Суббота, 13 августа 2022

Прафсаюз работнікаў АПК павіншаваў першых «тысячнікаў» на дапрацоўцы збожжа

753

Уборачная кампанія для аграрыяў раёна не проста адказны і вызначальны час. Гэта адзін з чарговых экзаменаў, які паказвае, ці добра здадзены папярэднія: пасяўная кампанія, догляд культур…
Каб сёлетні раённы каравай быў па-сапраўднаму важкім, зладжана працаваць павінны ўсе, хто задзейнічаны на ўборцы. Немалаважная роля належыць і зернесушыльным комплексам.


Пра тое, што нават самае, здавалася б, чыстае і сухое збожжа патрабуе дапрацоўкі, выдатна ведаюць работнікі ЗСК-80 з ААТ «Ружаны-Агра». Комплекс у Калазубах пачаў работу дзесяць гадоў таму. Не першы сезон яго калектыў – у лідарах уборачнай кампаніі.


Вось і сёлета менавіта тут першымі ў раёне дапрацавалі 1000 тон збожжа новага ўраджаю. Запаветны рубеж пакарыўся работнікам яшчэ ў мінулы чацвер, а ўжо да панядзелка гэтая лічба ўзрасла больш чым удвая.


З гэтай нагоды на комплекс завіталі прадстаўнікі раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. У гарачы час жніва прафсаюз не толькі сочыць за ўмовамі работы, але і адзначае лепшых работнікаў.

Старшыня райкама прафсаюза Д.У.Чайкоўскі павіншаваў тых, дзякуючы каму зерне набывае аптымальную вільготнасць, і ўручыў каштоўныя падарункі. У сваю чаргу, работнікі выказалі надзею, што і надалей будуць заставацца ў лідарах і ўмацоўваць пазіцыі гаспадаркі.


— Атрымліваць узнагароды заўсёды прыемна. Але за любым дасягненнем стаіць чалавек. Першыя тысячы, як і наступныя, — заслуга ўсяго нашага калектыву, — кажа начальнік камбікормавага цэха, што месціцца побач з ЗСК-80, М.М.Чаргейка.

Па словах Мікалая Мікалаевіча, галоўная задача, якая стаіць перад работнікамі комплексу, – дапрацаваць зерне з мінімальнымі стратамі. Тут яго даводзяць да вільготнасці ў 14%. Магутнасці комплексу дазваляюць перапрацаваць больш за тысячу тон збожжа ў суткі пры бесперапыннай загрузцы. За сезон праз ЗСК-80 праходзіць каля 20 тыс. тон збожжа без уліку кукурузы.


Такія вялікія аб’ёмы ўраджаю, упэўнены ў «Ружаны-Агра», забяспечаць фінансавую стабільнасць гаспадаркі. А каб так і было, праца на палетках і ЗСК працягваецца…

На здымку: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Д.У.Чайкоўскі і галоўны бухгалтар В.В.Зубкова ўручаюць узнагароды аператарам ЗСК-80 ААТ «Ружаны-Агра» Сяргею Вітальевічу Левянкову і Дзмітрыю Міхайлавічу Лазару.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).