Воскресенье, 27 сентября 2020

Лучшие бочки для квашения капусты делает бондарь в погонах полковника

2 868

Сапраўдныя гаспадыні назавуць вам шмат прыкмет і ўмоў квашання капусты. У значнай меры на якасць яе ўплывае не толькі фаза месяца, але і тара. Тыя, хто хаця б адзін раз выпрабаваў для гэтага дубовыя бочкі, ніколі потым не стануць квасіць капусту (і саліць гуркі) у шкляных слоіках.

Жыхар Слабудкі Аляксандр Дзмітрыевіч Голубеў (на здымку) капусту наўрад ці сам квасіць. А вось дубовыя бочкі для гэтага робіць адменныя.

Хто не верыць, можа наведаць яго майстэрню ў падвале вялікага, яшчэ пакуль недабудаванага дома па вуліцы Шашэйнай у Аранчыцах. Там умелымі рукамі майстра ствараюцца не толькі бочкі, але і крэслы-качалкі, складныя крэслы для дачы, табурэткі, дзіцячыя саначкі, драбінкі для дома, шазлонгі. У нашага фотакарэспандэнта, напрыклад, асаблівую цікавасць выклікалі маленькія бочачкі з кранам на спецыяльных падстаўках — для захоўвання дамашняга віна.

Хто б мог падумаць гадоў 25 таму, што падпалкоўнік, намеснік камандзіра палка Голубеў стане рамеснікам-бондарам!

У час сваёй вайсковай службы Аляксандр Дзмітрыевіч многа калясіў па свеце. Служыў у Ленінградзе, Маскве, Забайкаллі, Грузіі. Пасля вядомых падзей у Баку атрымаў накіраванне ў артылерыйскі полк у Слабудку. Па прафесіі ён — аўтамабіліст, закончыў Ташкенцкі ўніверсітэт, потым — ваеннае вучылішча ў Разані і акадэмію ў Ленінградзе. Але асаблівае задавальненне ад жыцця атрымаў цяпер, калі пачаў займацца менавіта бондарскай справай.

— Я ўсю душу ў яе ўкладваю!— прызнаўся ён у час нашай размовы.

А пачыналася ўсё са звычайнай табурэткі, якую, ад няма чаго рабіць, Голубеў змайстраваў дома. Атрымалася! Знаёмыя за-цікавіліся: Дзмітравіч, зрабі і мне! А чаму б і не? Аляксандр Дзмітрыевіч пачаў зачытвацца спецыяльнымі кніжкамі, у часопісах і камп’ютары вышукваць розныя схемы і сакрэты па вытворчасці мэблі з натуральнага дрэва.

Аднойчы сябры падказалі:

— А бочку ты змог бы зрабіць? Бондара ў цэлым раёне днём з агнём не знойдзеш!

Аляксандр Дзмітрыевіч зацікавіўся. Але бочка — гэта табе не табурэтка. Да яе асаблівы падыход патрэбны. Паездзіў Голубеў па Пружаншчыне, і сапраўды нікога не знайшоў, каб вопыту набрацца. У Іванаўскі раён, славуты бондарствам, з’ездзіў. Там толькі адзін майстар знайшоўся, хто не адфутболіў, падзяліўся сваімі сакрэтамі. Аляксандр Дзмітрыевіч і цяпер трымае з ім сувязь.

Ды ён за гэты час нямала набыў і сваіх сакрэтаў. Бондарства ў яго рабоце цяпер займае, лічыце, адно з галоўных месцаў.

— Каб зрабіць бочку,— расказвае Аляксандр Дзмітрыевіч,— найперш трэба вызначыць чурбан, які ёй падыдзе: з асіны, дубу ці бярозы. Раскалоць яго так, каб драўляныя валокны размяшчаліся ў даўжыню, а не ўпоперак…

— Я яшчэ не майстар,— удакладняе ён.— Я толькі вучуся. Нярэдка на асабістых памылках. Вось нядаўна зрабіў бочку, а яна працякае. І што цікава, вада цячэ не праз стыкі клёпак, а праз само дрэва…

Калі асвойваў новую прафесію, Аляксандр Дзмітрыевіч знайшоў і па дошчачцы разабраў старую бочку — вывучаў, як яна зроблена.

Майстэрства прыходзіць з часам.

— Цяпер я не раблю так, як рабіў нават месяц назад,— адкрывае ён свае сакрэты. І тлумачыць:— Трэба адчуць дрэва. Спачатку праверу, пастукаю, пагляджу, як яно сябе паводзіць…

Калі няма настрою, да работы Аляксандр Дзмітрыевіч не прыступае. У любой справе, перакананы ён, душэўны падыход і захопленасць іграюць далёка не апошнюю ролю.

А канкурэнта ў Голубева да цяперашняга часу так не знайшлося. На рынак са сваімі бочачкамі і крэсламі ён выязджае адзін. Здаецца, чалавек павінен радавацца, што не трэба дзяліцца даходамі. Аляксандр Дзмітрыевіч жа, наадварот, незадаволены:

— Народныя рамёствы трэба развіваць,— разважае ён.— Тым больш у такіх мясцінах, як Пружаншчына (рускі па нацыянальнасці Голубеў даўно лічыць Пружанскі раён сваёй малой радзімай): побач Белавежская пушча, аб’язная дарога каля яе, чакаецца прыток турыстаў… І, што таксама немалаважна, любімая справа чалавека ад дурных думак і заняткаў адбівае…

Апошняе тычыцца моладзі, а больш — падлеткаў.

— Я разумею,— разважае Аляксандр Дзмітрыевіч,— век камп’ютараў і ўсё такое. Але і народнае рамяство нельга забываць. Чаму б не адкрываць сталярныя гурткі ў школах, пры ўстановах культуры? Тым больш, што пустуючых памяшканняў хапае. А я б з ахвотай падключыўся да іх дзейнасці.

Сваім пакуль што адзіным вучнем Голубеў вельмі задаволены. Пачыналася ўсё ў хлопца з… дыпломнай работы ў каледжы. Складную табурэтачку пад кіраўніцтвам свайго настаўніка ён выканаў на «выдатна». А галоўнае, адчуў асалоду ад гэтай справы і нядаўна ў час сустрэчы заявіў, што пасля службы ў арміі абавязкова прадоўжыць сталярную справу…

— Галоўнае для мяне зусім не даход,— тлумачыць Голубеў.— Галоўнае, што людзям падабаецца.

Жонка ва ўсім яго падтрымлівае. Галіна Міхайлаўна таксама рукадзельніца і ведае толк у гэтай справе. Хаця, у адрозненне ад мужа, працуе з «жаночымі» матэрыяламі: тканінай і ніткамі.

Ганна Хадарович, Аляксандр Мелеш (фота).

2 комментариев

  • Паша

    как бы адрес мастера узнать,очень бочонок нужен

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Виталий

    молодец, успехов Александру Дмитриевичу!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *