Воскресенье, 26 сентября 2021

Тры гадзіны доўжыўся агульны сход грамадзян у Ружанах. Міліцэйскаму ўчастку быць!

964

Апошні раз агульны сход грамадзян у Ружанскім сельсавеце праводзіўся тры гады таму. Летась сабрацца для абмеркавання важных пытанняў перашкодзіла пандэмія, у 2019 годзе – падрыхтоўка да абласных «Дажынак». Менавіта таму сёлетняга сходу пасялкоўцы чакалі, каб пагаварыць пра надзённае, звярнуць увагу на праблемы і атрымаць адказы па пытанні, якія хвалююць.


Пляцоўкай для абмеркавання стаў цэнтр культуры і вольнага часу. На сустрэчу з неабыякавымі жыхарамі сельсавета завіталі намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, кіраўнікі розных арганізацый як мясцовага, так і раённага ўзроўню.

Спачатку старшыня Ружанскага сельвыканкама А.У.Юркоўская расказала пра тое, што сабой уяўляе і чым жыве сёння сельсавет, у які, акрамя г.п.Ружаны, уваходзяць яшчэ 32 сельскія населеныя пункты.
Паводле слоў Аксаны Уладзіміраўны, колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі жыхароў на пачатак года складала 5347 чалавек, больш за палову з іх – людзі працаздольнага ўзросту. Зразумела, што самым буйным з’яўляецца цэнтр сельсавета – г.п.Ружаны, дзе на 1 студзеня пражывала 3332 чалавекі.


Пэўнай праблемай для сельсавета з’яўляюцца вёскі з малой колькасцю жыхароў – да 20-ці чалавек. Такіх зараз 11. Усяляюць аптымізм аграгарадкі Варанілавічы і Калазубы, вёска Паўлава. На жаль, на тэрыторыі ад-міністрацыйнай адзінкі застаўся ўсяго адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Міхаіл Уладзіміравіч Харытановіч, які пражывае ў Навасадах. Таксама ў розных населеных пунктах жывуць былыя вязні вайны, блакаднік і 18 воінаў-інтэрнацыяналістаў.


Пасёлак Ружаны актыўна развіваецца. Безумоўна, у гэтым немалая заслуга прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных тут, – ААТ «Ружаны-Агра», санаторыя «Ружанскі», многіх іншых. І, вядома ж, людзей. Але, тым не менш, праблем хапае.

Каб яшчэ раз пачуць праблемныя моманты і дапамагчы разабрацца ў іх, да трыбуны выйшаў начальнік Пружанскага РАУС І.А.Амельянчук.
Ігар Аляксеевіч падкрэсліў, што па выніках першага паўгоддзя на тэрыторыі сельсавета ў тры разы павялічылася колькасць злачынстваў. Сёлета ў раёне было зафіксавана толькі два крадзяжы тэхнікі. Абодва – у Ружанах, і абодва ўчынены адным і тым жа чалавекам у стане алкагольнага ап’янення. Віноўнікам трох злачынстваў таксама з’яўляецца адзін і той жа грамадзянін: ён пашкодзіў магазін у в.Паўлава і два дамы. Усяго было зарэгістравана 13 крадзяжоў маёмасці, пяць з якіх пакуль застаюцца нераскрытымі.

Каб змагацца са злачыннасцю можна было эфектыўней, жыхары пасёлка ініцыявалі з’яўленне тут міліцэйскага ўчастка. Сход на гэту тэму праходзіў у Ружанах у сярэдзіне чэрвеня. Пасялкоўцам паабяцалі разабрацца з пытаннем, і адкладваць гэта не сталі.


Месца для будучага ўчастка ўжо знойдзена. Ён размесціцца па адрасе: вул.Савецкая, 11А, на другім паверсе будынка паштовага аддзялення. Працаваць на ўчастку будуць участковыя інспектары і супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Ад аднаго з жыхароў паступіла пытанне, ці будзе ў аддзяленні пакой для часова затрыманых. Ігар Аляксеевіч патлумачыў, што такое памяшканне не прадугледжана.

Не менш вострым для ружанцаў застаецца пытанне нацыянальных меншасцяў. Сёння ў сельсавеце зарэгістравана 230 грамадзян нацыянальнасці рома, дзевяць з якіх маюць су-дзімасці. Зразумела, гэта не павінна «плямай» класціся на тых, хто вядзе законапаслухмяны лад жыцця. Шэраг гэтых людзей працуе, напрыклад, у «Ружаны-Агра». Старшыня сельвыканкама паабяцала падрыхтаваць канкрэтную інфармацыю пра тое, колькі грамадзян нацыянальнасці рома занята ў эканоміцы.

