Воскресенье, 26 сентября 2021

Загадчыца магазіна №22 Вольга Велікаселец: «Запатрабаванні пакупніка — для нас закон»

1 126

Яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму харчовыя магазіны ў Новых Засімавічах не маглі пахваліцца шырокім асартыментам тавару. Жыхары вёскі вымушаны былі шукаць разнастайнасць прадуктаў у горадзе. Сёння сітуацыя зусім іншая. І не ў апошнюю чаргу дзякуючы такім людзям, як Вольга Іванаўна Велікаселец . Жанчына паспяхова кіруе магазінам № 22 філіяла РСТ “Прадтавары”. Невыпадкова за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна яе прозвішча сёлета было занесена на раённую Дошку гонару.


Нядзіўна, што пакупнікі магазіна, як мы змаглі самі пераканацца ў свой апошні прыезд, і кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства характарызуюць жанчыну толькі са станоўчага боку.
— Вольга Іванаўна — вельмі адказная, выканаўчая і камунікабельная, — сцвярджае дырэктар філіяла Таццяна Аляксандраўна Жук. — І ўвесь калектыў яе такі – ініцыятыўны і працавіты. Гонар кааперацыі! Прымаюць актыўны ўдзел у выязным гандлі ў Брэсце, і нават Мінску, і заўсёды вяртаюцца адтуль з добрай выручкай. Кіраўнік заўсёды клапоціцца пра сваіх падначаленых, імкнецца пастаянна развіваць сваю ўстанову. Яна не баіцца, як мы кажам, таварнай масы, смела ўкараняе навінкі.


Напрыклад, нядаўна ў навазасімавіцкім магазіне была ўсталявана адмысловая камп’ютарная сістэма, дзякуючы якой гандлёвая кропка можа аўтаматычна далучацца да ўсіх агульнарэспубліканскіх акцый, якія праводзяцца Белкаапсаюзам. Адзін з яе плюсаў — пакупнік можа адсачыць па маніторы на касе, як адбываецца ўвесь працэс аплаты.

— Так, запатрабаванні пакупніка — для нас закон. Па такім прынцыпе калісьці працавала ў гандлі мая бабуля, гэтак жа цяпер — мая сястра-прадавец. Так імкнуся працаваць і я. Мы павінны быць, перш за ўсё, цярплівымі і добразычлівымі з людзьмі. Вядома, не заўсёды ўсё гладка атрымліваецца. Кліенты розныя, бываюць такія, хто заўсёды нечым незадаволены. Не без гэтага, але мы стараемся. Самі бачыце, што асартымент тавару ў нас годны. Акрамя таго, мы пастаянныя госці на раённых, абласных і нават рэспубліканскіх кірмашах. Нас ведаюць і паважаюць, — кажа сама Вольга Велікаселец.

Сёння ў падначаленні ў жанчыны адзінаццаць чалавек, сем з іх – прадаўцы, кожны адносіцца з павагай да пакупнікоў. Ва ўсякім разе, па прызнанні апошніх, навазасімавіцкім кааператарам пакуль удаецца вытрымліваць канкурэнцыю нават з магазінам Бярозаўскага мясакамбіната, размешчаным непадалёк.


— Вядома, пакупнік павінен мець права выбару ў набыцці розных тавараў. Але мы робім усё магчымае, каб наш кліент вяртаўся менавіта да нас.
Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота).