Суббота, 13 августа 2022

Гарачыня паспрыяла хуткаму выспяванню льну і значна паменшыла працэнт палягання культуры

671

У льнянога палетка заўсёды нейкая магічная і непаўторная прыгажосць. Яшчэ нядаўна ён нагадваў мора, хваляваўся блакітнай квеценню. Цяпер жа зялёна-залацістыя стужкі цягнуцца да самага гарызонту… З пачаткам ліпеня ў работнікаў ільнозавода надышоў адказны час цераблення «паўночнага шоўку».


Палетак ля в. Вялікія Якавічы немалы – 69 гектараў, але расцягваць работу няма калі. Усяго вясной на прадпрыемстве пасеялі 2844 гектары льну. Сваёй чаргі чакае яшчэ крыху больш за 40% плошчаў. Палеткі з тэхнічнай культурай знаходзяцца ў нашым, а таксама ў суседніх Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах.


Церабленне даўгунцу вядзе механізаваны атрад. Штодзень у поле выходзіць 11 адзінак тэхнікі. Работы выконваюцца з дапамогай самаходных церабілак «ТСЛ-2.4». Тэхніка даказала сваю эфектыўнасць. Здаецца, у імгненне на месцы, дзе толькі што рос лён, з’яўляецца акуратная стужка.


Праўда, працаваць ва ўмовах спякотнага надвор’я даволі няпроста: следам за церабілкамі цягнецца шлейф пылу. Але менавіта гарачыня паспрыяла хуткаму выспяванню льну. З-за яе і працэнт палягання культуры сёлета нязначны.


Для трактарыстаў, якія шчыравалі ў полі, гэты сезон далёка не першы. Юрый Бушко і Сяргей Басько на прадпрыемстве з 2003 года. Прыемна для карэспандэнтаў было сустрэць і аднаго з пераможцаў рэдакцыйнага конкурсу першага паўгоддзя Алега Літвіновіча.


— Зараз для нас важная кожная мінута, таму час для чытання газеты знаходжу толькі позна ўвечары, — усміхаецца Алег Мікалаевіч.
— Сапраўды, план немалы, — кажа Юрый Уладзіміравіч Бушко. — За дзень мы праходзім прыкладна па 20 га плошчаў. Да работ прыступілі 5 ліпеня. На нашых палетках у Кобрынскім раёне правялі церабленне льну на 125 га. Ведаеце, такая работа мне вельмі падабаецца, асабліва калі бачыш яе вынік.


Пасля цераблення некаторы час лён застаецца на полі. Як расказвае намеснік дырэктара льнозавода Д.М.Жогал, траста павінна насыціцца расой і як след зазалаціцца пад сонечнымі прамянямі. Затым на поле заступае іншая тэхніка, якая будзе пераварочваць стужкі, ачэсваць галоўкі з насеннем…


Сёлета на прадпрыемстве плануюць сабраць па 4,5 т трасты з гектара. У далейшым лён з Пружан адправіцца на Аршанскі льнокамбінат і нават за межы нашай краіны.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).