Воскресенье, 26 сентября 2021

Будучыня за ферментамі. На базе гасцінічнага комплексу «Мікалаеўскі» ААТ «Жураўлінае» прайшоў жывёлагадоўчы форум «Малочныя рэкі 2021»

895

Ці ёсць магчымасць пераўтварыць сельскую гаспадарку ў высокарэнтабельны бізнес? Адказ на гэта пытанне зразумелы: дастаткова дасягнуць сітуацыі ў вытворчасці, калі кожны ўкладзены рубель будзе вяртацца ў шматразовым памеры. Вось толькі шлях да поспеху вельмі складаны, у ім хапае «спроб і памылак».

У гэтым плане можна лічыць унікальнай маршрутную карту, якую распрацавала Група кампаній «Фермент» — вядучы беларускі вытворца ферментных прэпаратаў для сельскай гаспадаркі і розных абласцей лёгкай і харчовай прамысловасці, а таксама першы вытворчы біятэхналагічны парк Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі гэтай бізнес-суполкі на мінулым тыдні наведалі наш раён, дзе правялі з аграрыямі Пружаншчыны на базе гасцінічнага комплексу «Мікалаеўскі» ААТ «Жураўлінае» жывёлагадоўчы форум «Малочныя рэкі 2021».

Адметнасць гэтага мерапрыемства ў тым, што яго арганізатары адышлі ад стандартнай «прэзентацыйнай» формы, а вырашылі проста пагаварыць з аграномамі, ветурачамі і заатэхнікамі пружанскіх сельгаставарыстваў аб праблемах, з якімі тыя сутыкаюцца ў сваёй рабоце, і аб спосабах іх вырашэння.


Напрыклад, даследчык у галіне ветэрынарнай медыцыны ТАА «Фермент» А.Э.Станкуць узняў даволі вострае пытанне, якое тычыцца тэхналагічных аспектаў нарыхтоўкі ёмістых кармоў. Сапраўды, як зазначыў Аляксандр Эдвардавіч, ад якасці нарыхтаваных кармоў на чвэрць залежыць сабекошт будучага малака. А для дасягнення ідэальных паказчыкаў неабходна прыкласці нямала намаганняў.


— Адразу трэба належным чынам падрыхтаваць сіласныя траншэі да прыёму зялёнай масы,— падкрэсліў выступоўца.— Потым пракантраляваць вышыню скошвання, каб максімальна знізіць зольнасць нарыхтаванага расліннага корму.

Нямала ўвагі спецыяліст надаў і захаванню тэрмінаў закладкі, асаблівасцям трамбоўкі і ўкрыцця. Але нават гэтыя намаганні могуць быць дарэмнымі, калі абыякава падысці да выбару сродкаў кансервацыі. Апошнія павінны забяспечваць ферментацыю, анаэробную стабільнасць у спалучэнні з паніжаным pH. У якасці прыкладу А.Э.Станкуць падрабязна спыніўся на прадукцыі ТАА «Фермент»: «Сілазім» і «Сілазім-Фортэ». Падчас правядзення эксперыментаў у шэрагу гаспадарак рэспублікі з выкарыстаннем гэтых саставаў было ўстаноўлена, што пры затратах на адну сіласную траншэю ў межах 4-5 тысяч рублёў можна атрымаць аддачу ў выглядзе малочнай прадукцыі і прываг жывёлы ў дзесяць разоў большую.

Што такое «Сілазім» і «Сілазім-Фортэ»?
«Сілазім» — гэта комплексны біякансервант для эфектыўнай кансервацыі цяжкасіласуемых збожжавых, бабовых і зернебабовых культур у мэтах атрымання высакаякаснага корму для буйной рагатай жывёлы.
Спецыяльна для кансервацыі кукурузы пры вільготнасці нарыхтаванай масы больш за 65% прызначаны прэпарат «Сілазім-Фортэ».
Прэпараты «Сілазім» адрозніваюцца высокім кансервавальным эфектам за кошт утрымання ў складзе ксіналітычных ферментаў, якія расшчапляюць вялікамалекульныя злучэнні. Гэта паскарае паніжэнне рН, спрыяе ўтварэнню дастатковай колькасці малочнай кіслаты і эфектыўна перамагае гніласную мікрафлору. У выніку істотна павялічваецца аддача ад сіласнага корму, пераважная частка якога пасля такой апрацоўкі лягчэй засвойваецца, адначасова павялічваецца пажыўная каштоўнасць.

Перавагі гэтых сучасных распрацовак заключаюцца ў тым, што яны:
* насычаны спецыяльна селекцыянаванымі штамамі малочнакіслых бактэрый Lactobacillus і Casei, якія прадуцыруюць малочную і воцатную кіслоты;
* утрымліваюць асаблівыя амілалітычныя ферментныя комплексы;
* забяспечваюць высокую стабільнасць пры захоўванні кармоў;
* зніжаюць страты сухога рэчыва (да 10%), а таксама павялічваюць захаванасць бялку (да 15%) і абменнай энергіі (да 15%).

