Воскресенье, 26 сентября 2021

21 чэрвеня 1941 года: пра што пісала ў апошні мірны дзень газета “Известия”?

4 610

У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” захоўваецца вялікая калекцыя каштоўных друкаваных выданняў, якая налічвае больш за 500 адзінак. Нядаўна яе папоўніў яшчэ адзін цікавы экспанат – газета “Известия”, якая была выдадзена за дзень да пачатку вайны…

Пра што пісалі ў апошні мірны дзень савецкія журналісты? Давайце разам пачытаем суботнія “Известия” № 145 (7521) ад 21 чэрвеня 1941 года.

Першая старонка змяшчае Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета і прывітанне ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета РСФСР і ад Савета народных камісараў РСФСР у сувязі з 20-годдзем Марыйскай АССР.
Вялікі артыкул прысвечаны студэнтам і школьнікам, якія выказалі жаданне працаваць падчас летніх канікулаў на фабрыках і заводах, у калгасах і саўгасах. Там жа — зводка аб ходзе сяўбы яравых па Савецкім Саюзе.

Другая старонка газеты прысвечана пераважна міжнародным падзеям. У асноўным, гэта войны, якія палыхалі ў розных кутках зямлі: у Сірыі, Кітаі, Афрыцы, Заходняй Еўропе.

На трэцяй змешчаны аповед пра Чырвоную армію, пра становішча на машынна-трактарных станцыях.

На апошняй старонцы — артыкулы пра культурныя падзеі: выданне новых кніг пісьменнікаў Львова, радыёкампазіцыя “Тарас Бульба”, спаборніцтвы на першынстве СССР па шахматах і шашках. Тут жа — афішы маскоўскіх тэатраў і прапанова скарыстацца пуцёўкамі ў санаторыі, навіны пра тое, што вядзецца набор у ВНУ, праводзяцца розныя конкурсы і выставы…

У тую “мірную” суботу жыхары Савецкага Саюза займаліся сваімі звычайнымі справамі. Людзі чакалі нядзелю, каб схадзіць у кіно, з’ездзіць на прыроду ці на рыбалку, пасядзець дома і пачытаць кнігу.

Жыццё ішло сваёй чарадой: людзі гулялі ў парках, займаліся спортам, слухалі музыку, глядзелі спектаклі і будавалі планы на будучыню. Ніхто і падумаць не мог, што заўтра жыццё падзеліцца на два перыяды: да 22 чэрвеня і пасля.

“21 чэрвеня 1941 года ў нас быў выпускны вечар, мы скончылі вучобу ў школе. Надыходзіла развітанне з юнацтвам, цяпер кожны з нас мог заняцца той прафесіяй, якую любіць, якой хоча прысвяціць усё жыццё. Так што свята было вельмі вясёлым, радасным, мы ўсе былі вельмі прыгожыя, мы надзелі самыя прыгожыя сукенкі. Танчылі доўга, шпацыравалі на прыродзе. Тут мы лавілі рыбу, варылі юшку, збіралі суніцы, гулялі ў футбол, валяліся на траве. Марылі пра будучыню і фантазіравалі”, — выпускнікі савецкіх школ з задавальненнем дзяліліся сваімі ўражаннямі з журналістамі.

А на наступны дзень, у нядзелю 22-га, па Усесаюзным радыё з важным і пазапланавым паведамленнем выступіць народны камісар замежных спраў СССР Вячаслаў Міхайлавіч Молатаў.
Пачалася вайна…

Марына Каўтунюк,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»