Воскресенье, 26 сентября 2021

Дваццаць гадоў у Слабудцы лечыць людзей Тамара Валкавыцкая

1 352

Медыцынскія паслугі на тэрыторыі Пружанскага сельсавета аказвае тры ўстановы: Белавусаўшчынскі, Сланімцоўскі і Слабадскі ФАПы. Адметнасць апошняга ў тым, што да яго прыпісана амаль тысяча чалавек, а гэта прыкладна трэцяя частка насельніцтва сельсавета. Вось ужо больш за дваццаць гадоў тут лечыць людзей Тамара Валкавыцкая.


Расказваць пра Тамару Мікалаеўну як у сельвыканкаме, так і ў Слабудцы могуць шмат. Паважаная, добразычлівая, не проста выканаўчая, а ініцыятыўная, неабыякавая да праблем вёскі, жанчына невыпадкова вось ужо другое скліканне з’яўляецца яшчэ і дэпутатам сельскага Савета па Слабадской выбарчай акрузе. Сярод праблем, якія хвалююць фельчара, — тэндэнцыя да памяншэння колькасці моладзі ў вёсцы. Абгрунтоўваючы свае хваляванні, жанчына зазначае, што ў немаленькім сельскім населеным пункце сёлета за паўгода так і не зарэгістравана нованароджаных, няма дзяцей да года.


— Усе пытанні, з якімі сутыкаюцца жыхары, вырашаюцца дастаткова хутка. І нельга ў гэтым прымяншаць заслугі мясцовай улады, — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Але, на жаль, часта вырашэнне тых ці іншых праблем упіраецца ў фінансаванне. Трэба аддаць належнае тым мясцовым жыхарам, якія з разуменнем ставяцца да гэтай акалічнасці і самаарганізоўваюцца для таго, каб рабіць добрыя справы ўласнымі сіламі. Дзякуючы такім людзям, летась, напрыклад, каля адной са шматпавярховак з’явілася добраўпарадкаваная аўтастаянка. Сярод маіх памочнікаў Мікалай Мікалаевіч Юрашчук: калі ён наводзіць парадак каля свайго дома, ведаю, што і каля ФАПа будзе абкошана. Пераканана: прыгажосць навокал у многім залежыць ад нас саміх. І я ўдзячна тым, хто гэта разумее і дапамагае.
Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.