Воскресенье, 26 сентября 2021

ААТ «Ружаны-Агра»: зрабіць жыццё смачным

1 015

Сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, імкненне не толькі ўтрымаць, але і нарасціць вытворчыя паказчыкі, а яшчэ — працавітыя работнікі. Гэта некалькі складнікаў арыфметыкі поспеху ад ААТ «Ружаны-Агра». Сёння гаспадарка робіць імя як гарадскому пасёлку, так і ўсяму раёну. Таварыства не першы год сярод лідараў сельскагаспадарчай галіны краіны, займае другое месца ў рэспубліцы па валавой вытворчасці малака. Але малако – толькі адзін са шматлікіх накірункаў дзейнасці, тым больш, што перапрацоўка яго — прэрагатыва іншых прадпрыемстваў. А вось вытворчасць мясных прадуктаў наладзілі сваю. Ацаніць смак і якасць паўфабрыкатаў ужо змаглі жыхары і госці пасёлка, а таксама пераможцы сёлетняга рэдакцыйнага конкурсу.
Якім чынам арганізаваны выпуск мясных пачастункаў у таварыстве? Дзе можна набыць прадукцыю з лагатыпам «Ружаны-Агра»? Каб высветліць гэта, журналісты адправіліся ў гаспадарку.

Усе дарогі вядуць у новы цэх
Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то вытворчасць мяса – з забойнага цэха. У лютым мінулага года цэх па забоі буйной рагатай жывёлы адкрыўся ў в.Малочкі. І хоць новай вытворчасці ўсяго крыху больш за год, ацаніць значнасць работ нескладана: толькі за месяц адсюль выходзіць каля 20 тон мяса. Кантралюе працэс начальнік цэха В.М.Бурдук.


— Мясная прадукцыя з Малочак, у асноўным, пастаўляецца ў перапрацоўчы цэх у Далках. Шкуры адпраўляем на Бабруйскі гарбарны камбінат, — расказвае Васіль Міхайлавіч.

Вялікая ўвага надаецца якасці прадукцыі. Асноўны прынцып, якім кіруюцца работнікі, – адказнасць за здароўе спажыўца. За тым, каб мяса было належнай якасці, пільна сочыць урач-эксперт Кацярына Шаўлюк. У цэху жанчына практычна з моманту яго адкрыцця. У свой час спецыяліст скончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, па размеркаванні трапіла ў Ружаны, працавала ветэрынарным урачом на малочнатаварным комплексе. У ААТ “Ружаны-Агра” таксама ветурачом працуе яе муж. А вось працоўны дзень Кацярыны Георгіеўны цяпер праходзіць у лабараторыі. Жанчына прызнаецца, што гэты занятак стаў для яе больш цікавы.


— Самы галоўны мой абавязак – не дапусціць праходжання няякаснага мяса для далейшай перапрацоўкі. Калі працавала ветурачом на МТК, то займалася пэўным спектрам хвароб. Тут жа, у забойным цэху, штораз даведваешся нешта новае, — дзеліцца ўражаннямі ўрач-эксперт.

Калі запытаўся, з-за чаго мяса губляе якасць, пачуў у адказ наступнае: “Асноўная прычына – хваробы жывёлы. Такое мяса мы выяўляем адразу і лабараторна пацвярджаем гэта. Зразумела, што ў цэх дадзеная прадукцыя не трапіць ніколі”.

Нядаўна сельгаставарыства ўзяло ў арэнду ў ААТ “Айчына” дзевяць будынкаў. Цяпер там утрымліваецца 3000 галоў бычкоў. Якраз падчас нашага візіту ў забойны цэх над разабраннем тушы бычка, вырашчанага на адным з гэтых комплексаў, шчыравала ў літаральным сэнсе інтэрнацыянальнае трыа: татарын Аляксандр Зайнігулаў, рускі Васіль Рагуля і беларус Васіль Пракапеня. Па словах начальніка, у цэху працуе яшчэ і армянін Гіворг Аракелян. “Нацыянальнасці розныя, а вось нейкіх рознагалоссяў у калектыве не ўзнікае. Усе разумеюць: мы працуем на агульны вынік, зладжана і якасна. Разам стараемся для нашых спажыўцоў”, — кажа Васіль Міхайлавіч.

Пацверджаная якасць
Далейшы маршрут прадукцыі з Малочак – мясанарыхтоўчы цэх “Далкі”. Сваю гісторыю ён вядзе з 2015 года. Праз два гады пасля адкрыцця ў цэху была праведзена мадэрнізацыя: закупілі пілы і мяшалку, каўбасны шпрыц, сучасную фінскую мясарубку, упаковачныя сталы. Дзякуючы гэтаму, павялічылі аб’ёмы вытворчасці ў 2,5 раза.


Сёння з Далкоў выходзіць каля 60 найменняў мясной прадукцыі. Гэта не толькі разабраныя свініна і ялавічына, але і фаршы, каўбасы, шашлыкі… Над тым, каб спажыўцу было смачна і ён абавязкова захацеў набыць прадукцыю зноў, працуюць два абвальшчыкі мяса і столькі ж нарыхтоўшчыкаў паўфабрыкатаў, тэхнічны персанал.
У планах – далейшае пашырэнне лінейкі прадукцыі і адкрыццё каўбаснага цэха ў Юндзілах. Плануюць пашырыць і штат работнікаў.

— Калі раней цэх працаваў выключна на патрэбы гаспадаркі і фактычна абслугоўваў сталоўкі ў Калазубах і Ружанах, то цяпер прадукцыя паступае таксама ў новы магазін “Ружанскі пачастунак”. Напачатку чэрвеня мы адкрылі яго ў Слоніме, — расказвае яго загадчык, інжынер-тэхнолаг ААТ “Ружаны-Агра” Мікалай Канановіч.

— Але па-ранейшаму мяса можна набыць у сталовых сельгаставарыства. І звярніце ўвагу на кошт: ён ніжэйшы, чым у шэрагу іншых вытворцаў.

Загадчык цэха прыйшоў сюды чатыры гады таму. Мужчына жыве ў Слоніме, раней працаваў у гандлёвых сетках Гродна. Прызнаецца: зараз знайшоў тое, да чаго ляжыць душа і што прыносіць сапраўднае задавальненне. Добрым стымулам служыць і заработная плата. А з усіх відаў прадукцыі самому Мікалаю Віктаравічу больш за ўсё падабаюцца замарынаваныя карэйка і рабрынкі з прыправамі, і, зразумела, шашлыкі.


— У свой час разам з дырэктарам акцыянернага таварыства Андрэем Міхайлавічам Бурдуком мы вырашалі пытанне: на што спачатку зрабіць упор – на аб’ёмы прадукцыі або на якасць? Абралі другое, і пра гэта ні разу не пашкадавалі. Абсалютна ўся наша прадукцыя – натуральная, у ёй няма дабавак. Гэта ацанілі не толькі работнікі гаспадаркі (а іх каля тысячы), якія рэгулярна купляюць мясныя вырабы, але і многія іншыя спажыўцы. Здаровы і сыты чалавек і працуе лепш, і настрой у яго выдатны, — упэўнены Мікалай Віктаравіч.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).