Але гэтымі вынаходніцтвамі не абмяжоўваецца багаж прапаноў ад ТАА «Фермент». У сваім выступленні начальнік упраўлення даследаванняў і інавацыйных распрацовак Д.Л.Лісоўскі звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на схаваныя праблемы, звязаныя са збожжам новага ўраджаю. У сваёй практыцы, як адзначыў Дзмітрый Леанідавіч, яму даво-дзілася сутыкацца з такімі фактамі, калі жывёлаводы былі вымушаны выкарыстоўваць на корм збожжа новага ўраджаю без захавання пераходнага перыяду, на працягу якога яно павінна набыць неабходныя ўласцівасці. У выніку гэта прыводзіла да праблем у выглядзе зніжэння пажыўных якасцей корму і негатыўна адбівалася на прадукцыйнасці статка, выклікала шэраг захворванняў. Зразумела, што не заўсёды ўдаецца адмовіцца ад падобнай практыкі, але знізіць адмоўнае ўздзеянне можна. Гэта пацвердзіла шматгадовая даследчая праграма пад кіраўніцтвам Д.Л.Лісоўскага, вынікі якой былі аб’яднаны ў метадычных рэкамендацыях. Асновай стала новая распрацоўка — мультыферментны збалансаваны прэпарат «Фекорд» і яго мадыфікацыі.

Якія магчымасці адкрывае выкарыстанне прэпарата «Фекорд»?

З дапамогай яго павялічваецца энергетычная пажыўнасць кармоў за кошт разбурэння ў зярнятах клеткавых сценак, а таксама павышэння даступнасці клеткавага крухмалу і бялку для птушкі і жывёлы. У дадатак зніжаецца глейкасць корму, паляпшаецца засваяльнасць пажыўных рэчываў.

У выніку выкарыстання «Фекорда»:

* зніжаецца ўдзельны выдатак корму на адзінку прадукцыі (канверсія 11%);

* павялічваюцца паказчыкі прадукцыйнасці;

* памяншаецца выкід аміяку.


Гэта вынаходства пераўзышло па сваіх асаблівасцях большасць замежных аналагаў. А таксама істотна выйграе ў апошніх па эканоміі грашовых сродкаў, асабліва ў валюце.

Увогуле ТАА «Фермент» мае ўласную сучасную лабараторыю, у якую можна звярнуцца па дапамогу ў падборцы ферментнага комплексу ўстаноўленай дазіроўкі, складу і актыўнасці для вырашэння канкрэтнай задачы.

Асабліва ў плане аптымізацыі харчавання маладняку БРЖ, на якой падрабязна спыніўся начальнік галоўнага ўпраўлення навукі і тэхналогіі таварыства І.М.Архіпаў.

Па словах Івана Мікалаевіча, у айчынным аграрным комплексе яшчэ масава выкарыстоўваюцца састарэлыя падыходы. Напрыклад, замест інтэнсіфікацыі развіцця маладняку і скарачэння пераходнага перыяду ад цяляці да цялушкі многія ідуць па «шляху чакання» і прыроднай залежнасці. Хаця ёсць і іншая методыка, калі гэты перыяд можна скараціць без страт. Напрыклад, пры выкарыстанні збалансаваных ферментных дабавак, якія здолеюць інтэнсіфіцыраваць біялагічнае развіццё маладняку без рызыкі для яго здароўя. Спецыялістамі кампаніі была распрацавана праграма аптымізацыі рацыёну, у якой шырока выкарыстаны ферментныя комплексы ў спалучэнні з адаптагенамі. Практычна была пацверджана высокая акупнасць укаранення новай тэхналогіі, калі гаспадаркі зніжалі выдаткі на ўтрыманне цялят, іх выбыццё або нізкія прывагі.


У дадатак спецыялісты Групы кампаній «Фермент» высветлілі, што такая аптымізацыя дазваляе аграрыям адмовіцца ад выкарыстання антыбіётыкаў. Ёсць індывідуальная магчымасць скласці адрасную праграму харчавання з улікам спецыфікі пагалоўя і яго бягучых патрэб.

Падводзячы вынікі форуму, можна адзначыць, што рэнтабельнасць аграпрамысловага комплексу шчыльна звязана з прафесійнымі падыходамі. Гэта аснова эфектыўнай і экалагічнай сельскай гаспадаркі новага фармату, заснаванай на зніжэнні сінтэтычных дабавак на карысць ферментных комплексаў для жывёл.

У сельгаставарыстваў ёсць магчымасць рэалізаваць атрыманыя веды на практыцы: арганізатары форуму ўручылі ўсім удзельнікам сертыфікаты аб удзеле ў Форуме жывёлаводаў па нарыхтоўцы кармоў і харчаванні малочнага статка.

Падрабязна аб прадукцыі Групы кампаній «Фермент» можна даведацца на сайце вытворцы www.fermentpark.com

Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).