Четверг, 20 января 2022

Вакцынацыя супраць COVID-19: крочым наперад

1 815

Мэта кампаніі па вакцынацыі насельніцтва супраць інфекцыі COVID-19 — узяцце віруса пад кантроль: чым больш людзей будзе мець імунітэт да віруса, тым хутчэй ён перастане цыркуляваць.
Але ў людзей часта ўзнікаюць пытанні: што рабіць тым, хто ўжо хварэў на каранавірус. Ці патрэбна (і ці можна) ім рабіць вакцынацыю.


Паколькі натуральны імунітэт пасля перанесенай хваробы не з’яўляецца пажыццёвым (па розных дадзеных ён трымаецца ад 3 да 6 месяцаў), спадзявацца на яго не варта. Тым больш, што ў пэўнай колькасці людзей пасля перанесенай хваробы, асабліва ў лёгкай форме, ахоўныя антыцелы зусім не фарміруюцца, і чалавек становіцца ўразлівым да паўторнага заражэння.


Інструкцыя да вакцыны не забараняе вакцынацыю асоб, якія ўжо перанеслі каранавірусную інфекцыю. Але тым, хто перахварэў на COVID-19 і тэст ПЛР паказаў у іх наяўнасць антыцел, рэкамендуецца адкласці вакцынацыю на 3-6 месяцаў.


Калі казаць пра катэгорыі людзей, якім абавязкова патрэбна прышчапіцца, то адзначу: вакцынацыя проста неабходна людзям, якія маюць высокую рызыку захварэць на каранавірус і пры гэтым атрымаць цяжкія ўскладненні. Гэта пажылыя асобы, асобы з хранічнымі захворваннямі лёгкіх і сэрца і г.д . Безумоўна, ёсць людзі, якім вакцынацыя па пэўных прычынах проціпаказана. Тым больш, каб іх абараніць, павінны быць прышчэплены ўсе, хто іх акружае.
Важна разумець, што сама вакцына не ўтрымлівае каранавірус, таму заразіцца і захварэць ад яе немагчыма.


Тэст на каранавірус перад прышчэпкай здаваць неабавязкова, паколькі вакцынацыя пры бессімптомнай форме інфекцыі не прынясе шкоды здароўю.


Сёння пружанскія медыкі выкарыстоўваюць расійскую вакцыну “Гам-Кавід-Вак” (гандлёвая марка “Спадарожнік V”). Яна распрацавана Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і ўжо даказала сваю бяспеку.


Вынікі выпрабаванняў паказваюць устойлівы моцны ахоўны эфект ва ўсіх узроставых групах удзельнікаў. Эфектыўнасць вакцыны “Гам-Кавід-Вак” супраць COVID-19 складае 92%, а цяжкае цячэнне хваробы вакцына папярэджвае на ўсе 100%.


Ніякіх сур’ёзных непажаданых наступстваў, звязаных непасрэдна з вакцынай, да гэтага часу зарэгістравана не было. Гэта пацвярджаюць і вынікі даследаванняў незалежных камітэтаў.
Хрысціна Пашкевіч, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГіЭ.