Четверг, 20 января 2022

Выратавальнікам давялося месяц лячыцца пасля пажару ў Ружанах. Падчас першага дзяжурства пасля выздараўлення паступіў трывожны выклік…

1 222

Ці многія з нас змаглі б пасля выйсця са складанай сітуацыі, у якой смерць стаяла літаральна ў кроку, застацца на тым жа шляху, рызыкаваць і далей?


Як адказваюць выратавальнікі з паста №18 г.п.Ружаны камандзір аддзялення С.А.Пянка і вадзіцель Я.В.Ануфрыенка: «Гэта работа, якую мы павінны выконваць»…

«Было сапраўды страшна»
Раніцай восьмага студзеня трывожны выклік паступіў з адной з ружанскіх вуліц, дзе загарэўся жылы дом. Пажар здарыўся літаральна за паўгадзіны да канца змены Сяргея Пянкі і Яўгена Ануфрыенкі. Калі выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, дом быў поўнасцю ахоплены агнём, як кажуць пажарныя, пераўтварыўся ў «свечку». Але суседзі сказалі, што там можа знаходзіцца чалавек. Таму абодва выратавальнікі ў газадымаабарончай экіпіроўцы адправіліся на пошукі пацярпелага. Падчас правядзення выратавальнай аперацыі адбыўся выкід агню — і пажарныя апынуліся ў вогненнай пастцы.
— Бачнасць была нулявая, у дадатак перагарэў пажарны рукаў, і мы засталіся без вады,— успамінае Сяргей Аляксандравіч.— Пацярпеламу, на жаль, мы ўжо нічым не маглі дапамагчы, неабходна было ратаваць ужо свае жыцці.


Як прызнаюцца мужчыны, у нейкі момант стала па-сапраўднаму страшна. Дагэтуль яны чулі гісторыі пра сваіх калег, якія цаной уласнага жыцця ратавалі людзей. Але апынуцца самім у такой жа сітуацыі — гэта зусім іншае. На прыняцце рашэння былі секунды: трымаючыся адзін за другога, выратавальнікі пачалі шукаць выйсце.

— Мы ішлі ўздоўж сцяны, каб знайсці акно, бо дзвярны праём быў поўнасцю ахоплены агнём,— расказвае Яўген Вітальевіч.
Тэмпература была настолькі высокая, што на выратавальніках пачалі плавіцца пластыкавыя элементы абароны, загарэліся рукавіцы і абутак. Скакаць з акна давялося з немалой вышыні, разам з кіслароднымі балонамі, але снег крыху змякчыў удар.

Нягледзячы на моцныя апёкі, пажарныя працягвалі змагацца з агнём да прыезду падмацавання. І толькі потым звярнуліся па дапамогу да медыкаў.

«Хто, калі не мы?»
У бальніцы абодва правялі каля месяца: лячылі апёкі твару, рук, ног. А пасля выпіскі мужчыны зноў разам заступілі на змену. І першае ж дзяжурства… пачалося з трывожнага выкліку: гарэў жылы дом у в.Загалічы.


Калі апынуліся на месцы здарэння, то ўбачылі сітуацыю, «адзін у адзін» падобную на тую, месячнай даўнасці. І адразу ўспомнілі страх і боль, што давялося перажыць. Аднак праз долі секунды абодва кінуліся ў дым і агонь.


На гэты раз Сяргею Пянку і Яўгену Ануфрыенку ўдалося выратаваць пацярпелага, і самі абышліся без траўмаў. Пашанцавала? А можа, смерць спалохалася такой мужнасці і адступіла?


Ні Сяргей, ні Яўген у сваёй рабоце не бачаць нічога гераічнага. Дарэчы, давялося размаўляць са многімі пажарнымі, і ні адзін не змог назваць дакладную колькасць выратаваных людзей: маўляў, былі падобныя выпадкі, але ніхто не лічыў іх. Ды і навошта? Гэта ж работа такая — ратаваць пацярпелых.


Тое ж самае кажуць і ружанскія пажарныя. На пытанне: «Чаму зноў рызыкуеце, пры гэтым не толькі ўласным жыццём, але і дабрабытам родных?» — адказалі: «Хто, калі не мы?». І такі адказ, улічваючы ўчынак абодвух, наўрад ці хто палічыць банальным…
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.