Воскресенье, 26 сентября 2021

Падчас Тыдня моладзі падарункі атрымала сям’я Віталя і Марыны Марданёў

2 133

Маладосць нездарма называюць самым шчаслівым перыядам у жыцці чалавека, перыядам падарожжаў і прыгод, сяброўства і шчырага кахання. Вялікая ўвага надаецца моладзі і ў нашай краіне. Напярэдадні свята самых актыўных і энергічных у Беларусі па ініцыятыве БРСМ праходзіў Тыдзень моладзі. Кожны яго дзень меў пэўную назву і прысвячаўся канкрэтнаму напрамку дзейнасці. Напрыклад, серада пад назвай «Шчаслівыя разам!» стала Днём маладой сям’і.


Віталь і Марына Мардані з Пружан у наступным годзе адзначаць ружовае вяселле – 10 гадоў сумеснага жыцця. Сёння з задавальненнем успамінаюць гісторыю знаёмства, якое адбылося на вяселлі сяброў. І Марына, і Віталь былі сведкамі. Хлопец і дзяўчына спадабаліся адзін аднаму і праз пэўны час запрасілі гэтых жа сяброў на ўласнае вяселле.


Іх першынец Яраслаў сёлета пойдзе ў школу. Зараз разам з мамай і сястрычкай Ганначкай, якой 9 ліпеня споўніцца годзік, ён адпачывае ў бабулі ў аг.Шані, але адпачынак сумяшчае з падрыхтоўкай да вучобы. Дзякуючы намаганням мамы і бабулі Валянціны Мікалаеўны, якая раней працавала настаўніцай пачатковых класаў, чытае 29 слоў у мінуту і ўмее лічыць. А яшчэ Яраслаў – сапраўдны памочнік на агародзе. «Сыночак лепей прапусціць забавы з сябрамі, але маме і бабулі дапаможа», — прызнаецца Марына Аляксандраўна.


Сюды ж, у Шані, і завіталі ў мінулую сераду прадстаўнікі БРСМ і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Бацькам і іх дзеткам быў уручаны падарунак ад райвыканкама і вышыванкі ад маладзёжнай арганізацыі. У іх маладая сям’я абавязкова будзе ўдзельнічаць у шматлікіх акцыях і мерапрыемствах.

Увогуле сям’я стараецца як мага больш часу бавіць разам. Прызнаюцца, што пяць дзён на тыдзень жывуць у Пружанах, а на выхадныя звычайна прыязджаюць да бацькоў. Муж, які працуе трэнерам-выкладчыкам у ДЮСШ №1, і жонка – урач агульнай практыкі – любяць гуляць у валейбол і катацца на байдарках. Віталь Анатольевіч яшчэ і рыбачыць. Як аказалася, з дзяцінства. Самым важкім уловам стаў сом, якога мужчына выцягнуў з ракі Ясельда каля в.Скорцы. Праўда, такому сюрпрызу не вельмі «ўзрадавалася» жонка – сом быў перададзены добрым знаёмым…


На развітанне пытаюся ў сям’і, ці падыходзіць да іх дэвіз «Шчаслівыя разам!». У адказ гучыць адназначнае: «Так!». А вось на пытанне, у чым сакрэт сямейнага шчасця, чую наступнае: «Трэба разумець, падтрымліваць, і галоўнае, любіць блізкага табе чалавека. А яшчэ не абмяжоўваць адзін аднаго ў захапленнях і часам саступаць. Муж і жонка – гэта два сэрцы, злучаныя ў адно. І пакуль існуе каханне, гэтае сэрца пад назвай «Сям’я» б’ецца роўна і ўпэўнена».
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).