Четверг, 18 апреля 2024

Падрабязна расказваем, як вырасціць лаванду на ўласным падворку

1 102

Прызнаюся,вырошчванне лаванды было і маёй марай, але пасля няўдалай першай спробы больш за справу не бралася. А вось Алена Каляда не з тых, хто лёгка апускае рукі. Сёння на яе падворку красуецца цэлая плантацыя духмяных ліловых кветак.


Алена Васільеўна пагадзілася даць парады па вырошчванні расліны, а таксама расказала сваю гісторыю любові да гэтай кветкі.


— Гадоў дзесяць таму, будучы ў Крыме, я проста была зачаравана лавандай. А яе водар — казачны пах лета, сонца, мора, чараўніцтва…
Вось тады я вырашыла, што абавязкова вырашчу лаванду ў сябе на падворку. Купіла насенне, пасеяла па інструкцыі, але… ніводнае семечка не прарасло. На наступны год вывучыла ўсе магчымыя нюансы вырошчвання, зрабіла другую спробу — і атрымала тры тоненькія, як нітачка, сцяблінкі. Гэтыя першыя тры расліны зараз ужо прыгожыя кусты, квітнеюць і цяпер.


У нашай мясцовасці выдатна прыжываецца і расце лаванда вузкалістая (Lavandula angustifolia). Гэта кампактны куст вышынёй 50-70 см і дыяметрам да 1 метра. Пасадка і догляд вузкалістай лаванды — справа нескладаная: яна непатрабавальная, не баіцца нізкіх тэмператур, добра расце ў сонечных месцах.


Ёсць у мяне і кусцік лаванды шыракалістай (французскай). Ад іншых гатункаў яна адрозніваецца вельмі даўкім, насычаным водарам. Спрабавала вырасціць і лаванду гібрыдную (галандскую) — самы буйны гатунак, але ў нас яна не прыжываецца, баіцца маразоў.

Лаванда аддае перавагу бедным глебам. На ўрадлівай парасткі і лісце вырастаюць хутчэй, але цвіце расліна горш. Лаванда не любіць угнаенняў. Не любіць яна і багатага паліву: ён неабходны толькі ў перыяды засухі, пасля зрэзвання кветак. Тронкі для ўкаранення паліваюць два-тры разы на тыдзень.


Насенне лаванды трэба абавязкова стратыфікаваць (патрымаць у холадзе) у халадзільніку 2-3 месяцы перад пасевам, інакш не ўзыдзе. У канцы лютага — пачатку сакавіка насенне высейваюць у кантэйнеры (лепш адразу ў асобныя ёмістасці) і прарошчваюць на святле пры тэмпературы +15-21° С. У маі-чэрвені расаду можна высаджваць у грунт. На адным месцы куст лаванды расце да дваццаці пяці гадоў, а перасадак дарослыя расліны не любяць, таму месца пасадкі лепш вызначыць адразу.

Можна размножваць лаванду і вегетатыўным спосабам — зялёнымі тронкамі або атожылкамі. Гэты спосаб з’яўляецца самым простым. У вясновы час атожылкі трэба акуратна адхіліць і пакласці ў канаўку глы-бінёй тры-пяць сантыметраў. Прысыпаць глебай і добра паліць. Праз год расліны стануць цалкам самастойнымі, і іх можна будзе адсаджваць.


Любавацца квітнеючай лавандай і атрымліваць асалоду ад яе водару можна бясконца. І падоўжыць гэтае задавальненне таксама можна. Я фармірую з галінак выдатныя букеты, раблю сашэ ў выглядзе мяшочкаў, падушачак, цацак, дадаю ў чай кветкі і лісце. Лаванда захоўвае пах да трох гадоў. Мая мама сцвярджае, што, прыклаўшы да цела мяшочак з лавандай, можна зняць боль у мышцах і нават пазбавіцца ад алергіі.


Гэта расліна заўсёды выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне як антысептычны і заспакойваючы сродак. Лаванда можа дапамагчы змагацца з мігрэнню і галаўным болем, умацоўвае імунную сістэму і запавольвае старэнне. Акрамя іншых карысных уласцівасцей, лаванда — антыбактэрыяльны сродак, так што травяны настой з выкарыстаннем сушаных кветак дапамагае змагацца з прастудай, кашлем і віруснымі захворваннямі, здымае стомленасць і любое недамаганне.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч. Фота Кацярына Масік із архіва Алена каляды.