Воскресенье, 26 сентября 2021

Учынак, варты пераймання: вучань СШ №5 Руслан Мурыновіч выратаваў жанчыну

1 364

Нагодай для гэтага матэрыялу паслужыла тэлефанаванне адной з нашых чытачак. Жанчына расказала пра выпадак у аўтобусе і пра хлопца, які не разгубіўся і здолеў аказаць дапамогу пасажырцы, калі ёй стала дрэнна. «Не ведаю клас, але імя і школу спытаць паспела. Адшукайце яго, няхай як мага больш людзей даведаецца, што ў нас ёсць такія добрыя і неабыякавыя маладыя людзі».

І мы знайшлі гэтага героя. Хаця сам Руслан Мурыновіч, дзесяцікласнік СШ №5, сябе такім не лічыць.

У адзін з сонечных майскіх дзён, калі вясна, здаецца, канчаткова ўступала ў свае правы, а ў школе цягнулася чарада кантрольных работ, Руслан ехаў аўтобусам. Пад’язджаў да дзіцячага садка па вул. Урбановіча ў Пружанах, раптам адной з пасажырак стала дрэнна. Жанчына страціла прытомнасць. Не вагаючыся ні хвіліны, менавіта гэты юнак падбег да яе і стаў аказваць дапамогу.

— Пасажырка ўпала на бок. Я хутка агледзеў яе і зразумеў, што гэта прыступ эпілепсіі, — расказаў хлопец.

Дзеяннямі Руслана тады захапляліся ўсе пасажыры. Мала таго, ён адзіны (!) тут жа падышоў да жанчыны, каб аказаць дапамогу, і зрабіў гэта, як сведчылі людзі, прафесійна.

Не адыходзячы ад няшчаснай, дзесяцікласнік дачакаўся брыгаду «хуткай», дапамог фельчару правесці агляд і перанесці жанчыну ў аўтамабіль медыкаў…

Вядома, гэтай гісторыяй Руслан падзяліўся з мамай. Тая расплакалася і вельмі парадавалася за сына. А вось афішыраваць пра той выпадак сярод сяброў і аднакласнікаў хлопец не хацеў.

— Я выдатна разумеў, што мае дзеянні не былі нечым звышнатуральным. Мне здаецца, што так павінен быў зрабіць любы нармальны чалавек. Ніколі не ведаеш, калі дапамога спатрэбіцца табе самому, — разважае хлопец.

Пра ўчынак Руслана Мурыновіча даведаліся ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Дзесяцікласніка адзначылі падзякай і ўручылі падарунак.

Зараз хлопец на канікулах. Наперадзе — апошні і вельмі адказны навучальны год. Руслан вучыцца па хіміка-біялагічным профілі. Уласна, з-за гэтага і перавёўся ў СШ №5. Цікава, што сярод хлопцаў свайго класа ён адзіны, хто паглыблена вывучае хімію і біялогію.

Руслан марыць звязаць сваё жыццё з медыцынай. Праўда, перажывае за экзамены і ЦТ па мове: дакладныя навукі ідуць куды лепш. Напрыклад, нядаўна пісаў даследчую работу па матэматыцы. Любіць хімію, біялогію і фізіку. Увогуле цікавіцца ўсім, што звязана з навукай, у тым ліку і медыцынскай. У многім дапамагае гэтаму глабальная сетка.

А вось «зубрыць» і «сохнуць над падручнікамі» Руслан не любіць. Яго канёк — лавіць усё на ляту: «Калі інфармацыя мне цікавая, я з лёгкасцю запомню яе. Калі ж не, то доўга ў памяці яна не затрымліваецца».

Нядаўна хлопец зацікавіўся праграмаваннем, нават спрабаваў вывесці свае формулы і пісаў разам з сябрамі простыя гульні. Пасля кампанія аднадумцаў пераключылася на YouTube. Хлопцы змайстравалі калонку і запісалі гэта на відэа. Яно сабрала некалькі тысяч праглядаў.

Захапляецца Руслан і спортам: наведваў секцыі па футболе і валейболе, нядаўна перайшоў на цяжкую атлетыку.

Пакуль у планах Руслана адпачынак. А ў верасні зноў пачнецца падарожжа ў краіну ведаў, канчатковае вызначэнне з прафесіяй. Хаця, як здаецца, да прафесійнага выбару яго падштурхнула само жыццё. І ў гэтым пасажыры таго самага аўтобуснага маршруту ніколькі не сумняваюцца…

Влад Шпарла, фота Кацярыны Масік