Воскресенье, 26 сентября 2021

Віншуем першага «тысячніка» на адвозцы збожжа сярод маладых вадзіцеляў!

751

Галоўны прынцып, якім кіруюцца ў ААТ «Ружаны-Агра» падчас жніва, – спяшацца павольна. Дзякуючы гэтаму, гаспадарка дасягае высокіх паказчыкаў, а яшчэ радуе навінамі. Калі ў панядзелак віншавалі калектыў ЗСК-80 у Калазубах, то ў чацвер стала вядома, што ў таварыстве з’явіўся новы герой. Першым у раёне «тысячнікам» на адвозцы збожжа сярод маладых вадзіцеляў сёлета стаў Аляксандр Баран.


«Злавіць» аднаго з лідараў жніва-2021 аказалася даволі няпроста. У гарачы час уборачнай кампаніі, як пасля прызнаўся Аляксандр Аляксандравіч, кожная мінута ў прамым сэнсе каштуе дорага. Таму віншаванні і падарунак ад прафкама работнікаў аграпрамысловага комплексу вадзіцель прымаў прама ў полі.


Старшыня прафкама Д.У.Чайкоўскі расказаў, што кропкай адліку ў абласных спаборніцтвах вадзіцеляў на адвозцы збожжа з’яўляецца адзнака ў 2 тысячы тон. У нашым раёне вырашылі віншаваць і «тысячнікаў», каб заахвоціць вадзіцеляў на добрую і выніковую працу.


На яе ж арыентаваны і Аляксандр Аляксандравіч. Сёлетняе жніво для вадзіцеля юбілейнае, дзясятае па ліку. Столькі ж гадоў ён працуе і ў «Ружаны-Агра». З доляй настальгіі ўспамінае свой першы аўтамабіль «ГАЗ-53» і, вядома, першыя перавезеныя тоны.


Другі сезон «баявым сябрам» Аляксандра Барана з’яўляецца «МАЗ-650169». Летась на гэтым аўтамабілі ён перавёз 2700 тон збожжа. Гэтая лічба – задача-мінімум на жніво-2021. Але, безумоўна, многае залежыць ад надвор’я.


— Яшчэ на мінулым тыдні працаваць было намнога цяжэй. Калі тэмпература на вуліцы больш за 30 градусаў, кабіна аўтамабіля моцна награецца. На дапамогу прыходзіць вентылятар. А яшчэ халодная вада, якую даюць нам разам з абедам і вячэрай. Зараз тэмпература паветра больш-менш камфортная, таму стараемся максімальна выкарыстаць гэты час, — дзеліцца Аляксандр Аляксандравіч.


У кузаве яго «МАЗа» ў гэтым сезоне ўжо пабываў яравы ячмень, зараз перавозіць пшаніцу. Збожжа з поля адпраўляецца на ЗСК-80. Якраз у чацвер Аляксандр Аляксандравіч здолеў за раз перавезці 25 тон! За дзень робіцца 7-8 рэйсаў, таму за змену рэальна перавезці 200 тон новага ўраджаю.


Вядома, з узнагародай вадзіцеля павіншуюць дома. Аляксандр Баран – шматдзетны бацька. Разам з жонкай Аксанай, якую сустрэў у ААТ «Ружаны-Агра», гадуе траіх дзетак. Старэйшаму Сашку – дзевяць, Леры – чатыры, а малодшай Вікторыі ўсяго 1,5 гадкі. Ці возьмуць малыя прыклад з бацькі і ці стануць працаваць у сферы сельскай гаспадаркі, гаварыць пакуль рана. Дакладна вядома тое, што Аляксандр Аляксандравіч не збіраецца тарМАЗіць, таму, не затрымліваючыся надоўга, паехаў на сваім «МАЗе» пакараць новыя вяршыні жніва-2021.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.