Наступным выступоўцам стаў дырэктар КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук. Мена-віта работнікі гэтага прадпрыемства займаюцца добраўпарадкаваннем пасёлка. Дарэчы, летась на добраўпарадкаванне тэрыторыі сельсавета вызначалася сума ў 1200 рублёў, фактычна асвоена — больш за 8000 руб. На працягу трох гадоў Ружанскі сельсавет перамагаў у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе стану тэрыторыі населеных пунктаў. За прэмію, атрыманую па выніках мінулагодняга конкурсу, усталявана 24 кантэйнеры для асобнага збору смецця.


Але не абышлося без пытанняў і да кіраўніка «Камунальніка». Сяргей Васільевіч паабяцаў у наступным годзе разабрацца з афарбоўкай дома №20 па вул.Савецкай у Ружанах, растлумачыў, якім чынам абкошваюцца тэрыторыі могілак і спілоўваюцца дрэвы. Акрэслены час вулічнага асвятлення населеных пунктаў. У 2022 годзе ў скверы імя Я.Коласа павінна з’явіцца варкаўт-пляцоўка, стварэнне якой ініцыявалі жыхары.


Улады паабяцалі падумаць над пытаннем павелічэння колькасці дрэў на тэрыторыі былога ваеннага гарадка.
Ні для каго не сакрэт, што многія ружанцы самі актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні. Так летась родзічы людзей, пахаваных на могілках у Верчыцах, сабралі больш за 2500 рублёў. За гэтыя сродкі было спілавана 80 дрэў, праведзена хімічная апрацоўка расліннасці. Сёлета пафарбаваны агароджы на могілках у Байках, Манчыках і Малочках.

На пытанні, якія тычыліся медабслугоўвання, адказаў галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ А.І.Пачынчык.
Самае галоўнае з яго адказаў: пост хуткай медыцынскай дапамогі ў Ружанах будзе захаваны і па магчымасці дааснашчаны адным фельчарам.

Дарэчы, атрымаць меддапамогу жыхары сельсавета могуць як у Ружанскай гарадской баль-ніцы, так і ў шасці ФАПах, што знаходзяцца ў розных населеных пунктах.

За 2020 год на тэрыторыі сельсавета памерла 134 чалавекі – на два больш, чым у папярэднім годзе, сёлета за першае паўгоддзе – 62. Што да нараджэнняў, то за мінулы год іх зарэгістравана 47, за першае паўгоддзе гэтага – 22.

Вострай праблемай як для медыкаў, так і для пацыентаў па-ранейшаму застаецца COVID-19. Калі за мінулы год у сельсавеце перахварэла 144 чалавекі, у тым ліку 16 медработнікаў, то за 6 месяцаў гэтага – 156 чалавек. За мінулы год зроблена 579 ПЦР-даследаванняў і 126 экспрэс-тэстаў.

Каб палепшыць медабслугоўванне, летась быў закуплены апарат холтараўскага манітарыравання, а таксама прыбор для сутачнага маніторынгу артэрыяльнага ціску. На жаль, няма ў бальніцы штатнага стаматолага, таму спецыяліст гэтага профілю прыязджае з райцэнтра.

Начальнік райаддзела па надзвычаных сітуацыях Р.А.Рашанок азнаёміў прысутных з «пажарнай» статыстыкай у раёне і сельсавеце.
З пачатку года на Пружаншчыне назіраецца рост пажараў у параўнанні з мінулым годам. Не выключэнне — і Ружанскі сельсавет. Калі за першае паўгоддзе 2020-га тут было зарэгістравана тры пажары, то за аналагічны перыяд гэтага года – сем. На жаль, не абышлося без гібелі людзей. У якасці прыкладу Рыгор Аляксандравіч прывёў пажар, які адбыўся ў Ружанах 8 студзеня. Тады ў агні загінуў грамадзянін 1952 г.н. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, трэба заўсёды выконваць правілы бяспекі. Рыгор Аляксандравіч нагадаў іх, азнаёміў жыхароў сельсавета з мабільным дадаткам «МНС. Дапамога побач». Таксама былі раздадзены інфармацыйныя лістоўкі.

Асноўнае пытанне, якое скіравалі жыхары сельсавета да намесніка старшыні райспажыўтаварыства Л.М.Жуковіч, – малы выбар тавараў нехарчовай групы.
Калі выбар прадуктаў харчавання неблагі, для гэтага ёсць многа варыянтаў, то па вопратку, па словах прысутных, даводзіцца ездзіць у Слонім ці Брэст. Ларыса Мікалаеўна падкрэсліла, што ва ўнівермаг рэгулярна завозяцца тавары, да таго ж, іх можна заказаць. Такі ж адказ быў да-дзены і на зварот наконт будматэрыялаў, які паступіў раней: калі патрэбных тавараў няма ў будаўнічым магазіне, іх можна дачакацца, пакінуўшы заяўку.

Сход грамадзян доўжыўся больш за тры гадзіны. І ў чарговы раз даказаў: пытанняў у жыхароў хапае, але і мясцовая ўлада, прадстаўнікі розных службаў і арганізацый імкнуцца зрабіць усё, каб жыццё ў пасёлку і ўвогуле на тэрыторыі сельсавета станавілася лепшым.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).