Пятница, 18 июня 2021

Выпускныя вечары прайшлі ў школах раёна. Наш рэпартаж з СШ №4 г. Пружаны

1 204

Жыццё – адна доўгая і непаўторная гісторыя, але ў ёй – мільёны падгісторый, якія і ўтвараюць маршрут чалавека на зямлі. Адзінаццаць гадоў таму для шаснаццаці юнакоў і дзяўчат СШ №4 г. Пружаны пачалася адна з такіх падгісторый пад назвай «Школа». Ці памятаюць яны, як упершыню разам з бацькамі прыйшлі сюды, як селі за школьныя парты і пазнаёміліся з першай настаўніцай?

Гэтыя ўспаміны назаўсёды ў сэрцы… А вось дзяцінства яны ўжо пакінулі за школьнымі дзвярамі.

У чацвер выпускнікі ўсяго раёна развітваліся са сваімі навучальнымі ўстановамі і настаўнікамі, атрымлівалі пуцёўкі ў дарослае жыццё — атэстаты.

У вольнае плаванне школы раёна сёлета адправілі 240 выпускнікоў адзінаццатых класаў. 14 школьнікаў разам з атэстатам атрымалі залатыя медалі. Найбольшая колькасць медалістаў сёлета ў СШ №5: на выдатна гэтую навучальную ўстанову скончыла пяць чалавек. Чатыры выпускнікі атрымалі атэстаты асаблівага ўзору і залатыя медалі ў гімназіі, па два — у СШ №1 імя ЧБВА і СШ №3. Адзін вучань — у Ружанскай СШ. Яшчэ 82-м выпускнікам разам з дакументам аб заканчэнні школы былі выдадзены пасведчанні аб атрыманні кваліфікацыйнага разраду і прысваенні прафесіі.

Але пра важнасць гэтых дакументаў выпускнікі задумаюцца толькі ў ліпені. Тады, калі пачнецца ўступная кампанія ў ВНУ і каледжы. У свой выпускны вечар ужо былыя вучні СШ №4 прайшлі па чырвонай сцяжынцы і з лёгкасцю падымаліся за атэстатамі па тых самых прыступках, якія 11 гадоў таму здаваліся такімі цяжкімі…

Шмат цяжкасцей пераадолелі яны і на школьным шляху: кантрольныя, лабараторныя і практычныя работы, нарматывы па фізкультуры, удзел у конкурсах і алімпіядах, выпускныя экзамены… Таму ў гэты вечар ад 65-га выпуску чацвёртай школы гучалі словы падзякі настаўнікам і бацькам — тым, хто вучыў і дапамагаў усе адзінаццаць гадоў. Не засталіся ўбаку і дарослыя, якія падрыхтавалі для дзяцей многа вакальных і вершаваных сюрпрызаў, цёплых слоў і гарачых абдымкаў.

Тым часам над горадам заходзіла сонца, як бы знамянуючы, што школьнае жыццё для выпускнікоў завяршаецца. Але раніцай яно ўзышло зноў. Сонца новага, дарослага жыцця. У ім будзе шмат стартаў і дасягненняў, будуць промахі і няўдачы, каханне і часам расчараванне. А школа… Яна таксама будзе, калі праз пэўны час сёлетнія выпускнікі прывядуць у яе ўжо сваіх дзяцей.

Няхай усё ў вас абавязкова атрымаецца! Добрага вам шляху і шчаслівай жыццёвай гісторыі, выпускнікі!

Больш фотаздымкаў — на нашай старонцы УКантакце.

Уладзіслаў Шпарла, фота Кацярыны Масік