Воскресенье, 26 сентября 2021

І людзей ратаваць, і збожжа збіраць. Незвычайны спосаб правесці адпачынак выбірае вадзіцель ПАВП №12 Вячаслаў Бірук

573

Пажарная служба прымае ў свае шэрагі актыўных людзей. Таму не дзіўна, што многія выратавальнікі падчас чарговага адпачынку не бавяць час з вудай на возеры, не адпраўляюцца на курорт. Яны зноў імкнуцца дапамагаць, прыносіць карысць. Так і робіць В.В.Бірук, вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аг.Клепачы. Трэці год запар руль спецаўтамабіля Вячаслаў Вячаслававіч мяняе на штурвал камбайна ў ААТ «Велікасельскае Агра».


Вось і сёлета ўжо другі тыдзень ён шчыруе ў полі на камбайне «Палессе», на свой рахунак ужо запісаў больш за 650 тон намалочанага збожжа. Сёлетні сезон ён называе найбольш удалым.


— Радуе ўраджайнасць збожжавых,— зазначае камбайнер-пажарны.— А таксама тое, што ў бягучым годзе менш складаных участкаў з паляганнем каласоў.


Рашэнне Вячаслава Бірука, як адзначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Р.А.Рашанок, нельга назваць незвычайным, так робяць многія выратавальнікі. Абласным упраўленнем МНС нават штогод праводзіцца галіновыя спаборніцтвы паміж пажарнымі, якія бяруць удзел у жніве. І варта сказаць, што ў багажы Вячаслава Вячаслававіча дыпломы за намалоты ў тысячу і дзве тысячы тон. Узнагароды дадаліся да грамат і медаля «За бездакорную службу». Да работы камбайнера В.В.Бірук ставіцца так жа адказна, як і да абавязкаў выратавальніка.
Алег Сідарэнка. Фота Кцярыны Масік.