Воскресенье, 26 сентября 2021

ПМК-22 працуе на перспектыву. Пагаварылі з начальнікам прадпрыемства і даведаліся, што сёння ўзводзяць будаўнікі

1 208

Папярэднія пяць гадоў адзначыліся для ПМК-22 стабільнасцю. Калектыў будаўнікоў спраўляўся з пастаўленымі задачамі, выконваў намечаныя аб’ёмы работ. Бягучы, 2021-ы, год дадаў складанасцей у дзейнасць механізаванай калоны, у першую чаргу, рэзкім ростам цэн на асноўныя матэрыялы — металічныя канструкцыі і драўніну.

Як расказвае начальнік прадпрыемства І.П.Нінічук, давялося сур’ёзна карэкціраваць папярэднія планы. Але ж граматная стратэгія і аператыўнае рэагаванне на негатыўныя тэндэнцыі дазволілі ўтрымаць кантроль над сітуацыяй.

—Асабліва паспяховым з апошняй пяцігодкі стаў 2020 год, калі ПМК-22 за дасягнутыя поспехі была адзначана пераходным Чырвоным сцягам, — зазначае Іван Паўлавіч. — Сярод маштабных аб’ектаў, што ўзвялі будаўнікі нашага прадпрыемства, назаву пелетны завод у в.Слабудка. Гэта быў пілотны праект для ўсёй краіны, таму нам давялося літаральна вучыцца «неадрыўна ад вытворчасці». Прызнаюся, што атрымалася выдатна, аб’ект працуе і прыносіць уладальнікам прыбытак. Сярод іншых будоўляў адзначу дзіцячы дом сямейнага тыпу на вуліцы Кастрычніцкай і рэканструкцыю будынка стаматалагічнай паліклінікі. Таксама працавалі ў Баранавіцкім раёне, дзе «з нуля» ўзводзілі малочныя фермы з усёй інфраструктурай.

Будаўніком у трэцім пакаленні з’яўляецца майстар К.Б.Клімашэвіч, якога на прадпрыемстве лічаць перспектыўным спецыялістам.

Нягледзячы на вядомыя складанасці, хапае работы і сёлета. Працягваем працаваць на дзвюх баранавіцкіх МТФ, падключыліся ў якасці субпадрадчыкаў ПМК-21 на ўзвядзенні комплексаў у Кобрынскім раёне. Ёсць і іншыя падрады, дзе зараз працуюць нашы брыгады.

— Іван Паўлавіч, наколькі сур’ёзна давялося карэкціраваць планы прадпрыемства ў бягучым годзе?
— Пры захаванні тых жа аб’ёмаў будаўніцтва змяненні ўнеслі ў чакаемыя прыбыткі прадпрыемства. Рост цэн адбыўся тады, калі былі заключаны дамовы з заказчыкамі, у выніку чаго з улікам павелічэння сабекошту работ паменшылася аддача ад іх. Тым не менш, сітуацыю трымаем пад кантролем, мяркуем па выніках года поўнасцю нівеліраваць негатыўныя тэндэнцыі. Галоўнае — нам удалося захаваць касцяк калектыву, прафесіяналаў сваёй справы, майстроў з багатым практычным вопытам. Хаця і адчуваем недахоп, у першую чаргу, лінейных работнікаў — вытворцаў работ, брыгадзіраў, а таксама муляраў, бетоншчыкаў, цесляроў, механізатараў. Калі б было больш заказаў на Пружаншчыне, то мы змаглі б адмовіцца ад вахтавага метаду. А так трэба мець замену спецыялістам, якім трэба даваць некаторы адпачынак пасля далёкай камандзіроўкі.

На ўладкаванні шумаізаляцыі для малочнага камбіната працуе машыніст крана М.В.Глушко.

— А што чакае ПМК-22 у перспектыве?
— Як адзначыў раней, работы ў нас хапае, ад некаторых заказаў нават даводзіцца адмаўляцца, бо не хапае брыгад, каб ахапіць усё прапануемае. Будзем працягваць супрацоўніцтва з арганізацыямі іншых раёнаў, аказваць дапамогу іншым будаўнічым калектывам нашага горада пры неабходнасці. Ёсць планы, якія яшчэ на стадыі папярэдніх дамоўленасцей, пра якія рана гаварыць канкрэтна, але пэўныя спадзяванні існуюць і на іх.

— Іван Паўлавіч, Вы нядаўна былі ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва «Ганаровы будаўнік Беларусі». Лічу гэта заканамерным вынікам таго, што ПМК-22 — зладжаны калектыў высокай кваліфікацыі. На каго абапіраецца кіраўніцтва, калі будуе далейшыя планы?
— Сярод прафесіяналаў назаву вытворцу работ В.І.Булавіцкага, які сёлета ўзнагароджваецца Ганаровай граматай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Таксама адзначу маладых і энергічных вытворцаў работ В.В.Чароту і В.А.Соца. Узорнай з’яўляецца праца машыніста крана М.В.Глушко, ва-дзіцеля пагрузчыка В.С.Будзінскага, тынкоўшчыц Л.М.Чырко, В.П.Рысцік, М.В.Мяшэчка і М.І.Клімец, плітачніка М.У.Стэпуся, дарожных рабочых А.Л.Архіпенкі і А.У.Ермака, вадзіцеляў П.І.Бондара і А.Л.Шпарлы, брыгадзіра А.Ф.Чарняка, муляраў А.В.Мацыеўскага і А.Л.Шукурава, цесляра В.У.Пядава, машыніста экскаватара А.У.Кічана.

Лета – «гарачы сезон» для вадзіцеля грузавіка А.Л.Шпарлы.

З нагоды прафесійнага свята жадаю ўсяму калектыву ПМК-22, а таксама нашым калегам з іншых арганізацый устойлівага падмурка ва ўсіх справах і пачынаннях, моцных сямейных сцен. Больш і вам, і нам заказаў, цікавай работы і спакойнай будучыні. Асаблівыя віншавальныя словы адрасую і нашым ветэранам-будаўнікам, прыклад якіх для нас каштоўны і сёння, а тым, што пабудавана імі, мы карыстаемся і зараз.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.