Воскресенье, 26 сентября 2021

Галоўны аграном філіяла РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» Аляксандр Цеслюк адзначыў 60-годдзе. Віншавалі юбіляра прама ў полі

1 149

З чаго складаецца шчасце? Кожны чалавек адкажа на гэтае пытанне па-рознаму. Для Аляксандра Цеслюка найважнейшым складнікам з’яўляецца справа па душы. У аграномію ён улюбіўся яшчэ юнаком і ніколі не здраджваў абранаму накірунку. У чацвер галоўны аграном філіяла РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Чвэрць стагоддзя ён аддаў гэтай гаспадарцы.


Кожная працоўная раніца Аляксандра Васільевіча пачынаецца з паездкі. На работу ў Зеляневічы галоўны аграном дабіраецца з суседніх Магілёўцаў – роднай вёскі, дзе зараз жыве разам з жонкай. Тут жа, у мясцовым саўгасе «Праца», і пачынаўся шлях агранома ў прафесію. Гэтаму саўгасу Аляксандр Васільевіч аддаў 17 гадоў жыцця, працаваў брыгадзірам. Спецыяльнасць, дарэчы, набыў у Пружанскім каледжы, тады яшчэ саўгасе-тэхнікуме. Пасля завочна вучыўся ў Гродзенскім аграрным інстытуце, які цяпер мае статус універсітэта.


На работу ў зеляневіцкую гаспадарку Аляксандр Васільевіч прыйшоў у 1996-м. Прызнаецца, што адна з галоўных якасцей, якую выхаваў за столькі гадоў, – пунктуальнасць. І не толькі таму, што планёрка ў гаспадарцы пачынаецца а палове восьмай гадзіны. Ад дакладнага, своечасовага агранамічнага кантролю залежыць будучы ўраджай.
Дапамагаюць Аляксандру Цеслюку калегі – яшчэ адзін аграном, брыгадзіры і спецыяліст па кормавытворчасці.


— Вядома, цяпер на першы план выходзіць жніво. Інспектуем палі, кантралюем уборку ўраджаю, прасаванне саломы, перапрацоўку зерня. Не забываемся пра арганіку, падрыхтоўку насення. І гэта, зразумела, толькі невялікая частка агранамічнай работы, — прызнаецца юбіляр.


У гэты святочны дзень на кароткі час Аляксандр Васільевіч забыўся пра свае працоўныя абавязкі. Цёплыя словы з нагоды двайнога юбілею ў адрас галоўнага агранома прагучалі ад кіраўніцтва і прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства, намесніка абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў «Белэнергапалівагазу» С.А.Скаля і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Д.У.Чайкоўскага. Таксама Аляксандру Васільевічу была ўручана Ганаровая грамата ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную і бездакорную работу ў сістэме АПК.
Сімвалічна, што ўшаноўвалі юбіляра прама ў полі, у месцы, без якога немагчыма жыць, да якога прыкіпеў душой і сэрцам…


— Мне здаецца, што вырошчваць хлеб – вельмі важная справа. Ці шчаслівы я чалавек? Думаю, што так. За сваё жыццё я вырасціў шмат збожжа, пабудаваў дом. Разам з жонкай мы выгадавалі дваіх сыноў, адзін з іх – эканаміст, другі, як і мама, — настаўнік. Ведаеце, ураджай будзе добрым толькі тады, калі кінеш у зямлю добрае зерне. Гэтым прынцыпам я і кіруюся ў сваім жыцці.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.