Воскресенье, 26 сентября 2021

10,2% жыхароў Пружанскага раёна ўжо прышчапіліся ад COVID-19

1 249

“Прызнаюся, вельмі баюся прышчэпкі ад кавіду. Апошнім часам у інтэрнэце з‘явілася вельмі шмат інфармацыі, не толькі станоўчай, але і негатыўнай: маўляў, прышчэпка можа выклікаць цяжкія пабочныя эфекты. Хочацца, каб мясцовыя ўрачы выказаліся: ці ёсць праўда ў падобных заявах або, як звычайна бывае, у страху вочы вялікія? Хаця я выдатна разумею, што прышчапляцца ўсё-такі трэба. Тым больш, нават “раёнка” ў апошнім нумары напісала, што ў Мінску ў крыві некаторых пацыентаў быў выяўлены набор мутацый, характэрных для самага небяспечнага штама каранавіруса — індыйскай “Дэльты”…
Алена, г.Пружаны


На пытанне мы папрасілі адказаць загадчыцу паліклінікі Пружанскай раённай бальніцы Вольгу Барысюк.


— Па-першае, хочацца папрасіць у людзей не разводзіць паніку. Эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай краіне, у тым ліку і ў Пружанскім раёне, знаходзіцца пад кантролем, — кажа Вольга Паўлаўна.
На сённяшні момант канкрэтных лекаў ад COVID-19 не існуе, пацыентам прызначаецца сістэмнае сімптаматычнае лячэнне. Таму хваробу лепш папярэдзіць.


Мы ўжо казалі і гатовыя яшчэ раз паўтарыць, што адной з самых эфектыўных мер з’яўляецца масавая вакцынацыя насельніцтва, неабходная для выпрацоўкі калектыўнага імунітэту. Каб спыніць распаўсюджанне інфекцыі, мінімум 60% насельніцтва павінна быць прышчэплена. У Пружанах гэты паказчык на сёння складае пакуль толькі 10,2%. Пра што гэта кажа? Перш за ўсё, пра несвядомасць нашых людзей.


Даверцеся ўрачам! Той жа індыйскі штам, як і іншыя, мы зможам перамагчы пры ўмове наяўнасці ў крыві пацыентаў антыцел. А самы надзейны спосаб атрымаць іх своечасова (да сустрэчы з вірусам) і мець у патрэбнай колькасці — гэта як мага раней прышча-піцца.
Насуперак усім чуткам адзначу, што вакцына “Спадарожнік-V”, якой прышчэпліваем у Пружанах, зарэкамендавала сябе са станоўчага боку. І мы гэта бачым на свае вочы. Большасць прышчэпленых нашых пацыентаў перанесла яе вельмі лёгка, практычна бессімптомна. Гэта, дарэчы, нават выклікала ў некаторых людзей здзіўленне: маўляў, няўжо прышчэпка «не працуе»?


Яна працуе ў любым выпадку! Проста рэакцыя на яе залежыць ад індывідуальных асаблівасцей арганізма. У адзінкавых выпадках назіраліся дапушчальныя пабочныя эфекты, такія, як павышэнне тэмпературы, якое лёгка збівалася прыёмам гарачкапаніжальных сродкаў. У некаторых нашых пацыентаў у месцы ўколу з’явілася пачырваненне і лёгкая прыпухласць (прышчэпка, нагадаю, робіцца ў плячо), якія праходзілі праз некалькі дзён.

Таму не бойцеся! Прыходзьце і прышчапляйцеся! Нагадаю, паліклініка працуе ў будні з 8.00 да 19.30, у суботу з 9.00 да 14.30 гадзін. Прыём на вакцынацыю цяпер вядзецца без папярэдняга запісу, паколькі вакцыны хапае.


Але майце на ўвазе, калі разлічваеце час, што вам трэба будзе прайсці агляд у тэрапеўта. Акрамя таго, можа спатрэбіцца некаторы час на размарозку вакцыны. Улічвайце і тое, што пасля прышчэпкі мінімум паўгадзіны вам трэба будзе пабыць у паліклініцы, на выпадак раптоўнага ўзнікнення вострых рэакцый.

Таксама звяртаем увагу, што наша паліклініка актыўна практыкуе правядзенне вакцынацыі ў арганізацыях і ўстановах раёна. Для гэтага кіраўніцтва або прадстаўнікі прафсаюза павінны папярэдне дамовіцца аб даце вакцынацыі з тэрапеўтам, які вядзе ваш участак. І наша брыгада медыкаў выедзе на месца з поўным наборам неабходных сродкаў.


І нагадаю чытачам: не расслабляйцеся! Па-ранейшаму выконвайце масачны рэжым і пазбягайце месцаў масавага збору людзей. Ваша здароўе — у вашых руках!
Вольга БАРЫСЮК, загадчыца паліклінікі Пружанскай раённай бальніцы.