Воскресенье, 26 сентября 2021

Юныя спартсмены расказалі пра сваіх любімых літаратурных герояў

1 724

Лета – гэта яркае сонейка, цёплая вадзіца, гульні з лепшымі сябрамі і, вядома, знаёмства з новымі кніжнымі героямі. Хто з іх больш падабаецца нашым маленькім чытачам? І каму ці чаму будзе прысвечана іх уласная кніга, калі яны яе напішуць? Пра гэта мы спыталі ў выхаванцаў спартыўнага лагера ДЮСШ № 2, што зараз дзейнічае на базе Воднага палаца.

Міша:


— Люблю чытаць новыя кнігі, але больш за ўсіх падабаецца “стары” герой — Бураціна! Вясёлы, прыязны і вельмі сумленны. Калі яму нешта не падабаецца (урокі, напрыклад, сумныя або задачкі незразумелыя), ён смела пра гэта кажа. Вядома, ён вельмі даверлівы, трапіў пад уплыў хітрага ката Базіліа і лісы Алісы, але ў рэшце рэшт зразумеў, хто з яго знаёмых сапраўдны сябар…
А ў сваёй кнізе я б хацеў распавесці пра падарожжы ў розныя краіны, пра якія пакуль толькі мару.

Сонечка:


— А мой любімы герой — гэта Герасім з “Муму”, якога мне вельмі шкада. Ён не такі, як іншыя, нямы, а значыць, нікому не можа расказаць пра свае перажыванні, паскардзіцца. Няшчасны. І заступіцца за яго няма каму перад злой барыняй, якая ўсяго яго пазбавіла і нават загадала загубіць сабачку…
Напэўна, вось такім людзям-інвалідам я і прысвяціла б сваю кнігу.

Надзейка:


— Я нядаўна прачытала першую кнігу з серыі “Эрагон” Крыстафера Пааліні і зачаравалася галоўным героем Эрагонам, які нават не здагадваецца, якія магутныя сілы яго атачаюць. Гэта вельмі захапляльная гісторыя пра цмокаў і эльфаў, пра сакрэты магіі і старажытныя мовы.
Мне наогул падабаюцца кнігі, напісаныя ў жанры фэнтэзі. У такім жанры і сама хацела б нешта напісаць. А галоўным героем зрабіла б, напэўна, дрэннага чалавека, які змяняецца ў добры бок.

Ілья:


— Я хачу быць падобным на… пірата. Але не хвалюйцеся — не на злога. Добрага — з кнігі “Гадзіннік, або Цім у сярэднявеччы”. Хачу паплаваць з галоўным героем і яго сябрамі па акіяне, разам з Калумбам адкрыць Амерыку, а потым прыняць удзел у рыцарскім турніры і пажыць у замку, каб даведацца пра традыцыі тых часоў…
А калі вырасту і стану пісьменнікам, напішу пра зуброў Белавежскай пушчы, якія мне вельмі падабаюцца.

Уладзімір:


— А мне спадабалася кніга “Тэадосія і сэрца Егіпта” з серыі пра дапытлівую дзяўчынку, якая праводзіць шмат часу ў лонданскім музеі легендаў і старажытнасцей, дзе працуюць яе бацькі. Яны — навукоўцы, а Тэадосія проста дапамагае ім займацца пошукамі каштоўных артэфактаў. Гэта вельмі цікава. Пачынаеш чытаць і не можаш адарвацца…
А што хацеў бы напісаць сам? Напэўна, пародыю на Маўглi — пра разумных жывёл, якія ўмеюць размаўляць. А потым трапляюць да дзікіх людзей і забываюць пра свае прыродныя здольнасці.
Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота).