Воскресенье, 26 сентября 2021

Урач Юрый Карповіч: «Мая работа мае плён, і гэта прыносіць мне задавальненне»

1 124

Сёння, маючы за плячыма больш за трыццаць гадоў прафесійнага стажу, вядомы на Пружаншчыне ўрач Юрый Карповіч перакананы, што на яго рашэнне аб прафесійным шляху ў свой час паўплывала акружэнне: сярод сяброў бацькі было многа ўрачоў. Таму шмат гадоў яму, юнаку з райцэнтра, абавязкова захацелася стаць такім жа паважаным чалавекам, каб прыносіць карысць навакольным.

Перш, чым вярнуцца на сваю малую радзіму, на Пружаншчыну, Юрыя Аляксеевіча чакала добрая ўрачэбная школа. Інтэрнатуру праходзіў у Брэсцкай абласной бальніцы.

Першым працоўным месцам стала буйное прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах, куды яго накіравалі цэхавым урачом. Урачэбны вопыт спатрэбіўся і падчас тэрміновай вайсковай службы, якую ён праходзіў на Новай Зямлі ў Запаляр’і.

У Пружанскай ЦРБ маладому доктару, праўда, давялося перакваліфікавацца з тэрапеўта ў нарколага і ўзначаліць міжраённае наркалагічнае аддзяленне. Пазней стаў намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні, а калі пасаду скарацілі — загадчыкам арганізацыйна-метадычнага аддзела.

— Я нярэдка сустракаю сваіх былых пацыентаў, якія вось ужо 10-20 гадоў не ўжываюць спіртное. Радасна, што яны знайшлі сябе ў жыцці і вядуць здаровы лад жыцця. Таму сёння я з упэўненасцю магу гаварыць, што мая работа мае плён, і гэта прыносіць мне задавальненне.

У наркалогіі дасягнуць выніку імгненна немагчыма: ці быў ён, можна меркаваць толькі праз пяць ці нават дзесяць гадоў, — гаворыць Юрый Аляксеевіч. — Алкагалізм і наркаманія — вельмі сур’ёзныя праблемы, асабліва для сям’і. Вось ужо на працягу некалькіх гадоў колькасць людзей, якія стаяць на ўліку ў наркалагічным кабінеце, вагаецца і ў нашым раёне складзе каля тысячы чалавек. Для нашага невялікага раёна гэта немалая лічба. Прымусіць чалавека пазбавіцца ад заганы немагчыма: для гэтага павінна быць жаданне ў самога хворага. А сёння гэта замацавана яшчэ і на заканадаўчым узроўні: прымусова лячыць чалавека ўрач не мае права.

Юрый Карповіч — увогуле чалавек неабыякавы: ён мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзельнічае ў грамадскім жыцці. У прыватнасці, вось ужо каторы год з’яўляецца намеснікам старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», вядзе ідэалагічную работу ў ЦРБ. Тактоўнага, уважлівага, ветлівага, яго паважаюць і цэняць у калектыве.

— Урач — адна з самых гуманных прафесій. Я рады, што ў нашай сям’і з ёю звязалі свой лёс не толькі я і жонка, але і наша дачка Лена, якая стала дзіцячым неўролагам, а таксама зяць — рэнтгенэндаваскулярны хірург.

Марына Вакульская, фота Кацярыны Масік