Четверг, 1 октября 2020

Наташа Трус: «Иду и пою :)»

1 926

У народным уборы ці эстрадным касцюме, у вобразе цыганкі ці казачнага Нязнайкі яна заўсёды цудоўна глядзіцца на сцэне, а яе вакал не пакідае раўнадушным нікога ў глядзельнай зале. Здаецца, што без удзелу гэтай спявачкі не абыходзіцца ні адзін канцэрт у Палацы культуры. Яе перамогі і ўзнагароды ўражваюць: каля 30 дыпломаў рознага, у тым ліку міжнароднага, узроўню за выканаўчае майстэрства і вакальныя здольнасці. Для іх ужо мала месца на сцяне пакойчыка ў бацькоўскім доме.

І гэта ўсё пра яе, вучаніцу 6 класа гімназіі і проста пачынаючую спявачку, —  Наталлю Трус.

— Наташа, табе ўсяго адзінаццаць, а здаецца, канцэрты з тваім удзелам гляджу шмат гадоў…

— На сцэне я — шэсць гадоў. Выступаю з пяцігадовага ўзросту.

— Значыць, большую частку свайго жыцця… А першае сваё выступленне памятаеш?

— Мне было пяць гадоў, калі на сцэне Палаца культуры я выканала верш “Ах, какой рассеянный”. На мяне звярнуў увагу кіраўнік узорнай эстраднай  студыі “Меладзін” Эўгеніюс Юозавіч Валанчус. Ён прапанаваў займацца ў студыі, а мне было ну вельмі цікава навучыцца спяваць. Пасля першага праслухоўвання кіраўнік паведаміў для мяне прыемную навіну: “Ёсць слых і голас. Бяру!”. Так пачалася наша творчая праца.

— А як адбыўся твой дэбют як спявачкі?

— Разам з іншымі артыстамі ГДК мы прыехалі на масласырзавод даць канцэрт. Перад выступленнем было вельмі страшна, нават калені дрыжалі. Я выканала песню “Дождик”, і раптам – моцныя апладысменты. Давялося адчуць невядомыя дагэтуль пачуцці, зразумела, прыемныя.

— А зараз перад выступленнем калені дрыжаць?

— Калі гэта вельмі значны і маштабны конкурс – ёсць яшчэ. А калі выступаю  ў ГДК ці ў нейкім іншым Доме культуры – ужо не. Тады я, як дома. Бяру мікрафон і смела іду ў залу “заводзіць” гледачоў.

— З нядаўняга часу ты, Наташа, даеш сольныя канцэрты. Што яны сабой уяўляюць, дзе праходзяць і які самы запамінальны?

— На сольным канцэрце я выконваю 15 песень. Кожны нумар стараюся адпрацаваць з неабходнымі рухамі, настроем, не паказваючы свайго хвалявання. Дзякуючы падтрымцы начальніка аддзела культуры райвыканкама К.І.Панімаша, у нашым раёне мне ўдалося даць дзесяць канцэртаў. Яшчэ адзін, самы памятны, адбыўся ў Ганцавічах, на свяце, прысвечаным Дню славянскага пісьменства. Тады да мяне выйшаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Андрэевіч Сумар і нават прапанаваў праспяваць разам.

— Колькі ўсяго песень ёсць у тваім рэпертуары?

— Каля трыццаці. Адну песню – “Мой родны край” напісалі выключна для мяне Алена Атрашкевіч (музыка) і Васіль Жуковіч (словы). Дарэчы, менавіта з гэтай песняй мне ўдалося перамагчы на трох вельмі значных для мяне конкурсах. Пэўны поспех прынесла і песня “Море” на словы і музыку Іосіфа Рогаля.

— Наташа, скажы, калі ласка, якую творчую перамогу ты лічыш самай дарагой для сябе?

