Воскресенье, 26 сентября 2021

На раённым этапе конкурсу «Уладар сяла» перамагла сям’я Дзмітрыя і Юлія Кобакаў з аг. Клепачы

1 507

Маладыя, таленавітыя, актыўныя і крэатыўныя… У мінулую суботу на стадыёне ў аг.Клепачы віталі ўдзельнікаў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла». Улічваючы асаблівасць надвор’я, прайсці пад пякучым сонцам тую паласу «перашкод», якую прапанавалі арганізатары, маглі толькі самыя смелыя, згуртаваныя і вынослівыя людзі.


Удзельнікі
Такімі аказаліся: жыхары в.Шэйпічы Алег і Вікторыя Месячыкі, Раман і Таццяна Круцялі з Ружан, Максім і Ганна Карымавы — з в.Бакуны, Дзяніс і Аксана Шапавалы з аг.Мурава, Сяргей і Вікторыя Гардзіеўскія з Лінова, а таксама жыхары аг. Клепачы Дзмітрый і Юлія Кобакі.

Падчас выступленняў канкурсантаў актыўна падтрымлівалі балельшчыкі, якія ўслед за сваімі фаварытамі прыехалі з розных куткоў раёна.

Не саступалі ў гучнасці ім і мясцовыя гледачы, якіх, нягледзячы на спёку, сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. З веданнем справы яны даволі аб’ектыўна ацэньвалі кожны крок «уладароў» і тым самым склалі своеасаблівую альтэрнатыву афіцыйнаму журы.

Журы
У судзейскую брыгаду ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, галоўны бухгалтар прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» Аляксандр Бабігорац і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Руслан Васільевіч звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам.


— У нашай краіне сямейным каштоўнасцям надаецца вельмі вялікая ўвага, паколькі моцная і згуртаваная сям’я — гэта трывалая аснова любой дзяржавы. Упэўнены, сёння вы нам пакажаце высокі клас! — сказаў ён і пажадаў усім адчуць добрую энергетыку і пазітыў конкурсу.

«Знаёмімся»


З такім застоллем, якое канкурсанты зладзілі падчас першага іспыта — своеасаблівай «візітнай карткі» — на недахоп энергіі грэх было б жаліцца. На падворках сельсаветаў, якія прадстаўлялі канкурсанты, былі арганізаваны прэзентацыя і дэгустацыя страў, традыцыйных для сям’і, а таксама запасаў, прыгатаваных да зімы. І чаго толькі там ні было! Дранікі і калдуны, мясныя і ягадныя пірагі, мяса-грыбныя рулеты, фаршыраваныя гусі і цар-рыбы, пончыкі і пірожныя, узвары і квасы, сокі і наліўкі — адным словам, балявалі на славу.


Але галоўным было тое, што ў арыгінальнай форме ўдзельнікі распавялі гледачам пра свае дасягненні ў працы і вучобе, а таксама пра сямейныя традыцыі і захапленні. Пра ўсё гэта таксама сведчылі шматлікія граматы, дыпломі, кубкі, а таксама вышытыя карціны, плеценыя вазачкі, тканыя абрусы і іншыя зробленыя своімі рукамі прыгожыя рэчы, якія прадстаўлялі канкурсанты.


У выніку лепшымі былі прызнаны падворкі сем’яў Кобак, Гардзіеўскіх і Карымавых.

«Касцы»


Пасля смачнага абеду трэба было… Не, не спаць, а касіць – сапраўднымі «дзедаўскімі» хутка і якасна. На жаль, апошняе прадэманстравалі далёка не ўсе ўдзельнікі. Работа з сучаснымі бензакосамі паўплывала на гэта, відаць, нелепшымчынам. А вось «прыгожая палова» канкурсантаў даволі спрытна ўпраўлялася з граблямі, зграбаючы скошаную траву.

Характэрна, што падчас «травяных» выпрабаванняў вядучыя неаднаразова нагадвалі прысутным пра правілы бяспекі і прасілі сачыць за дзецьмі.

У гэтым конкурсе зноў перамагла сем’я Кобак. Дарэчы якасць касьбы Дзмітрыя была адзначана ўсімі прысутнымі. У тройку прызёраў таксама ўвайшлі Гардзіеўскія і Месячыкі.

