Воскресенье, 26 сентября 2021

Бард Аляксандр Казей: «Хтосьці пасля першых жа заняткаў губляе цікавасць да навучання, а ў кагосьці адразу загараецца іскрынка»

2 093

У кожнага чалавека з нараджэння закладзены пэўны багаж талентаў. Галоўнае — іх своечасова распазнаць і развіваць. “Хтосьці з дзяцей пасля першых жа заняткаў губляе цікавасць да навучання, а ў кагосьці адразу загараецца тая іскрынка, якая з часам перарастае ў яркае полымя любові… да інструмента, да музыкі”, — кажа Аляксандр Паўлавіч Казей, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Гітара — тры акорды” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Пружаны.


— Аляксандр Паўлавіч, і як тую “іскрынку” творчасці распаліць?
— У мяне займаецца дзве групы па дванаццаць чалавек. І кожнаму з дваццаці чатырох вучняў я стараюся даць неабходны мінімум ведаў і навыкаў для далейшага развіцця здольнасцей.

— Заняткі праходзяць па класічнай форме навучання?
— Не, кожны вучань аб’яднання вучыцца індывідуальна, па зручнай для яго праграме. Праўда, могуць займацца адначасова і два чалавекі, калі іх здольнасці і інтарэсы супадаюць. Кожны можа вывучыць акорды, мелодыю і словы ўпадабанай песні, можа дадаць нешта новае ў яе тэкст і імправізаваць.


— Якія песні сёння карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў вучняў?
— Густы ў дзяцей розныя і песні адпаведна самыя разнастайныя. Моладзі падабаюцца трэкі Алёны Швец, гурта Dаbro, проста Леры і іншыя трэкі, якія параўнальна лёгка запамінаюцца і выконваюцца.

— Колькі часу займае вывучэнне песні, калі вучань ужо ведае асновы ігры на гітары?
— Усё залежыць ад здольнасцей і жадання: хтосьці доўга “мучыцца” над творам, а ёсць такія, каму хапае пяці мінут, каб развучыць і сыграць песню.


— Ці ёсць сярод Вашых былых вучняў тыя, хто сваё жыццё ў далейшым звязаў з музыкай?
— Вядома, ёсць. Найперш, гэта Кацярына Кукса, якая сёння выкладае ў школе мастацтваў, праўда, не гітару, а вакал. Гэта і Юлія Лявонцьева, якая таксама працуе выкладчыцай. Ёсць вучаніцы, якія зараз вучацца ва ўніверсітэце, але за плячыма ў іх заўсёды – гітара: Каця Гарэйка, Лера Савіна, Даша Курачынская…


Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Вы самі не толькі іграеце, але і складаеце вершы. Уласныя творы паспяхова выконваеце на конкурсах і фестывалях бардаўскай песні. Нядаўна былі нават узнагароджаны дыпломам II ступені на абласным конкурсе аўтарскай песні “Сам-насам з усімі”. Вашы вучні, напэўна, Вамі ганарацца?
— Настаўнік абавязаны быць прыкладам для сваіх вучняў, па-іншаму нельга. Увогуле мы, барды, заўсёды знойдзем агульную мову са слухачамі і вучнямі.
Анастасія Карповіч, юны журналіст ЦТДМ.