Четверг, 20 января 2022

«Летні патруль» прайшоўся па пляжы гарадскога возера

720

У рамках акцыі «Летні патруль» работнікі раённага таварыства выратавання на водах сумесна з прадстаўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і райаддзела ўнутраных спраў, а таксама з членамі грамадскага аб’яднання «БРСМ» правялі рэйд па пляжы гарадскога вадасховішча.


Апошнім часам рэзка павялічыліся трагічныя выпадкі на вадаёмах. Колькасць загінуўшых у краіне толькі за першую палову лета наблізілася да сотні. За мінулыя выхадныя ахвярамі вады на Брэстчыне стала шэсць чалавек, у тым ліку адзін трагічны выпадак адбыўся на Пружаншчыне. І практычна ва ўсіх выпадках вінаватымі з’яўляюцца чалавечая бестурботнасць або злоўжыванне спіртнымі напоямі.


З мэтай нагадаць правілы бяспекі падчас купання і патрабаванні да паводзінаў на пляжы ўдзельнікі акцыі звярталіся да адпачываючых на гарадскім возеры. Па-за ўвагай не засталіся ні маладыя кампаніі, ні бацькі з малымі дзецьмі. Усім былі раздадзены тэматычныя лістоўкі. Не абышлося і без казусных сітуацый: аднаго з купальшчыкаў прымусілі пакінуць бераг возера, бо ён быў у нецвярозым стане.

Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).