Воскресенье, 26 сентября 2021

ТОП-5 работ з клубніцамі ў ліпені

589

Суніцы садовыя (клубніцы) — мабыць, найбольш распаўсюджаная і папулярная ягадная культура. Закладам атрымання добрага ўраджаю ў наступным годзе з’яўляецца догляд плантацыі ў канцы лета — пачатку восені.

  1. Выдаленне вусоў неабходна праводзіць пры дапамозе сякатара або садовых нажніц. Ні ў якім разе нельга адрываць вусы рукамі: так можна пашкодзіць расліну. Таксама варта выдаліць усё хворае і пашкоджанае лісце.
  2. Праполка, рыхленне і паліў. Пустазелле паглынае большую частку пажыўных элементаў і глебавай вільгаці, у выніку чаго моцна прыгнятаецца рост раслін. Пасля заканчэння плоданашэння расліны працягваюць расці, таму праполка і рыхленне маюць важнае значэнне.
    Недахоп вільгаці ў гэты перыяд тармозіць рост і развіццё лісця і парасткаў, прыдатачных каранёў, што ў канчатковым выніку прыводзіць да дрэннай закладкі генерацыйных пупышак пад ураджай будучага года. Паліў праводзіцца ў залежнасці ад умоў надвор’я — звычайна 1-2 разы на тыдзень. Варта памятаць: нягледзячы на тое, што суніцы адносяцца да вільгацелюбівых раслін, лішкі вільгаці яны не пераносяць.
  3. Падкормка. У канцы лета неабходна ўнесці фосфарна-калійныя ўгнаенні (20-30 г суперфасфату і 10-15 г сульфату калію на 1 кв.м або любое іншае восеньскае ўгнаенне паводле інструкцыі).
  4. Барацьба са шкоднікамі і хваробамі. Пры засяленні кустоў малінава-сунічным даўганосікам рэкамендуецца апрацоўка прэпаратамі “Актэлік”, “Фуфанон”. Пры выяўленні павуціннага кляшча неабходна зрэзаць і спаліць усё лісце, пакідаючы верхавінную пупышку.
    Суніцы могуць пакутаваць ад такіх хвароб, як шэрая гніль, мучністая раса, плямістасць лісця. Пры выяўленні прыкмет гэтых захворванняў неабходна правесці апрацоўку раслін прэпаратамі “Байлетон”, “Бэнам”, “Хорус”, “Эўпарэн”.
  5. Перадпасадачная падрыхтоўка глебы. Участак для пасадкі суніц садовых неабходна падрыхтаваць не пазней чым за 1-2 тыдні. Пасадка гэтай культуры ў Беларусі праводзіцца ў другой палове жніўня — першай палове верасня, гэта значыць, што падрыхтоўку глебы неабходна правесці напрыканцы ліпеня.
    Перапрэлы гной лепш унесці пад папярэднік у дозе 4-6 кг/м2. Таксама пры падрыхтоўцы глебы ўносяць фосфарныя (25 г на 1 м2 падвойнага суперфасфату) і калійныя (20 г на 1 м2 хлорыстага калію) угнаенні.
    Таццяна Кабрынец,
    навуковы супрацоўнік аддзела пладаводства РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі»