Суббота, 13 августа 2022

Абараніць ад «Дэльты» здольна толькі прышчэпка!

735

У Беларусі праводзіцца вывучэнне атрыманых з рэгіёнаў проб пацыентаў з пацверджаным COVID-19 для выяўлення індыйскага штама, вядомага яшчэ пад назвай «Дэльта». Паводле апошніх даных, новы штам дабраўся ўжо да 90 краін свету. Некаторыя даследаваныя ў чэрвені ўзоры сталічных пацыентаў аказаліся з наборам мутацый, характэрных для гэтага варыянта віруса.

Чым адрозніваецца «Дэльта»?
Гэты штам больш заразны і перадаецца нават хутчэй, чым брытанскі. Інкубацыйны перыяд пры заражэнні ім карацейшы, чым звычайна, — ад 2 да 9 дзён. Клініка захворвання развіваецца дастаткова хутка, а сімптаматыка вельмі агрэсіўная. Рызыка захварэць ёсць у людзей розных узростаў, у тым ліку і маладых. Больш за тое, у асноўнай групе рызыкі знаходзяцца не пажылыя, а людзі ад 20 да 49 гадоў.
Індыйскі штам, як і любы іншы, можна перамагчы толькі, калі ў крыві шмат антыцел. Для выпрацоўкі антыцел (гэта тычыцца тых, хто ўжо хварэў на каранавірус) нашаму арганізму неабходна ў сярэднім 24-48 гадзін. Але гэты вірус укараняецца ў клеткі і размнажаецца значна хутчэй. Лекаў ад каранавіруснай інфекцыі на сённяшні дзень няма, вакцынацыя — адзіны надзейны спосаб абароны.

Як засцерагчыся?
Сёння, як ніколі, актуальны рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя: масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыраванне, гігіена рук, абмежаванне наведвання месцаў збору вялікай колькасці людзей і г.д.
Варта заўважыць, што тычыцца гэта і тых, хто ўжо прышчэплены супраць каранавіруса або хварэў і мае антыцелы. Па-першае, вакцынацыя ўсё ж не дае стапрацэнтнай гарантыі, што чалавек не заразіцца вірусам — яна толькі дапамагае перанесці інфекцыю ў лёгкай ці бессімптомнай форме. Па-другое, вакцынаваны чалавек можа быць пераносчыкам віруса без шкоды для ўласнага арганізма, таму нашэнне маскі абавязкова і для вакцынаваных.

Спецыялісты звязваюць шырокае распаўсюджанне індыйскага штама каранавіруса, у першую чаргу, з малой колькасцю вакцынаваных, што не дазваляе сфарміраваць неабходны ўзровень папуляцыйнага імунітэту. Каб спыніць распаўсюджанне захворвання, мінімум 60% насельніцтва павінна быць прышчэплена супраць COVID-19.

І майце на ўвазе: у сённяшніх рэаліях толькі вакцынацыя рэальна дапаможа пазбегнуць распаўсюджвання захворваня!
Кацярына Папко, галоўны ўрач Пружанскага РЦГіЭ.