Воскресенье, 26 сентября 2021

У Пружанах адбыўся мітынг-рэквіем каля помніка «Спаленым вёскам»

1 280

Ноччу 22 чэрвеня многім беларусам не спіцца… Генетычная памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны салдатаў і мірных жыхароў, як боль, не дае заснуць. Гэта яна штогод вяртае нас у самую кароткую і самую страшную ноч 1941 года… 

Гэта яна, памяць, вядзе пружанцаў да журботнага сімвала ахвярам фашызму — помніка «Спаленым вёскам», каб на мітынгу-рэквіеме запаліць свечку і аддаць даніну памяці героям і пакутнікам.


Прадстаўнікі раённых улады і прадпрыемстваў, члены грамадскіх арганізацый і святары, навучэнцы каледжа і школьнікі, проста неабыякавыя людзі розных узростаў сабраліся тут, каб узгадаць пра час сусветнага смутку і шматмільённых ахвяраў.

Знаёмая ваенная кампазіцыя: гукі званоў і пазыўныя тагачаснага савецкага радыёэфіру дапамаглі прысутным апынуцца ў далёкім чэрвені сорак першага года.

…Спяваюць на світанку салаўі, нараджаецца новы дзень, краіна спіць. 5 мінут, 5 секунд… — і залпы соцень гармат, скрыгат тысяч танкавых гусеніц, гул самалётаў разрываюць перадсвітальную цішыню. І гучны голас Левітана аб’яўляе, што пачалася вайна…

У невялікай прадмове вядучыя Алёна Жмайлік і Аляксандр Котаў нагадалі прысутным пра тое, як нямецка-фашысцкія захопнікі вераломна напалі на нашу зямлю, як бомбы градам сыпаліся на нашы вёскі і гарады, як нашы людзі па закліку сэрца, пад гукі песні “Свяшчэнная вайна” адважна ішлі ў бой і ўступалі ў бяссмерце… А ў гэты час у тыле і прыфрантавой паласе жанчыны, старыя і дзеці станавіліся каля станкоў, шчыравалі на фермах і палях, капалі акопы, узводзілі абарончыя збудаванні і даглядалі параненых… І так – 1418 дзён нягод, жахаў і ахвяраванняў.


Шчымлівымі атрымаліся выступленні спявачак Кацярыны Цяжолавай і Алёны Жмайлік. Расхвалявала прысутных і шчырая прамова клірыка Свята-Аляксандра-Неўскага сабора іерэя Дыянісія Папова. Ён ад-значыў, што ўсе брацкія магілы і помнікі – нібы шматлікія шрамы на целе шматпакутнай Беларусі. Святар зачытаў вядомы верш Канстанціна Сіманава пра той самы доўгі дзень у го-дзе, які прынёс нам агульную бяду. Пра яе нельга забыць ні праз дваццаць, ні праз восемдзесят гадоў.


Усім, чые жыцці абарвала вайна, святар праспяваў вечную памяць… Падтрымаў малітоўную хвалю і вакальны ансамбль “Амафор” Навазасіма-віцкага СДК пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай, які выканаў вядомае царкоўнае песнапенне “Ды ўзляціць малітва мая, як фіміям”.

Потым па традыцыі прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за нашу свабоду, незалежнасць і шчасце, і ля падножжа помніка паставілі свечкі за вечны супакой загінулых.
Алена Зялевіч, фота Кацярыны Масік.