Воскресенье, 26 сентября 2021

Каб не папоўніць сумную статыстыку. Таварыства выратавання на водах вучыць дзяцей і кантралюе дарослых (фота- і відэарэпартаж)

697

Летняя спёка прывяла тысячы адпачываючых на берагі вадаёмаў. Як паведамляюць матросы-выратавальнікі гарадскога паста, толькі на пружанскім возеры ў мінулыя суботу і нядзелю было да 150 адпачываючых. Зразумела, што ў такім натоўпе назіраць за ўсімі немагчыма, з-за чаго дзяжурныя выратавальнікі забаранялі набліжацца да вады дзецям ва ўзросце да 14 гадоў без суправаджэння дарослых.


Як расказвае старшыня раённага таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук, такія строгія меры поўнасцю апраўданыя.
— Толькі за мінулы тыдзень па краіне патанула 30 чалавек, сярод загінуўшых ёсць і непаўналетнія,— зазначае Юрый Міхайлавіч.— Усе яны без ведама бацькоў вырашылі пакупацца ў бліжэйшым возеры або рэчцы. І не ўсюды падобны адпачынак малых закончыўся бяспечна. Другая праблема — ужыванне алкаголю на беразе вадаёма і далейшае купанне ў нецвярозым стане: 80% загінуўшых за два выхадныя дні былі п’яныя.


Каб папярэдзіць трагедыі на вадаёме, праводзяцца рэгулярныя рэйды праваахоўных органаў сумесна з прадстаўнікамі маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і выратавальнікамі.

Прафілактычныя гутаркі непасрэдна на берагах вадаёмаў арганізуюць члены таварыства выратавання на водах.

Днямі адно з такіх мерапрыемстваў, у якім слухачамі сталі дзеці з летнікаў Шарашоўскай школы і Пружанскай СШ №5, прайшло на беразе гарадскога вадасховішча. Старшыня таварыства расказаў малым аб правілах паводзін ля вады і падчас купання, прадэманстраваў сродкі выратавання і ўручыў дзятве тэматычныя закладкі.

Напрыканцы Ю.М. Амельянчук правёў своеасаблівы іспыт па засвоенай тэме гутаркі. І тыя, хто адказаў правільна на зададзеныя пытанні, былі ўзнагароджаны катаннем на лодцы выратавальнікаў.
Алег Сідарэнка, Кацярыны Масік (фота), Уладзіслаў Шпарла (відэа).