Воскресенье, 26 сентября 2021

Пружанскія сельгаспрадпрыемствы прыступілі да ўборкі рапсу

528


«Рапсавы алей на стале —здароўе ўсёй сям’і!»

Сацыяльны праект пад такой назвай запускае «Белдзяржхарчпрам». Як паведамляюць у прэс-службе канцэрна, мэта яго — азнаёміць беларусаў з высакаякасным здаровым прадуктам айчынных кампаній.


Па сваіх уласцівасцях рапсавы алей не саступае аліўкаваму, а па колькасці ў складзе поліненасычаных тлустых кіслот нават пераўзыходзіць яго. Ён аднесены да лепшых харчовых раслінных тлушчаў па тлустакіслотным складзе. На жаль, сёння пра гэта мала хто ведае. Таму так важна папулярызаваць рапсавы алей сярод насельніцтва.


Рапсавы алей не толькі можна, але і вельмі карысна выкарыстоўваць для гатавання ежы. Беларускі рапсавы алей — без пабочнага паху і прысмаку, рафінаваны, з высокай ступенню ачысткі і нізкай колькасцю ў складзе насычаных тлушчаў.


Але каб рапсавы алей з‘явіўся на стале спажыўца, спачатку патрэбна… вырасціць рапс. Дарэчы, медыкі падкрэсліваюць: найбольш карысныя для арганізму прадукты — сыравіна для якіх вырашчана ў сваёй мясцовасці.


Сярод іншых работ зараз у сельгасарганізацыях Пружаншчыны ідзе ўборка азімага рапсу. Гэтая культура займае ў раёне амаль 6 тыс. га. Найбольшыя палеткі маюць ААТ «Жураўлінае» і «Ружаны-Агра» – па 1100 га.


У ААТ «Пружанскае» пад азімым рапсам занята 200 га. Да ўборкі прыступілі напрыканцы мінулага тыдня, і на 20 ліпеня завяршылі работы на 49 га. На полі каля Слабудкі рапс убіралі з дапамогай камбайна «Палессе GS 10» (на здымку).


***
Па стане на 19 ліпеня на Брэстчыне збожжавыя ўбраны на 12,6% плошчаў, у нашым раёне – на 12,1%. Яшчэ на мінулым тыдні аграрыі раёна справіліся з уборкай азімага ячменю. Усяго сабралі 3872 тоны ячменю з 903 га, пры гэтым ураджайнасць па раёне склала 42,9 ц/га.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.