Воскресенье, 26 сентября 2021

Сапраўдны «церамок»: каля храма ў в. Новыя Засімавічы жывуць кот, вожык і вавёркі

196

— Рыжык, Рыжык! Ну, дзе ты ёсць? Пара вячэраць!

Жыхарка в. Новыя Засімавічы Таццяна Аляксандраўна Каваленя па прывычцы прыйшла ўвечары да будынка мясцовай нядзельнай школы, каб пакарміць пухнатага рыжага гадаванца. Ужо амаль год ён жыве на прыхрамавай тэрыторыі. Якое ж было яе здзіўленне, калі замест ката з’явіўся… вожык.

— Як толькі пачула нехарактэрны для нашага пушысціка гучны тупат, адразу зразумела, што нешта тут не так. Варушыцца трава — і выходзіць калючая, але вельмі ўжо прыгожая істота. Гэты цуд лясны падбег да мяне і зусім не баіцца, усё вакол ног бегае. Па-гаспадарску прайшоўся па туфлях і спакойна адправіўся да кацінай міскі, — з усмешкай успамінае жанчына пра тую сустрэчу.

Папіў малака. А затым гучна, нібы маршыруючы, патупаў па плітцы да травы.

— Гісторыя паўтарылася праз тыдзень, але ўжо днём. Я таксама клікала нашага рыжага ката, які з надыходам цёплых дзянькоў стаў часцей знікаць, а выйшаў вожык. Вырашыла, калі ён адклікаецца на мянушку “Рыжык”, значыць, і яго буду так называць. Так у нашым “церамку” з’явіўся яшчэ адзін жыхар. Як высветлілася за пару месяцаў яго часовага кватаравання, вожык вельмі любіць ласавацца рысам, тушаным з агароднінай, асабліва з капустай. Дарэчы, спытаеце: “Чаму “церамок?”. Таму, што на вожыку наша казка не завяршаецца! — смяецца жанчына.

Аказваецца, да храма часта прыбягаюць зайцы з лесу. А самыя высокія хвоі ўжо некалькі гадоў як аблюбавалі дзве вавёркі. Бывае, спускаюцца ніжэй, каб павітаць вернікаў, якія спяшаюцца на службу. Апошнім часам вавёркам пачалі надакучаць мясцовыя вароны і гракі. Тут, у Новых Засімавічах, — вельмі вялікая іх папуляцыя.

Па-асабліваму вавёрачкі ўспрымаюць і перазвон. Толькі яго пачуюць, як імгненна знікаюць у густой кроне дрэў. А кот, гледзячы на “баязлівак” са сваёй будкі (так, у ката ёсць свой дом, з любоўю выраблены для яго прыхаджанінам храма Дзмітрыем), пачынае нібы з пагардай мурлыкаць.

— А летась, — расказвае Таццяна Аляксандраўна, — да нас у госці заявіўся шэранькі вужык. Стаў грэцца на сонейку ля парога і дэманстраваць свае жоўтыя плямкі на галаве. Я нават паспела яго сфатаграфаваць. Гэтым летам яшчэ не з’яўляўся. Я ўжо перажываю: можа, не перажыў зіму.

Дзіўна, іншага чалавека шэры хвастаты госць прымусіў бы ўздрыгануцца, але толькі не Таццяну Каваленю, якая родам з пушчанскай вёскі Чадзель: такой “экзотыкай” яе не здзівіш і не напалохаеш.

Больш за тое, у такіх паводзінах жывёл, жанчына бачыць праяву ласкі Божай:

— Жывёлы адчуваюць, што каля храма месца святое, таму і збіраюцца разам. У ідэале так і павінна быць. Як у Бібліі напісана: “Воўк будзе жыць разам з ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казлянём, і цяля, і малады леў, і вол будуць разам”…

Алена Зялевіч