Суббота, 18 сентября 2021

У Пружанах ушанавалі памяць грамадскага і культурнага дзеяча Беларусі Лукаша Дзекуць-Малея

2 059

У нядзелю ў царкве евангельскіх хрысціян-баптыстаў, што на вул. Тармасава, адбылася вечарына з удзелам славутага брэсцкага музычнага гурта “Выратаванне”. Імпрэза і музычнае выступленне былі прысвечаны пратэстанцкаму прапаведніку, грамадскаму і культурнаму дзеячу Беларусі Лукашу Мікалаевічу Дзекуць-Малею. У 1931 г. ён разам з Антонам Луцкевічам ажыццявіў першы пераклад Новага Запавету і псалмоў на сучасную беларускую мову, але яго імя незаслужана забыта нашчадкамі.

Як нагадалі выступоўцы, Лука Дзекуць-Малей нарадзіўся ў 1888 г. у Слонімскім павеце ў настаўніцкай сям’і. Пазней сам працаваў настаўнікам. Перад Першай сусветнай вайной быў прызваны ў царскае войска ў Беластоку, дзе і сутыкнуўся з пратэстантамі. Пад іх уплывам стварыў асобную суполку і прапаведаваў на Гродзеншчыне і Брэстчыне, у тым ліку і ў Пружанскім раёне, за што ў 1912 г. быў арыштаваны ў Лыскаве і заключаны ў Брэсцкую турму.

У “польскія часы”быў зацятым праціўнікам паланізацыі беларускіх земляў, выдаваў уласны баптысцкі друкаваны орган на беларускай мове. Па ініцыятыве Лукі Малея ў Брэсце былі арганізаваны пчалярскія, кравецкія, харавыя курсы, створаны дзіцячы прытулак для сірот і нядзельная школа, у якой дзеці, акрамя багаслоўскіх навук, атрымлівалі веды і па агульнаадукацыйных прадметах. У доме прапаведніка галодныя заўсёды маглі разлічваць, што падсілкуюцца, а бяздомныя, што знойдуць дах над галавой.

19 чэрвеня 1941 г. Дзекуць-Малей разам з сям’ёй быў арыштаваны органамі НКУС і прыгавораны да смяротнага пакарання. Жонку з пяццю дзецьмі выслалі ў Алтайскі край. Але прысуд над пастарам не паспелі выканаць. 22 чэрвеня ў Брэст увайшлі немцы…

У 1943 годзе за дапамогу мясцовым яўрэям прапаведнік быў высланы нямецкімі ўладамі ў працоўны лагер у Ліпянах, каля Шчэціна. Пасля вызвалення жыў у Польшчы, быў акруговым прасвітарам у Гданьску…
Памёр у 1955 г.

Як пісалі тагачасныя газеты беларускіх дыяспар у Еўропе і ЗША, “у асобе Лукаша Дзекуць-Малея пайшоў у вечнасьць чалавек незвычайна моцнай волі, які вельмі любіў Бога, сваю Радзіму і чалавека”.

Алеся Смайлік