«Па дровы»


У трэцім конкурсе муж і жонка распілоўвалі разам бервяно, затым мужчына калоў калодкі на дровы, а жанчына складала іх у касцёр. Ацэньвалася роўнасць, эстэтычны выгляд і ўстойлівасць кладкі.
Варта адзначыць, што арганізатары аблегчылі гэтае традыцыйна складанае выпрабаванне. Падрыхтавалі для іх ужо ашкураныя бярвёны без сучкоў, аднолькавай даўжыні і дыяметра.

Самую зладжаную работу прадэманстравалі пары «дрывасекаў» з Велікасельскага, Ліноўскага і Мокраўскага сельсаветаў.
«Гаспадар і гаспадыня»

У наступным выпрабаванні жанчынам неабходна было забіць па пяць цвікоў у калоду па самыя шляпкі, а мужчынам… спавіць ляльку.

Што сказаць, цвікі ў руках гаспадынь не супраціўляліся і ўваходзілі ў дрэва лёгка, як у масла. Адразу было відаць, што за плячыма ў жанчын ёсць вопыт будаўніцтва ўласнага дома або, як мінімум, шпакоўні. А вось мужчынам з «дзецьмі» давялося папацець: ці то забыліся, як «фіксаваць» немаўляці ручкі і ножкі, ці то наогул не ведалі, як гэта рабіць, маючы ў свой час дачыненне выключна да памперсаў…

Тут зноў вылучыліся Дзмітрый і Юлія Кобакі з Клепачоў і Сяргей і Вікторыя Гардзіеўскія з Лінова. Тройку прызёраў замкнулі Дзяніс і Аксана Шапавал з аг.Мурава.

«Вясковыя гульні»


Прызнацца, гэта быў самы смешны і вясёлы этап «уладарскай» эстафеты. Мужчынам трэба было паказаць майстэрства ваджэння тачкі, у якой знаходзілася іх жонка. А жонцы потым прабегчы з чыгунком на рагачы, напоўненым вадой. На фінішы заставалася рассартаваць па трох вёдрах агародніну: бульбу, цыбулю і моркву, і добра, што не фасолю з гарохам…


Заўважым, у якасці тачкі выкарыстоўваўся далёка не «чорны бумер». Каб пазбегнуць дарожна-транспартнага здарэння, асабліва на небяспечных участках дарогі — стромкіх паваротах — вадзіцелям даводзілася канцэнтраваць усю сваю ўвагу на «пульце ўпраўлення».

Аднак цуды эквілібрыстыкі ў выкананні некаторых «пасажыраў» нам усё-такі давялося ўбачыць, але гэта не перашкодзіла жанчынам згрупіравацца і перамагчы. Такім чынам, на вясковых «ралі» самамі ўвішнымі аказаліся Кобакі з Клепачоў, за імі – Месячыкі з Шейпіч і Круцялі з Ружан.

Уладар сяла


Пасля таго, як ўдзельнікі накасілі травы, напілавалі дроў і накармілі абедам, усім засталося якасна адпачыць. І тут дапамаглі выдатныя артысты Кляпацкага СДК. Гучнымі апладысментамі гледачы віталі вакальную групу «Клепачаначка», а таксама Юрыя Ліпіча, Генадзя Чэрніка і іншых салістаў.


Нарэшце надышоў момант журы аб’явіць пераможцаў. Усіх канкурсантаў разам з дзецьмі запрасілі на сцэну. Кожная сям’я атрымала сертыфікат і памятны падарунак ад арганізатараў. А тройка прызёраў дадаткова была адзначана дыпломамі. Трэцяе месца занялі Максім і Ганна Карымавы з Бакуноў, другое — Сяргей і Вікторыя Гардзіеўскія з Лінова.


А бясспрэчнымі лідарамі вясковай «гонкі» сталі мясцовыя жыхары Дзмітрый і Юлія Кобакі, якія перамаглі ў чатырох конкурсах з пяці.

Слова пераможцам


— Сапраўднае шчасце — мець такую вялікую сям’ю, як у нас. Трое сыноў – гэта, згадзіцеся, здорава! У нашым доме пануюць каханне, паразуменне і згода. Разам мы можам спакойна займацца любімай справай і адпачываць. Разам жыць шчасліва. Беражыце сям’ю — гэта вялікі цуд! Няма нічога больш важнага, чым родныя людзі! — адзначылі Дзмітрый і Юлія, якія ўжо сёння прадстаўляюць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла».
Пажадаем цудоўнай шматдзетнай сям’і поспехаў!

Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота).

Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_279738239