Воскресенье, 26 сентября 2021

Пераможцы нашага конкурсу расказалі, чаму сябруюць з «раёнкай» і падзяліліся сакрэтамі ўдачы

4 184

Вось і яшчэ 21 чалавек, магчыма, назаве сваім самым яркім успамінам ад знаёмства з “раёнкай” выйгрыш у рэдакцыйным конкурсе. Мясныя падарункі ад ААТ “Ружаны-Агра” ўжо знайшлі сваіх гаспадароў. Некаторыя пераможцы падзяліліся з газетай сваімі ўражаннямі.

Васіль Уладзіміравіч Сарока, г. Пружаны:
— Газету выпісваю пастаянна. Заўсёды шукаю на старонках фотаздымкі і аповеды пра сваіх знаёмых, іх чытаю з асаблівым задавальненнем. Цікавая мне і рубрыка “Трывожны тэлефон”. У далёкім 1984 годзе я і сам стаў героем публікацыі. На жаль, тая газета не захавалася… А вось нумары, у якіх напісана пра маю ўнучку Танечку (ёй ужо таксама пашчасціла атрымаць ад вас падарунак), цяпер захоўваю.


Прызнацца, калі мы падводзілі вынікі, то меркавалі, што пераможцы Аляксандр і Зоя Міхайлаўна Сушчукі — цёзкі па прозвішчы. Аказалася, што гэта сын і маці, якія па-асобку выпісваюць газету і паўдзельнічалі ў конкурсе.
— Я чытаю газету вельмі даўно, яе заўсёды выпісвалі мае бацькі. Пачынаю з аб’яў, заўсёды чакаю выхаду “АўтаБудняў”, сачу за паведамленнямі ДАІ, — падзяліўся Аляксандр Мікалаевіч. А Зоя Міхайлаўна дадала, што і Аляксандр, і яго бацька, і яна сама неаднаразова станавіліся героямі нашых публікацый.

Але пра яшчэ большае супадзенне распавяла наша чытачка Таццяна, якая адправіла на конкурс ажно чатыры квіткі:
— Я даслала чатыры лісты: ад сябе, ад мамы, ад свекрыві і яе сястры. І два з іх прынеслі перамогу! На гэты раз пашанцавала маме Людміле Сяргееўне Касьян і цётцы мужа Людміле Віктараўне Пабегус. Дарэчы, у вашых конкурсах такім складам мы ўдзельнічаем пастаянна. Усе мы чытаем газету ад першай да апошняй старонкі. Сярэдні сын хутка пойдзе ў першы клас. Думаю, прыйшоў час і яго знаёміць з выданнем, тым больш, што ёсць шмат цікавай інфармацыі для дзяцей.
Людміла Віктараўна Пабегус са Стараволі пацвердзіла словы Таццяны, што газета прачытваецца поўнасцю, толькі ўдакладніла парадак:
— Спачатку віншаванні, хто ўзяў шлюб, нарадзіўся. Глядзім і спачуванні. Потым знаёмімся з прагнозам надвор’я, а пасля ўважліва чытаем кожную навіну.
На пытанне, ці часта ўдзельнічае сям‘я ў падобных конкурсах, адказаў яе муж:
— Эх, бычка не выйгралі…

Барыс Яфімавіч Калмакоў родам з Палтавы, але больш за 60 гадоў жыве ў Беларусі. Як толькі асеў на Пружаншчыне, так і пачаў сябраваць з газетай. У кожным нумары, як і многія, шукае менавіта сваіх знаёмых. З асаблівай цікавасцю чытаў пра гісторыю Слабудкі, у якой праслужыў шмат гадоў. Хоць і застаўся не зусім згодным з некаторымі момантамі, але серыя артыкулаў запомнілася.

Аляксандр Мікалаевіч Раманчанка выпісвае газету каля пяці гадоў. І ён, і жонка адзначаюць, што самае цікавае – гэта мясцовыя навіны. Ні з якога іншага сродку масавай інфармацыі не даведаешся столькі новага пра падзеі на Пружаншчыне.

— Газету выпісвалі і мае бацькі, і бацькі мужа, — дзеліцца яшчэ адна наша пераможца Людміла Андрэеўна Баханкевіч. – Цяпер мы з мужам працягваем добрую традыцыю. З газеты даведваемся, што і дзе нарабілася ў раёне, якіх змяненняў чакаць у бліжэйшы час. Пачынаем з рубрыкі “Адным абзацам”, а заканчваем “Інтэрнэт-кур’ёзамі”, якія прымушаюць усміхацца і дораць добры настрой. А гістарычнымі артыкуламі, асабліва пра Вялікую Айчынную вайну, проста зачытваемся!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Кацярыны Масік.