Воскресенье, 26 сентября 2021

Дзмітрый і Юлія Кобакі занялі пятае месца на абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»

581

Шумна і весела было каля сцен велічнага палаца Сапегаў у мінулую суботу. Непадрыхтаванаму гледачу магло здацца, што тут або святкуюць зажынкі, або праходзіць маштабны кірмаш. Хаця чаму магло? Па сутнасці, абласны этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» і стаў сапраўдным кірмашом таленту, гас-ціннасці, гаспадарлівасці, спрыту і беларускай шчодрасці.


Усе гэтыя і многія іншыя якасці дэманстравала 12 сем’яў з розных раёнаў вобласці. Арганізатары праекта, а імі выступілі абласны камітэт БРСМ, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, Пружанскі райвыканкам і абласное аб’яднанне прафсаюзаў, падрыхтаваліся як след.


Пружанскі раён прадстаўлялі пераможцы раённага этапу «Уладара сяла» – сям’я Дзмітрыя і Юліі Кобакаў з аг.Клепачы. «Расслабіцца» пасля паспяховага выступлення ў аграгарадку, дзе жывуць самі, не ўдалося. На падрыхтоўку да абласнога этапу быў усяго тыдзень.


— І мы справіліся! Вядома, не без дапамогі неабыякавых людзей, — кажа Юлія Аляксееўна. – Дзякуючы нашай суседцы Вользе Джэйкун, у нас з’явіўся сцэнарый у вершаванай форме. Мы змаглі арыгінальна прадставіць сябе і свой падворак, расказаць пра стравы, якімі частавалі гасцей. Музычнага акампанементу на баяне не было б без Рыты Святленка. Падтрымлівалі таксама бацькі, сябры і, канечне, кіраўніцтва Мокраўскага сельвыканкама і сельгаставарыства – ААТ «Жураўлінае». Асобны «дзякуй» хочацца сказаць Вользе Віктараўне Грышкевіч. Яна была з намі ад пачатку да канца, верыла ў нас і рабіла многа фотаздымкаў!


Асабліва запомніўся сям’і Кобак конкурс «Касцы». Спецыяльна для яго выдзелілі ўчастак каля палаца Сапегаў. Такім чынам, канкурсанты змаглі і пазмагацца, і зрабіць добрую справу для добраўпарадкавання тэрыторыі гістарычнага аб’екта.


Падтрымлівалі гледачы сваіх фаварытаў і падчас выпрабавання «Па дровы», дзе трэба было паказаць не толькі моц, але і зладжанасць дзеянняў, так неабходную ў сямейным жыцці. Захапляліся госці свята талентамі сем’яў, іх пачуццём гумару і любоўю да вёскі – месца, дзе жывуць.


А напярэдадні абласнога этапу ў групе «Моладзь Брэстчыны» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» вызначаўся ўладальнік намінацыі «Уладар сяла online». Ад кожнага ўдзельніка патрабавалася стварыць відэаролік. Сям’я Кобак у сваім відэа паказала жыццё ў аграгарадку, працу ў «Жураўліным» і на прысядзібным участку.


Між іншым, у Клепачах Кобакі жывуць ужо больш за 10 гадоў. У 2011-м атрымалі ўласны дом. Таму ад’язджаць нікуды не плануюць, што і падкрэслілі ў роліку. Відэа пружанскіх удзельнікаў заняло другое месца, саступіўшы пераможцам усяго 12 галасоў.

Па выніках усіх конкурсаў першае месца абласнога этапу атрымала сям’я Паўла і Таццяны Кулешаў з агракамбіната «Мір» Баранавіцкага раёна. Яны прадставяць Брэстчыну на заключным этапе «Уладара сяла», які пройдзе ў ліпені ў аг.Александрыя на Магілёўшчыне.


А ў Дзмітрыя і Юліі Кобакаў – пятае месца. Сям’я атрымала дыплом удзельнікаў і, што самае галоўнае, каштоўны вопыт і матывацыю плённа працаваць, удзельнічаць у падобных конкурсах і абавязкова перамагаць.
Уладзіслаў Шпарла.