Воскресенье, 26 сентября 2021

Першыя паверхі «Пружаны-Сіці» ўжо адчынілі свае дзверы

2 390

Хутка яшчэ адзін даўгабуд, які працяглы час псаваў выгляд горада, пераўтворыцца ў чарговую адметнасць Пружан. А магчыма, стане візітнай карткай нашага райцэнтра, як скульптура на зліцці рэк Муха і Вец, сабор Аляксандра Неўскага, Палац культуры…


Гутарка ідзе пра будынак так званай у народзе «гасцініцы» па вуліцы Заводскай у Пружанах. Папярэдні інвестар, які сапраўды меркаваў узвесці гасцінічны комплекс яшчэ ў 2010 годзе, так і не здолеў яго закончыць. З-за чаго шматпавярхоўка чатыры гады таму была выстаўлена на аўкцыёне.

І новым уладальнікам стаў дырэктар прыватнага прадпрыемства «ШэрманТры» з г.Івацэвічы Аляксандр Радэня.


— Па ўмовах таргоў гэты лот быў выкуплены за адну базавую велічыню з умовай давядзення неабходных работ да фінальнага завяршэння з уводам у эксплуатацыю па заканчэнні пяці гадоў,— расказвае бізнесмен.


Трэба прызнаць, што ва ўзвядзенне дзевяціпавярховага будынка былі ўкладзены немалыя грошы, на фоне якіх цана ў адну базавую велічыню выглядае ўвогуле смешнай. Аднак на сітуацыю варта паглядзець з іншага боку. Новаму ўладальніку спатрэбіліся значныя матэрыяльныя сродкі і маральныя намаганні, каб папярэдне патрачаныя грошы ўсё ж такі былі выдаткаваны недарма.


Як расказвае Аляксандр Радэня, першапачатковая гатоўнасць «гасцініцы» нават на палову не дацягвала да завяршэння.
— Нягледзячы на тое, што будынак прафіляваўся пад патрэбы гасцінічнага бізнесу, мы вырашылі змяніць накірунак і запланавалі яго дзяленне на камерцыйную і жыллёвую часткі. Першыя тры паверхі і цокальны былі адведзены пад магазіны, салоны, бытавыя аб’екты. А з 4 па 10 паверхі — кватэры. І гэтых планаў будзем прытрымлівацца да фіналу.


На працягу трох гадоў з улікам розных эканамічных і нават эпідэміялагічных праблем першая чарга плошчай 1200 «квадратаў» была закончана. Большую частку першага паверха занялі ўжо дзеючыя магазіны бытавой хіміі і тавараў харчовай групы. У планах — суседства з імі аптэкі і аддзяленне паштовай сувязі. Таксама ёсць дамоўленасці па адкрыцці на іншых паверхах салона сотавай сувязі, цырульняў і касметалагічных аб’ектаў, сеткавых крам з таварамі прамысловай групы.


Усё гэта можна было б рэалізаваць і раней, тым больш, што разлікі давалі станоўчыя прагнозы яшчэ на пачатак 2020 года. Але істотную карэкціроўку ўнесла эпідэмія COVID-19, абвешчаныя
з-за якой эпідэміялагічныя меры і створаныя санітарныя кардоны нарабілі нямала перашкод. Нават уласны офіс Аляксандру давялося амаль на месяц закрываць з-за хваробы супрацоўнікаў. Але паступова, крок за крокам, ён наблізіўся да выканання дадзенага абяцання. Што пацвярджае такая назва так званай «гасцініцы», якую цяпер здалёк бачна, як «Пружаны-Сіці».


Па словах Аляксандра, такі будынак нельга было пакінуць без уласнага «імя».
— Аднойчы адзін з маіх партнёраў,— расказвае ён,— калі пад’ехалі да аб’екта, назваў яго сапраўдным «Сіці», як зараз называюць бізнес- і жыллёвыя цэнтры ў буйных гарадах. Тады я і падумаў: а чаму б у Пружанах не з’явіцца такому цэнтру, які, магчыма, даў бы пачатак такой жа забудове навокал? Вось так і
з’явіўся «Пружаны-Сіці».

Спалучэнне жыллёвай часткі і гандлёва-адміністрацыйных аб’ектаў у адным будынку — модная сёння тэндэнцыя. Але «Пружаны-Сіці» адрозніваецца тым, што крамы ці салоны размяшчаюцца не ў пераробленых кватэрах, а ў спецыяльна пабудаваных для іх памяшканнях.

Прадумана і схема дзялення патокаў — для жыльцоў дома і пакупнікоў. Для чаго адміністрацыйная і жыллёвая часткі маюць асобныя ўваходы, а ўнутры будынка прадугледжана ізаляванне палавінак, нават ліфты ўсталяваны асобныя. Свой у жылога дома будзе і двор, на якім з’явіцца зялёная зона з дзіцячай пляцоўкай. Вырашаны пытанні наконт парковачных месцаў, сістэмы відэаназірання і многае іншае, што зробіць пражыванне тут даволі камфортным. Увогуле кватэры ў «Пружаны-Сіці» можна аднесці да элітнай катэгорыі. Гэтаму спрыяюць размяшчэнне будынка, навокал якога нямала сацыяльных, а таксама спартыўных і медыцынскіх аб’ектаў. Асобнай ўвагі заслугоўвае дызайн кватэр. На кожным паверсе адзіным калідорам аб’яднана жыллё для чатырох сем’яў.

Планіроўка розная, як і колькасць пакояў. А вось карысная плошча кожнага сапраўды ўражвае. Напрыклад, кухні маюць ад 12 да 17 «квадратаў», пакоі таксама розныя па плошчы, ёсць і такія, дзе лёгка можна справіць наваселлі для шматдзетнай сям’і і запрошаных сваякоў. Як расказвае Аляксандр Міхайлавіч, ацяпленне кватэр будзе цэнтралізаванае, для гатавання ежы — электрычныя пліты, ёсць усе іншыя камунікацыі. Застаецца толькі зрабіць чыставую аддзелку. Жыллёвая частка па планах будзе гатова да канца бягучага года.


— Мы пакуль не вырашылі, якім чынам будзем рэалізоўваць жылплошчу жадаючым, але запэўніваю, што пружанцы пра гэта даведаюцца першымі,— адзначыў бізнесмен.— Тым, каго хвалюе магчымы кошт, скажу, што нам удалося ўтрымаць сабекошт аднаго квадратнага метра на самай ніжняй планцы з прынятых у рэспубліцы стандартаў цэнаўтварэння ў будаўнічай галіне.
Элітным можна назваць і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.


— Усё, пачынаючы ад тратуарнай пліткі і заканчваючы спалучэннем колераў, я падбіраў асабіста. Прадумвалася размяшчэнне ліхтароў і лавачак, прыступак і з’ездаў для руху людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату або калясак. Словам, хацелася, каб тэрыторыя падабалася не толькі жыльцам дома або наведвальнікам адміністрацыйных устаноў, але і проста гараджанам, якія вечарам прагульваюцца побач.


І гэта Аляксандру ўдалося, мяркуючы па мамах з каляскамі ці сямейных парах, якія тут прагульваюцца, а таксама па розных сэлфі на фоне «Пружаны-Сіці», што пачалі з’яўляцца на сацыяльных старонках пружанцаў.
Алег Сідарэнка, фота аўтара і Кацярыны Масік.