкі 3-4 разы ў дзень) і ўжываць, як сродак супраць пякоткі (1 шклянка соку хутка здымае непрыемныя сімптомы).

У рэшце рэшт, гэта проста вельмі смачна!

Але нават у кавуноў ёсць супрацьпаказанні. Напрыклад, людзям, якія пакутуюць ад мочакаменнай і жоўцекамянёвай хваробы, маюць паталогіі страўнікава-кішачнага тракту, варта асцярожна ставіцца да сакавітай ягады. Яна валодае моцным мачагонным дзеяннем, можа выклікаць метэарызм і колікі.

Дыябетыкам хаця і карысна ўключаць кавун у свой рацыён, але трэба кантраляваць колькасць прымаемых вугляводаў. Не рэкамендуецца даваць кавун дзецям да двух гадоў: ён можа справакаваць алергію.

І літаральна ўсіх спажыўцоў тычыцца ўважлівае стаўленне пры выбары кавуна да… яго скуркі: яна не павінна быць пашкоджанай. Справа ў тым, што салодкую кавуновую мякаць вельмі хутка імкнуцца насяліць бактэрыі. Разразаць кавун можна толькі пасля добрага мыцця (што звычайна немагчыма ў месцы пакупкі). Таму просьба прадаць «палавінку кавуна» на рынку або каля дарогі можа стаць прычынай банальнага харчовага атручвання.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік.