Суббота, 18 сентября 2021

Адкрыйце для сябе Венгрыю. У Пружанскім палацыку пачала работу выстава венгерскага Пасольства ў Беларусі

5 203

Пабываць у іншай краіне, палюбавацца яе відарысамі, пазнаёміцца са славутасцямі заўсёды цікава. А калі гэта не дазваляюць закрытыя межы ці фінансавае становішча? У такім выпадку на дапамогу прыходзіць Пружанскі палацык. У аўторак у музеі-сядзібе пачала работу перасоўная выстава «Адкрый для сябе Венгрыю».

Старшыня райвыканкама Юрый Бісун і пасол Венгрыі Жолт Чутора.

На ўрачыстае адкрыццё выставы ў Пружанах завіталі прадстаўнічыя госці. Ад імя раённых улад і ўсіх пружанцаў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Жолта Чутору, памочніка Ганаровага консула ў Брэсце У.А.Куляшова, літаратурнага перакладчыка Пэтэра Бараса і іншых гасцей вітаў старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун. Як падкрэсліў Юрый Юр’евіч, Беларусь і Венгрыя не маюць агульных межаў, але гэта не шкодзіць нашаму супрацоў-ніцтву. Кіраўнік раёна выказаў спадзяванне, што выстава стане стартавай пляцоўкай, якая дазволіць краіне і Пружаншчыне, у прыватнасці, пашырыць кантакты з венгерскім бокам.

Удзельнікі выставы.

Гісторыя і культура, дасягненні ў вобласці навукі і мастацтва, тэхнікі і эканомікі, спартыўныя поспехі, а яшчэ аб’екты, уключаныя ў спіс ЮНЕСКА, усё, чым славіцца Венгрыя, прадстаўлена на слайдах выставы. Пружаны сталі трэцім горадам, жыхары якога могуць пазнаёміцца з экспазіцыяй. Свой маршрут яна пачала ў Брэсце, затым выстаўлялася ў Чырвоных казармах Бярозы. І кожны раз выклікала цікавасць у людзей.

Народны струнны ансамбль «ARCHI».

Цудоўным акампанементам да выставы сталі музычныя творы ў выкананні народнага струннага ансамбля «ARCHI». Далей слова ўзяў пасол Венгрыі ў нашай краіне Жолт Чутора, які з замілаваннем гаварыў пра Беларусь. «Хоць нашы народы і розныя, усё ж ёсць якасці, якія аб’ядноўваюць беларусаў і венграў. Найперш гэта дабрыня, добразычлівасць і ветлівасць. Калі два з паловай гады таму я заняў сваю пасаду, сябры пыталіся ў мяне, чаму я вырашыў працаваць у Беларусі? Я сказаў, што тут атрымліваю пяць дадатковых гадоў жыцця. У вашай краіне чыстае паветра, працуе шмат кампаній, якія вырабляюць экалагічна чыстую прадукцыю, а людзі вельмі добрыя і адкрытыя», — адзначыў пасол.

Прадстаўнічыя госці, якія адкрылі выставу.

Пазней у гутарцы з карэспандэнтам Жолт Чутора прызнаўся, што ў Пружанах упершыню. Да наведвання палацыка, які вельмі ўразіў госця, ён паспеў пабываць у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Убачыў госць і нядаўна перададзеную храму ікону Маці Божай. У Пружаны, па словах Жолта Чуторы, выставу хацелася прывезці таму, што калісьці ў яго родным горадзе Казінцбарцыку таксама пражывала 20 тыс. чалавек. А вось пружанцам пасол параіў наведаць горад Эгер, які славіцца сваімі крэпасцямі, славутае возера Балатон, тэрмальныя крыніцы і, безумоўна, сталіцу Венгрыі – горад Будапешт.

Удзельнікі выставы.

Падчас адкрыцця выставы перад гасцямі выступіў таксама памочнік Ганаровага консула Венгрыі ў Брэсце, намеснік дырэктара па агульных пытаннях СП «Санта Брэмар» У.А.Куляшоў. Ён расказаў, што сем гадоў таму ў абласным цэнтры было адкрыта Генеральнае консульства Венгрыі. Летась яно атрымала статус Генеральнага ганаровага консульства ў Брэсцкім і Гродзенскім рэгіёнах. Асноўная яго задача — умацаванне міждзяржаўных і культурных сувязяў паміж дзвюма краінамі. І новая выстава таму пацвярджэнне.

Перакладчык Пэтэр Барас.

Першую экскурсію для прысутных правёў Пэтэр Барас. Літаратурны перакладчык расказаў, што ўжо 46 гадоў жыве ў Брэсце, таму горад стаў для яго другім домам. Аднак найперш ён узгадаў нашага знакамітага земляка, перакладчыка Васіля Сёмуху. «Ён, безумоўна, яшчэ зойме пачэснае месца ў сусветнай культуры. Пружанцы, вы павінны ганарыцца такім земляком. Толькі ўявіце: Васіль Сёмуха пераклаў «Фаўста» ў чатырох варыянтах, займаўся перакладам Бібліі… І гэта толькі малая частка. Лічу, у вашым горадзе павінен з’явіцца помнік гэтаму чалавеку», — сказаў Пэтэр Барас. А пасля расказаў пра славутыя месцы і помнікі сваёй Радзімы.

Народны струнны ансамбль «ARCHI».

Вельмі рэкамендуем пазнаёміцца з імі і вам. Выстава да 27 чэрвеня працуе на другім паверсе палацыка, у вялікай выставачнай зале. Завітайце сюды, каб адкрыць для сябе Венгрыю і, магчыма, пасля спланаваць паездку ў гэтую незвычайную краіну.

Уладзіслаў Шпарла, фота Кацярыны Масік