— Удзел у сёлетнім рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, на якім я стала дыпламанткай, а ў намінацыі “Эстрадны вакал” была ўзнагароджана спецыяльным прызам “За вернасць нацыянальным традыцыям”. Конкурс быў сапраўдным іспытам па такім “прадмеце”, як эстрадная музыка, вакал эстрадны і акадэмічны. І, вядома, падарыў незабыўныя ўражанні. У скла-дзе пятнаццаці чалавек — пераможцаў ва ўзросце ад 10 да 31 года, у суправаджэнні аркестра Белтэлерадыёкампаніі мы здымаліся на тэлебачанні для фінальнага канцэрта. Яго паказвалі па тэлеканале ЛАД 30 кастрычніка.

— Там, дарэчы, станоўча былі адзначаны і твае касцюмы…

— Так. Тамара Іванаўна Трушко – уладальніца прыватнай швейнай майстэрні, што размяшчаецца ў “Гефесце”, не першы год стварае для мяне адмысловыя касцюмы. І робіць гэта з улікам песні, якую я выконваю. Спецыялісты сцвярджаюць, што менавіта яркія касцюмы ад гэтага майстра падкрэсліваюць маю індывідуальнасць і дапамагаюць стварыць неабходны сцэнічны вобраз. Так, адзін з апошніх касцюмаў, які пакарыў сталічнае журы, Тамара Іванаўна выканала ў стылі дагэтуль створанай ёю калекцыі “Льняная казка Белай Русі”.

— Наташа, а каму яшчэ ты ўдзячна за свой поспех?

— Найперш кіраўніку ўзорнай эстраднай студыі ГДК Эўгеніюсу Юозавічу Валанчусу, які мяне “адкрыў” і нядаўна запісаў на дыск песні, якія я выконваю, педагогу Ліноўскай музычнай школы Алене Яўгенаўне Міклашэвіч, з якой займаюся вакалам, маім спонсарам – прадпрыемству  “Брэстаблсаюздрук”, ПМК-21, Аранчыцкай птушкафабрыцы,  аддзелу культуры, дзякуючы якім адбываюцца мае канцэрты. Але больш за ўсё маім бацькам – маме Тамары Іванаўне і асабліва тату Васілю Дмітрыевічу. Гэта – не толькі самыя блізкія людзі, але і галоўная для мяне падтрымка ў жыцці.

— Ты, Наташа, ужо ведаеш, што такое перамога на раённым, абласным, рэспубліканскім і нават міжнародным узроўнях. Табе, шасцікласніцы, апладзіравалі не толькі беларусы, але рускія, украінцы, палякі… Што далей, якія яшчэ вяршыні думаеш пакарыць?

— Буду рыхтавацца да самых прэстыжных конкурсаў – “Еўрабачання” і “Славянскага базару”. У бліжэйшых планах – удзел у міжнародным фестывалі юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі”, які мае адбыцца ў Мазыры, і міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, што пройдзе ў Клімавічах. З выкладчыкамі Мінскага каледжа мастацтваў, кампазітарам Аленай Атрашкевіч і спеваком Алегам Сямёнавым, рыхтуем новую песню. Спадзяюся, што яна спадабаецца слухачам.

— Падзяліся з нашымі юнымі чытачамі: як ты ўсё паспяваеш?

— Усё проста і лёгка. Я даўно прывыкла рана ўставаць. Гэтага патрабуюць разнастайныя выступленні. Таму падняцца, напрыклад, у 5.30 – ніякіх праблем. Да ўсяго навучылася ўсё паспяваць: і ў гімназіі вучыцца, і дзіцячую школу мастацтваў наведваць, і рэгулярна бегаць на заняткі ў эстраднай студыі.

— І што, там таксама цябе суправаджае поспех?

— Пяць класаў гімназіі скончыла на “выдатна”. У мінулым годзе ў раённай прадметнай алімпіядзе заняла другое месца па англійскай мове. Шосты год вучуся ігры на фартэпіяна ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў.

— А пра што ты марыш?

— Каб мая будучая прафесія была звязана з музыкай. Каб усе былі здаровымі і сябравалі. Мару пабачыць іншыя краіны і ўладкавацца ў жыцці, каб можна было падтрымаць бацькоў. А яшчэ, каб разумелі сябры, – тады ўсё атрымаецца!

Гутарыла Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *