Вторник, 16 апреля 2024

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава мастака Сяргея Махнача “Чароўны лес”

1 048

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася персанальная выстава мінскага мастака Сяргея Махнача “Чароўны лес”.
Сяргей — непрафесійны мастак. У свой час ён скончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, атрымаў дадатковую адукацыю ў вобласці менеджменту, працуе мене-джарам у сферы інфармацыйных тэхналогій.


Мастацтвам ён захапляўся з ранніх гадоў жыцця: вывучаў альбомы жывапісу з хатняй бібліятэкі, ствараў уласныя малюнкі. Імпульсам для аднаўлення захаплення стала каман-дзіроўка ў ЗША ў 2015 г., дзе прадставілася магчымасць наведаць Музей мастацтваў у г.Філадэльфіі і пабачыць арыгіналы карцін Поля Сезана, Вінсэнта Ван Гога і іншых блізкіх па духу творцаў. Як вынік — на працягу некалькіх гадоў Сяргей Махнач браў індывідуальныя ўрокі жывапісу, малюнка і кампазіцыі.


Першую персанальную выставу наладзіў у 2019 годзе, а сёння яго работы захоўваюцца ў мастацкіх галерэях, музейных фондах, прыватных калекцыях Беларусі і Расіі.


Аўтар працуе ў жанрах пейзажа, нацюрморта, жанравага і абстрактнага жывапісу. Ён адносіць уласныя творы да інсітнага – наіўнага, непрафесійнага мастацтва. Але работам уласцівы асаблівае колераўспрыманне, нечаканыя сюжэты, містычны настрой, цікавыя вобразы, якія падахвочваюць да роздуму і сузірання.


Многія работы створаны пад уражаннем ад падарожжаў у маляўнічыя Індыю і Шры-Ланку. Безумоўна, натхняюць мастака і беларускія краявіды. На выставе “Чароўны лес” прадстаўлены творы, аб’яднаныя агульнай тэмай прыроды: мы бачым лес з яго рэальнымі і фантастычнымі насельнікамі.

Падчас мерапрыемства мастак выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва з музеем. Гарманічна дапоўніла сустрэчу музычнае выступленне барда Аляксандра Казея і Алёны Жмайлік. Напрыканцы мерапрыемства кожны жадаючы атрымаў паштоўку з выявай карціны мастака і аўтограф з пажаданнямі.


Запрашаем жыхароў і гасцей горада далучыцца да прыгожага. Выстава будзе экспанавацца ў Пружанскім палацыку да сярэдзіны жніўня.


Арына Сысаляціна, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.