Воскресенье, 26 сентября 2021

Яна бачыць свет праз вушка іголкі. Выстава творчых работ Ганны Хмялеўскай працуе ў Ружанскай бібліятэцы

996

Кажуць, што вышывальшчыцы бачаць свет праз вушка іголкі. Дзякуючы гэтаму, для іх усё звычайнае ператвараецца ў чароўны свет. Вось і выставу творчых работ Ганны Хмялеўскай, якая пачала дзейнічаць у чытальнай зале Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі, можна назваць чароўнай.

Нарадзілася рукадзельніца ў 1949 годзе ў Івацэвіцкім раёне. Пасля заканчэння школы вучылася ў Маларыцкім медыцынскім вучылішчы і па размеркаванні прыбыла на працу ў Магілявецкую бальніцу. Пазней, пасля замужжа, пераехала жыць у Ружаны, працавала медыцынскай сястрой у мясцовай бальніцы.


Рукадзеллем зацікавілася яшчэ падчас вучобы ў школе. Любоў да вышыўкі прывіла родная цётка. Малая Ганначка пасля школы бегла да яе, каб пагля-дзець на прыгажосць, якую тая стварала сваімі рукамі. Узнікла жаданне паспрабаваць самой – атрымалася.
Разам з цёткай вышывалі сурвэткі, ручнікі. Затым Ганна Васільеўна пачала вышываць карціны, якія дарыла родным і сябрам. Шмат прыгожых рэчаў жанчына звязала пруткамі. Крыху пазней Ганна Васільеўна захапілася алмазнай вышыўкай. Цяпер яе калекцыя паступова папаўняецца новымі шэдэўрамі.


Экспазіцыя, прадстаўленая наведвальнікам бібліятэкі, уключае ў сябе больш за 40 аўтарскіх работ. Вочы радуюць вышытыя іконы, карціны рознай тэматыкі: цудоўныя пейзажы, выявы жывёл, нацюрморты, а таксама ручнікі, сурвэткі. Кожная работа створана з цеплынёй, любоўю і жаданнем зрабіць жыццё прыгажэйшым.


Шмат цёплых водгукаў пакінулі ружанцы пра работы Ганны Васільеўны, а таксама пра яе асабістыя якасці. Жанчына сціплая, добразычлівая, працавітая, адказная. Можа, таму яна яшчэ працягвае працаваць, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вольнага часу зусім мала, але рукадзельніца знаходзіць час і для свайго любімага занятку. Творчых поспехаў Вам, Ганна Васільеўна, і моцнага здароўя!

Ніна СЕВАСЦЬЯНЧЫК, бібліятэкар Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі