Воскресенье, 26 сентября 2021

Губіць не вада, а спіртное і нядбайнасць. Журналісты вярнуліся з чарговага рэйду па пляжах раёна

803

За месяц спякотнага надвор’я ў рэспубліцы патанула больш за 200 чалавек. Сітуацыю можна параўноўваць з пандэміяй, ахвярамі якой у асноўным сталі дзеці і маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў.

Небяспека заключаецца і ў тым, што ніякімі метадамі прафілактыкі справіцца з ростам трагічнай статыстыкі немагчыма, калі людзі самі не хочуць разумець наступствы сваіх учынкаў. Грамадзяне лезуць у ваду там, дзе ёсць шыльда «Купацца забаронена», адпускаюць малых дзяцей адных на возера ці рэчку. Нярэдка вада забірае жыцці тых, хто перад купаннем распіваў спіртныя напоі. Хаця побач пастаўлены стэнд са страшэннымі «карцінкамі», якія нагадваюць пра наступствы купання ў нецвярозым стане.


Бяда ў тым, што многія не звяртаюць увагу на папярэджанні і заўвагі, як кажуць, лічаць сябе «бессмяротнымі». У гэтым мы пераканаліся, калі разам са старшынёй раённага таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчуком праехаліся па некаторых вадаёмах нашага раёна, дзе афіцыйна дазволена купанне.

У чарговы раз нагадаем, з чым звязаны афіцыйны дазвол.
Даволі часта чытачы задаюць нам пытанне: чаму можна атрымаць штраф за купанне, скажам, у вадаёмах каля Руднікаў або Шаней? Там такі ж, як у Пружанах ці Клепачах, пясчаны бераг і зусім неглыбока.

Па-першае, падрыхтоўка вадаёма звязана з папярэднім абследаваннем яго дна. Вадалазы прыбіраюць прадметы, якія могуць траўмаваць купальшчыкаў, вызначаюць акваторыю, дзе для адпачываючых няма пагрозы ў выглядзе падводных крыніц ці прамыін. Потым на беразе ствараецца неабходная інфраструктура, а санітарныя службы бяруць пад пільны нагляд якасць вады. Сажалка замацоўваецца за арганізацыяй, якая павінна стварыць на беразе выратавальны ведамасны пост, а на ім арганізаваць службу матросаў-выратавальнікаў. Апошнія забяспечваюцца першаснымі сродкамі ратавання і аказання медыцынскай дапамогі.


Як бачна, розніца паміж афіцыйнымі месцамі адпачынку ля вады і недазволенымі для купання вадаёмамі велізарная. І звязана яна, у першую чаргу, менавіта з бяспекай людзей.

Як да сваёй бяспекі ставяцца жыхары раёна?


Шарашэўскае возера — не вельмі вядомы ў раёне вадаём. Як расказвае матрос-выратавальнік ведамаснага паста Б.Р.Амяльянец, у асноўным адпачываюць тут пасялкоўцы і жыхары бліжэйшых вёсак.
— Мы з напарнікам, як карэнныя шарашэўцы, ведаем практычна ўсіх і што ад каго варта чакаць,— зазначае Барыс Рыгоравіч.— Якой сям’і з дзецьмі дастаткова проста нагадаць пра правілы бяспекі на вадзе, за якой кампаніяй трэба пільна назіраць. Летась былі выпадкі, калі маладыя людзі спрабавалі пашкодзіць малыя архітэктурныя формы на беразе. Але з імі была праведзена гутарка, і сёлета ніякіх падобных праблем не было. Пры неабходнасці можам звярнуцца да родных буянаў, каб дапамаглі на іх паўздзейнічаць.


А што мы пачулі ад выратавальнікаў на так званым гарадскім басейне? На вадаёме ў цэнтры горада таксама збіраюцца кампаніі, некаторыя прыносяць з сабой піва і алкагольныя напоі. Але, улічваючы блізкасць райаддзела міліцыі, пераважная большасць дарослых адэкватна рэагуе на заўвагі дзяжурных матросаў.

А вось з падлеткамі — праблема.
Больш таго, часам узнікаюць непаразуменні і з іх бацькамі. Днямі адна з кампаній ладзіла «маладзецкія гульні» ў вадзе, у выніку якіх аказаліся абарванымі буйкі. На заўвагу выратавальніка падлеткі адрэагавалі агрэсіўна, і, каб прытрымаць моладзь, дзяжурны матрос вымушаны быў схапіць аднаго з юнакоў за руку. На наступны дзень да матроса прыехала маці і прыгразіла судом за «прымяненне сілы».
Толькі чаму жанчына, як дарослы чалавек, не падумала, што выратавальнік не з уласнага капрызу «прытармазіў» яе сына? Задача работніка — забяспечыць парадак для ўсіх і сачыць за бяспекай людзей, у тым ліку і стрымліваючы празмерна энергічныя паводзіны.

Часцей за ўсё небяспека ствараецца менавіта з-за адсутнасці кантролю з боку дарослых за тым, як іх дзеці бавяць вольны час.
Пацвярджэнне гэтаму мы ўбачылі на тым жа басейне, дзе юная жыхарка горада і яе сяброўка з Шарашэва без суправаджэння дарослых смела кінуліся ў ваду. Як потым высветлілася, маці адной з іх ведала, што дачка сабралася на возера, і дазволіла ёй купацца! Хаця абедзвюх дзяўчынак у школе настаўнікі папярэджвалі, што знаходжанне на пляжы без дарослых у такім узросце з’яўляецца правапарушэннем. Але ж — мама дазволіла…

Яшчэ адной праблемай, як расказаў Ю.М. Амельянчук, застаецца
злоўжыванне спіртнымі напоямі на пляжы.
— Амаль штодня на дазволеных для купання вадаёмах у спякотныя дні збіралася па 100 і больш чалавек,— гаворыць Юрый Міхайлавіч.— Пільна кантраляваць паводзіны кожнага паасобку адзін дзяжурны матрос не ў стане. Ды і бывае, што на заўвагі ратавальніка грама-дзяне на падпітку адказваюць… кулакамі. Даводзіцца выклікаць міліцэйскія нарады. Але ж варта задумацца, што падобная заўвага, магчыма, выратуе чыё-небудзь жыццё.
Да заканчэння купальнага сезона яшчэ далёка, па прагнозах сіноптыкаў не выключана вяртанне на Пружаншчыну спякоты. На жаль, днямі сумная статыстыка бягучага года папоўнілася: у мінулыя выхадныя ў Лінове патануў малады чалавек. Хочацца спадзявацца, што больш ахвяраў вады не будзе. Але ж гэта залежыць ад саміх адпачываючых.

Даведка «РБ»
З пачатку сёлетняга купальнага перыяду, як расказвае старшы інспектар прафілактыкі райаддзела міліцыі А.В.Кунцэвіч, да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў на пляжах прыцягнута 17 чалавек. Трое аштрафаваны за купанне ў недазволеных месцах. На дваіх вадзіцеляў складзены пратаколы па лініі Дзяржаўтаінспекцыі. Шэраг грамадзян адказалі рублём за абразу дзяжурных матросаў.

Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).